Як ціснуць на 25-гадовага Ціхана Восіпава, якому прысудзілі 11 гадоў калоніі


25-гадовы інжынер БНТУ Ціхан Восіпаў у зале суда. 27 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Асуджанага за наезд на вайскоўцаў 25-гадовага палітвязня Ціхана Восіпава пазбаўляюць спатканняў з роднымі, знішчаюць лісты і змяшчаюць у ШІЗА.

Інжынера БНТУ Ціхана Восіпава ў траўні асудзілі да 11 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за тое, што ў ноч з 10 на 11 жніўня 2020 года ён нібыта адмовіўся выйсці са свайго аўтамабіля BMW на загад міліцыі, наехаў на пяцярых вайскоўцаў унутраных войскаў, а пасля патапіў машыну ў водасховішчы. Восіпава прызналі вінаватым адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: «Замах на забойства вайскоўцаў» (ч. 1 арт. 14 і 362), «Удзел у масавых беспарадках» (ч. 2 арт. 293) і «Загадзя непраўдзівы данос» (ч. 1 арт. 400).

З 15 жніўня Ціхан пачаў адбываць пакаранне ў калоніі № 15 пад Магілёвам. Пасля этапу ў калонію палітвязня павінны былі адправіць на каранцін, але ён апынуўся адразу ў ШІЗА нібыта за парушэнне правілаў унутранага распарадку.

Вольга Восіпава, жонка Ціхана, паведаміла праваабаронцам «Вясны», з якім ціскам за паўтара месяца ў калоніі сутыкнуўся ейны муж, і за што яго псадзілі ў ШІЗА.

Вольга Восіпава, жонка 25-гадовага інжынера БНТУ Ціхана Восіпава.
Фота: АК / Белсат

Праз чатыры дні пасля этапу ў калонію Вольга атрымала ад мужа ліст, які Ціхан пачаў яшчэ ў турме, але дапісаў у калоніі:

«Этапавалі з суботы на нядзелю. Усё добра. На тэрыторыі вельмі шмат дрэваў, яны радуюць вочы. Я кайфую ад іх, карацей. На гэтым заканчваю. Вельмі цябе кахаю», – піша Ціхан.

Аднак пасля гэтага ад Ціхана не было ніякіх вестак. 25 жніўня Вольга прыехала ў папраўчую калонію, але перадачы не прынялі , бо Ціхан – у штрафным ізалятары.

Адвакат да Ціхана трапіў толькі 31 жніўня. Высветлілася, што на наступны дзень пасля этапу палітвязня пакаралі тыднем у ШІЗА за адмову «ўстаць і назвацца» перад супрацоўнікамі адміністрацыі. Пасля дадалі яшчэ сем содняў за тое, што ён «прылёг у неналежны час». Такім чынам адразу пасля этапу Восіпава ўтрымлівалі ў ШІЗА два тыдні.

Акрамя гэтага, жонцы паведамілі, што палітвязня пазбавілі рэжымнай перадачы, якіх дазволена толькі тры на год, а таксама адной з двух бандэроляў. Наступны раз перадачу Ціхану можна будзе перадаць толькі 24 снежня. Таксама ў калоніі ў палітзняволенага пачаліся праблемы з ліставаннем, кажа Вольга. Ён атрымлівае лісты толькі ад родных і некаторых сяброў. Акрамя гэтага, Ціхану ўжо двойчы прыносілі акты аб знішчэнні лістоў, якія не прайшлі цэнзуру. Адзін з лістоў напісала маці Вольгі.

Гісторыі
«Не ведаю ніводнага выпадку, каб ён з кімсьці пабіўся». Гісторыя Ціхана Восіпава, якога абвінавацілі ў наўмысным наездзе на сілавікоў
2021.05.28 09:00

За парушэнне правілаў унутранага распарадку Восіпава на чатыры месяцы пазбавілі кароткатэрміновага спаткання , а працяглага – на паўгода. Улічваючы колькасць дазволеных спатканняў ва ўзмоцненым рэжыме, у Ціхана засталіся толькі два кароткатэрміновых і адно працяглае спатканні.

За той час, як Ціхан застаецца ў калоніі, ён змог патэлефанаваць жонцы толькі двойчы, хоць званкі з калоніі дазволеныя адзін раз на тыдзень працягласцю да 15 хвілін – згодна з раскладам атраду. Ціхану дазваляюць размаўляць толькі па пяць хвілін. Адзін са званкоў Ціхан прапусціў, бо былі праблемы з таксафонам.

З пачатку верасня палітвязня перавялі ў атрад, дзе ён працуе на вырабе лучыны – гэта шчэпка для распальвання вогнішча. Жонка палітвязня распавядае, што Ціхан сумаваў па працы, бо за мінулы год у СІЗА амаль нічым не займаўся, таму ён рады нават і гэтаму.

Артыкулы
Нашыя героі і пакутнікі: 10 найбольш цяжкіх прысудаў па палітычных справах
2021.09.09 16:53

АД, belsat.eu

 

Стужка навінаў