У Варшаве з’явiлася свая плошча Пераменаў


26 верасня ў Варшаве адкрылі плошчу Свабоды як адказ на менскую плошчу Пераменаў, вядомую сваёй самаарганізацыяй. У прасторы «Młodsza Siostra» на вуліцы Добра 14/16 цяпер стаіць каменная скульптура «Ў».

Скульптура «Ў» Натана Крышка на плошчы Свабоды ў Варшаве. 26 верасня 2021 года. Варшава, Польшча.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Шмат разоў чула, што беларусам няма месца ў Варшаве для сустрэчаў»

Маніка Орпік – польская фатографка-дакументалістка. Год таму яна пачала працаваць над кнігаю «Суседзі», пра беларусаў, які жывуць у Польшчы, і задалася пытаннем, чым можа дапамагчы. Як і шмат іншых палякаў. Людзі збіралі грошы і рэчы, выходзілі на пратэсты да беларускай амбасады, дапамагалі жытлом і працаю.

«Плошча Свабоды» – гэта месца для сустрэчаў беларусаў, але не толькі для беларусаў. Палякі разам з беларусамі могуць стварыць прастору і для адпачынку, і для супрацы».

Фотадакументалістка Маніка Орпік на адкрыцці плошчы Свабоды ў Варшаве. 26 верасня 2021 года. Варшава, Польшча.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Беларусы часта не маюць досведу ў супрацы з еўрапейскім светам культуры»

На адкрыцці плошчы Свабоды сустрэліся беларускія арганізацыі, якія дапамагаюць беларусам у Польшчы, і палякі, якія хочуць дапамагчы суседзям. Прадстаўнікі Цэнтру беларускай салідарнасці (ЦБС), фонду «Humanosh» і Моладзевага хабу паднялі пытанні культурніцкіх і навуковых дзеячаў, вымушаных пераехаць у Польшчу.

Цэнтр беларускай салідарнасці ўзнік праз патрэбы беларусаў год таму: ад збору рэчаў да пошуку працы і дапамогі з дакументамі.

«Залаты фонд нашага народу не мусіць працаваць у «Бедронцы» (польская сетка крамаў) і пайсці прыбіраць. Гэта людзі навукі і культуры. Мы стараемся дапамагаць ім займацца тым, чым яны займаліся раней. Гэта прадстаўнікі элітаў, яны набліжаюць перамогу і перамены», – зазначыў Анатоль Міхнавец, прадстаўнік ЦБС.

«Мы вельмі спадзяемся, што ў Беларусі хутка зменіцца сітуацыя. Беларусы вернуцца дамоў, і кантакты, якія завяжуцца, застануцца, будзе супраца дзвюх незалежных краінаў», – падзялілася Стася Гліннік з Моладзевага хабу.

«Нашая мэта не толькі дапамагчы, але і распавесці, што такое ўвогуле Беларусь. Беларусы – гэта не людзі з іншай планеты. У Польшчы студэнту, які вучыцца ва ўніверсітэце, 20 гадоў. У Беларусі ў гэты час такі ж студэнт атрымае 2 гады толькі за тое, што выйшаў на пратэст», – адзначае Бажэна Шамовіч, прадстаўніца Моладзевага хабу.

Прадстаўнікі Цэнтру беларускай салідарнасці (ЦБС), Фонда Гуманоша і Моладзевага Хаба на панэльнай дыскусіі. 26 верасня 2021 году. Варшава, Польшча.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Пасля дыскусіі прайшоў канцэрт сімвалічных дыджэяў пераменаў.

Разынкай вечара стаў канцэрт электроннай музыкі SYNTRIG – адлюстраванне навакольнага свету ў выглядзе музыкі, створанай з дапамогай машын. Паслухаць можна – тут.

Svmerki – суарганізатары музычнай часткі. Раім падпісацца на іх суполку ў Фэйсбуку, калі вы жывеце ў Варшаве.

Караліна Палякова за дыджэйскім пультам на адкрыцці Плошчы Свабоды ў Варшаве. 26 верасня 2021 году. Варшава, Польшча.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Плошчу Свабоду ў Варшаве можна знайсці на вуліцы Добра 14/16. Недалёка месціцца мурал Марыі Калеснікавай (Солец 38).

Мурал Марыі Калеснікавай у Варшаве.Верасень 2021 году. Варшава, Польшча.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Калі вы хочаце дапамагчы беларусам, якія цяпер у Польшчы, або вам патрэбная дапамога, заходзьце на сайты і суполкі для беларусаў у Польшчы.

Belarusam.pl – старонка з інфармацыяй пра ініцыятывы ды арганізацыі, што дапамагаюць беларусам у Польшчы.

Суполкі беларусаў Польшчы ў сацыяльных сетках:

Беларусы ў Польшчы

Беларусы ў Варшаве

«Młodsza Siostra»

Аліса Ганчар, belsat.eu

Стужка навінаў