«Ворагі бачацца з усіх бакоў». За што ўлады абрынуліся на рабочых і як «не змарнаваць магчымасці»


13 беларускіх рабочых з розных заводаў цяпер утрымліваюцца ў СІЗА КДБ паводле абвінавачанняў у здрадзе дзяржаве і стварэнні экстрэмісцкага фармавання. Разбіраемся з экспертамі ў прычынах такіх абвінавачанняў і перспектывах страйкавага руху.

Мітынг у Жодзіна
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

13 «шпіёнаў» на заводах

Хваля затрыманняў завадчанаў і стачкамаўцаў з «Горадня Азоту», Беларускага металургічнага заводу, Беларускай чыгункі і «Нафтану» пракацілася па краіне 21–23 верасня.

Як заявіў 23 верасня Аляксандр Лукашэнка, на заводах ёсць людзі, якія «ставяць перад сабой мэту праінфармаваць калектыўны Захад пра тое, як Пархомчык [міністр прамысловасці Пётр Пархомчык. – Рэд. Belsat.eu] з Назаравым [віцэ-прэм’ерам Юрыем Назаравым. – Рэд. Belsat.eu] спрабуюць абысці санкцыі». Паводле яго, гэтыя шпіёны «сядуць надоўга».

Hавiны
Дзяржмедыі раскрылі падрабязнасці крымінальнай справы за «шпіянаж» на заводах
2021.09.26 22:57

У сваю чаргу дзяржаўны тэлеканал ОНТ 26 верасня паказаў сюжэт пра затрыманні работнікаў. Паводле яго, у крымінальнай справе арганізацыі «Рабочы рух» затрыманыя 13 чалавек. Паводле дзяржаўнага тэлебачання, яны пад кантролем спецслужбаў ЗША і Літвы хацелі арганізаваць на беларускіх прадпрыемствах забастоўкі, прамысловы шпіянаж, дыверсійную дзейнасць і пагрозы кіраўніцтву, чыноўнікам сілавікам. У якасці доказаў «падрыўной дзейнасці» ў эфіры ОНТ паказалі ўрыўкі канферэнцыяў у «Zoom» і фрагмент допыту невядомага чалавека.

Праваабаронцы заяўляюць, што ўсім ставіцца ў віну арт. 356 КК («Здрада дзяржаве») і арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання»). У дачыненні некаторых затрыманых ідзе гаворка і пра іншыя артыкулы, напрыклад, арт. 357 КК («Змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»). Пагражае затрыманым да 15 гадоў зняволення.

Каго затрымалі

Паводле «Вясны», спіс затрыманых выглядае так:

  • Сяргей Шэлест, былы апаратнік цэху «Аміяк-3» ААТ «Горадня Азот» (СІЗА КДБ);
  • Андрэй Пагерыла, былы слесар-рамонтнік цэху «Аміяк-3» ААТ «Горадня Азот», (СІЗА КДБ);
  • Уладзімір Жураўка, былы аператар ДПУ цэху «Аміяк-3» ААТ «Горадня Азот», (СІЗА КДБ);
  • Андрэй Башан, працаўнік цэху «Аміяк-3» ААТ «Горадня Азот», (СІЗА КДБ);
  • Валянцін Цераневіч, памочнік майстра на заводзе «Хімвалакно» (уваходзіць у склад ААТ «Горадня Азот»), намеснік старшыні Беларускага незалежнага прафсаюзу «Горадня Азоту»;
  • Вадзім Яфіменка, працаўнік ААТ «Хімвалакно»;
  • Дзмітрый Елісееў, працаўнік БМЗ (гомельскі СІЗА №3);
  • Святлана Зыль, былая працаўніца БМЗ (гомельскі СІЗА №3);
  • Аляксандр Гашнікаў, працаўнік БМЗ (СІЗА КДБ);
  • Сяргей Дзюба, Беларуская чыгунка (СІЗА КДБ);
  • Максім Саковіч, старэйшы энергадыспетчар Беларускай чыгункі (СІЗА КДБ);
  • Ганна Аблаб, Беларуская чыгунка (СІЗА КДБ);
  • Аляксандр Капшуль, былы юрысконсульт ААТ «Нафтан», заводу «Палімір» (СІЗА КДБ).

Працягнулася зачыстка рабочых і 27 верасня. Гэтак, затрыманні маглі адбывацца на Беларускім металургічным заводзе ў Жлобін. Таксама пасля пасля ператрусу на працоўным месцы затрымалі інжынера-канструктара «Нафтану» Аляксандра Балонкіна.

«Ворагі бачацца з усіх бакоў»

Глеб Сандрас, прадстаўнік «Рабочага руху», паведаміў «Белсату», што ўсім затрыманым знайшліх добрых адвакатаў. Што датычыць самога факту затрыманняў, то, на ягоную думку, іх «дэтанатарам» стала абвяшчэнне перадстрайкавага становішча.

У сваю чаргу беларускі палітолаг Валер Карбалевіч звязвае гэтыя арышты і крымінальную справу з сітуацыяй «ваяўнічай напружанасці і надзвычайнасці», у якой жыве беларускі рэжым, калі «ворагі бачацца з усіх бакоў».

«І дастаткова маленькага сігналу пра тое, што рыхтуецца нейкі страйк, як ідзе такая рэакцыя. Тут усё намешана: і інфармацыя пра страйк, і страх ад магчымых наступстваў санкцыяў, і жаданне з гэтай нагоды нанесці ўдар па незалежных прафсаюзах», – адзначыў палітолаг.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Глабальнай жа прычынай такіх паводзінаў ён лічыць адсутнасць у рэжыму зваротнай сувязі з грамадствам, бо «ён не ведае, што насамрэч адбываецца, якія настроі, ці гатовыя страйкаваць, ці не гатовыя».

«Таму на гэтыя сігналы, якія ідуць з замежных цэнтраў, яны рэагуюць адзіным магчымым чынам, які яны сёння выкарыстоўваюць – гэта гвалт, хапун, арышты актывістаў, у тым ліку тых, хто ўжо даўно не працуе, але засвяціўся падчас падзеяў мінулай восені. Таму хапаюць усіх, а пасля будуць разбірацца, хто і што да чаго», – мяркуе Валер Карбалевіч.

Пры гэтым ён сумняваецца ў праўдзівасці выстаўленых абвінавачанняў у тым, што звычайныя рабочыя, якія не маюць дачынення да адміністрацыі, маглі перадаваць нейкую інфармацыю.

«Вельмі важна не змарнаваць гэтую магчымасць»

Глеб Сандрас адзначыў, што страйкамы як арганізаваныя інстытуцыі ўсе цяпер разгромленыя. Засталіся толькі актыўныя людзі, большасць якіх звольнілі з працы. Пры гэтым ад рабочых, прынамсі перад пачаткам затрыманняў, назіраўся рост актыўнасці, прыходзілі паведамленні пра гатовасць да страйку, але пра масавасць гэтай з’явы пакуль цяжка сказаць.

«Як гэта будзе далей развівацца, будзем высвятляць і вырашаць. Але вельмі важна не змарнаваць гэтую магчымасць. Абвесціць нейкую дату і не несці за гэта адказнасці мы не можам. Гэта сапраўды павінна быць нечым масавым. Тым, што сапраўды паўплывае на сітуацыю», – падкрэсліў Глеб Сандрас.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Пры гэтым прадстаўнік «Рабочага руху» нагадаў, што для дзейнага рэжыму людзі «не ўяўляюць ніякай каштоўнасці, у тым ліку рабочыя». У якасці прыкладу ён прывёў Менскі водаканал, дзе, паводле яго, масава звальняюць нязгодных, нягледзячы нават на недахоп кадраў і рост колькасць аварыйных сітуацыяў.

Тым часам, пакуль пісаўся гэты матэрыял, прыйшлі паведамленні з Менскага хлебазаводу № 3. Там, як піша Беларускае аб’яднанне рабочых, ужо другі дзень страйкуюць кіроўцы, незадаволеныя атрыманым заробкам.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў