«Адпусціце гэтую сітуацыю...» Палітзняволены журналіст Павал Мажэйка даслаў з турмы першы ліст


Пра тое, што палітычны вязень Павел Мажэйка даслаў на волю першы ліст, а таксама атрымаў першы ліст з волі, паведаміла ў «Facebook» жонка журналіста Ірына Чарняўская. Яна апублікавала на сваёй старонцы ўрывак ліста ад мужа.

«Дарагія мае! Просьба да ўсіх дарослых: адпусціце гэтую сітуацыю, не нагнятайце, не думайце пра яе шмат, іначай яна з’есць вас знутры. Жыццё ідзе далей, пражывайце яго так, каб было што мне расказаць, калі мы сустрэнемся», – напісаў Павал Мажэйка ў лісце.

Журналіста затрымалі 30 жніўня, калі той прыехаў у Горадню з Польшчы. У той жа дзень у кватэры і ў доме ў вёсцы Паўла адбыліся ператрусы. 20 верасня праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала мужчыну палітычным вязнем. Што канкрэтна інкрымінуюць журналісту, невядома, але на яго завялі крымінальную справу.

Павал Мажэйка – стваральнік Цэнтру гарадскога жыцця ў Горадні. У 2022 годзе ўстанову на ініцыятыву пракуратуры зліквідавалі.

26 красавіка 2021 года на Паўла Мажэйку, мастака Алеся Пушкіна ды «іншых асобаў» завялі крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 130 КК за нібыта рэабілітацыю і апраўданне нацызму. Прычына – дэманстрацыя 19 сакавіка 2021 года на выставе ў Цэнтры гарадскога жыцця партрэта беларускага антысавецкага дзеяча Яўгена Жыхара. Пазней Паўла адпусцілі, бо «зніклі падставы для затрымання».

Паўла Мажэйку ўжо амаль месяц утрымліваюць за кратамі ў Гарадзенскай турме № 1. Ён бацька дваіх дзяцей. У 2002–2004 гадах журналіст адбываў «хімію» за «паклёп на прэзідэнта».

зона.бел
Этап, горш за які няма: што хаваецца за мурамі гарадзенскай турмы
2022.05.22 08:35

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў