«Ніхто не верыць, што Дзіма мог на такое пайсці». Размова з жонкай абвінавачанага ў нападзе на Азаронка


Дзмітрыя Сасноўскага, 31-гадовага жыхара Ліды, затрымалі 1 ліпеня 2021 года нібыта падчас спробы замаху на работніка тэлеканалу СТВ Рыгора Азаронка. На волі Дзмітрыя чакае сям’я: 6-гадовы сын штодня пытае, дзе тата, маці плача, жонка шукае сродкі на адвакатаў. Пісаць лісты мужчыну могуць толькі самыя блізкія, называць адрас утрымання родным забаранілі.

Аксана Сасноўская з сынам. Ліда, Беларусь. 24 верасня 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

Помста за актыўнасць у тэлеграм-каналах?

Пра напад на Рыгора Азаронка апавёў у эфіры дзяржаўных тэлеканалаў 2 ліпеня Аляксандр Лукашэнка. Нападнік нібыта хацеў адрэзаць журналісту СТВ язык. Пазней паказалі сюжэт, у якім затрыманы падчас спробы замаху мужчына распавядаў пра дэталі плану. Гэта лідчанін Дзмітрый Сасноўскі. «Белсат» паразмаўляў з ягонаю жонкай Аксанаю пра тое, што ж адбылося 1 ліпеня і як цяпер жывуць Дзмітрый ды ягоная сям’я.

Аксана Сасноўская ні на хвіліну не верыць у тое, што распавядаюць пра мужа на дзяржаўным тэлебачанні:

«Я перакананая, што насамрэч усё не так. Я ведаю свайго мужа не першы год. Ён разважлівы, цярплівы, спакойны, добразычлівы, не здольны на неабдуманыя, раптоўныя дзеянні. Я ўпэўненая, што ён прыйшоў на тое месца не з мэтаю здзейсніць напад. Магчыма, яму там прызначылі нейкую сустрэчу і так падставілі».

Аксана Сасноўская. Ліда, Беларусь. 24 верасня 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

Аксана мяркуе, што мужа затрымалі і павесілі на яго справу праз тое, што ён быў актыўным у тэлеграм-каналах, адміністраваў некаторыя з іх, і ўся гэта гісторыя – помста сілавікоў. Іншых тлумачэнняў таго, што адбылося, жанчыны не мае. У акцыях Дзмітрый удзелу не браў. Пасля затрымання за нібыта распаўсюд улётак у жніўні 2020 года, яшчэ да выбараў, Аксана не пускала мужа на пратэсты. Раней таксама нідзе ў палітычнай дзейнасці лідчанін не свяціўся, цікавіцца палітыкаю пачаў толькі пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў.

Напярэдадні затрымання Дзмітрый быў удома, не перажываў, не нерваваўся, паводзіў сябе вельмі спакойна, распавядае Аксана:

«Я схадзіла да доктара, Дзіма забраў мяне, мы прыехалі разам дамоў, мне трэба было ісці працаваць [Аксана працуе манікюрніцай. – Заўвага ГГ], сказала яму, каб без мяне абедаў. Усё было як звычайна. Я думаю, калі б ён сапраўды збіраўся на нейкую такую справу, ён бы, напэўна, неяк нерваваўся. Нешта б выдала яго ўсё роўна, я ж не першы год яго ведаю. Пакуль я працавала, чула, як ён сеў у машыну і з’ехаў.

Забаранілі казаць, дзе муж

Ужо ў дарозе Сасноўскі даслаў жонцы паведамленне, што з’ехаў па працоўных пытаннях і вернецца заўтра. Сітуацыя была не вельмі тыповая, але Дзмітрый якраз шукаў заробку: нейкі час падпрацоўваў таксоўцам, але хацеў уладкавацца паводле спецыяльнасці, электрамантажнікам. Жанчына падумала, што прычынай ад’езду магла стаць нейкая вакансія.

Сямейны альбом Аксаны і Дзмітрыя Сасноўскіх. Ліда, Беларусь. 24 верасня 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

Увечары Аксана тэлефанавала мужу – ён не адказваў:

«На наступную раніцу тэлефон быў недасяжны. Такіх знікненняў з ім раней не здаралася. Я спрабавала спісаць усё на тое, што ў яго разладаваўся тэлефон, але ў той жа час вельмі перажывала. А ўвечары да нас дамоў прыйшлі з ператрусам. Тады я зразумела, што нешта здарылася».

Ператрус правялі таксама ў бацькоў Дзмітрыя. Сілавікі нічога не патлумачылі Аксане, яна сама шукала інфармацыю ў інтэрнэце ўжо пасля іхнага сыходу. А потым убачыла сюжэт на тэлебачанні пра напад на Азаронка.

«Я была шакаваная. Ніяк не магла ўявіць сабе, што такое можа адбыцца з маёй сям’ёй, – згадвае лідчанка. – Я вельмі злавалася: думала, куды мой муж уліп, што адбылося. Але трэба было браць сябе ў рукі. Дзіму была патрэбная дапамога, а не мае эмацыйныя выбухі».

Неўзабаве з Аксанаю звязаўся першы адвакат Дзмітрыя. Шмат расказаць не змог, але жанчына хоць даведалася, дзе ейны муж. Назваць адрас і заклікаць падтрымаць Дзмітрыя лістамі Аксана не можа: падпіскай ёй гэта забаранілі. Пісаць Сасноўскаму могуць толькі яна і бацькі.

Сын Аксаны і Дзмітрыя Сасноўскіх рыхтуе малюнак для бацькі. Ліда, Беларусь. 24 верасня 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

Адвакаты таксама пад падпіскаю, таму пра хаду следства нічога не распавядаюць.

«Пра што б я ні пытала, у іх адзін адказ: маўляў, мы не хочам туды ж, дзе ваш муж», – тлумачыць жонка вязня.

«Навошта следства і суд, калі ўсё ўжо вырашана?»

У лістах Дзмітрый таксама не можа шмат распавядаць. Піша, што побытавыя ўмовы яго задавальняюць, сукамернікі добрыя – усе паводле палітычных артыкулаў. Вельмі перажывае праз сюжэты пра сябе на дзяржаўным тэлебачанні: у камеры дазволена глядзець тэлевізар, і ён усё гэта бачыць. Баіцца, што людзі ў гэта павераць і адвернуцца ад яго.

«Я пераконваю яго, што ніхто ад яго не адвярнуўся, што ўсе падтрымліваюць і чакаюць яго, – зазначае жанчына. – І гэта насамрэч так. Усе, хто бачыў гэтыя агідныя сюжэты, кажуць мне, што Дзіма і тое, што пра яго распавядаюць, – несумяшчальна. Сапраўды, у жыцці ён зусім іншы, я не пазнаю яго ў гэтых сюжэтах. Ён проста не мог пайсці на такую справу».

Аксана піша Дзмітрыю. Ліда, Беларусь. 24 верасня 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

Падтрымліваюць Аксану і ейныя кліенты: заўсёды пытаюць, што новага чуваць у справе.

А Дзмітрый перажывае яшчэ і за той тэрмін, які могуць даць, ён немалы. Баіцца, што не пабачыць, як расце сын. У верасні Сасноўскага дадалі ў спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці. Аксана кажа, што для яе гэта не было нечаканасцю на фоне астатніх падзеяў, але моцна раззлавала:

«Я не разумею, як яго маглі залучыць у гэты спіс, калі суда яшчэ не было. Навошта тады следства і суд, калі ўсё ўжо вырашана?»

Але ў той жа час Аксана стараецца і мужа падтрымаць, і сама трымацца ды не раскісаць.

«Бываюць моманты, калі хочацца апусціць рукі і сказаць, што я больш не магу. Але я разумею, што нельга. Дзіму там вельмі няпроста, і хто яму дапаможа, калі не самыя блізкія людзі? – кажа жанчына. – Мне сумна, я адчуваю пустку без яго, але я веру, што хутка гэта ўсё скончыцца і Дзіма вернецца дамоў, мы зноў усе будзем разам і забудзем гэта як страшны сон. Я не веру, што ён будзе доўга сядзець. Сітуацыя ў краіне абавязкова зменіцца».

«Сын штодня пытае, дзе тата, нешта для яго малюе»

Каму цяпер цяжка, дык гэта бацькам Дзмітрыя, кажа Аксана:

«Ягоная мама дасюль плача, калі мы пра яго размаўляем. Яны не разумеюць, як такое магло адбыцца. Гэтая гісторыя па іх вельмі ўдарыла. Я бачу, што ім цяжка. Такое пачуццё, што ў іх жыццё спынілася і больш нічога добрага не будзе. Стараюся і іх, наколькі магу, падтрымліваць».

Аксана і Дзмітрый пазнаёміліся ў 2013 годзе, а ажаніліся ў 2015-м. Неўзабаве нарадзіўся сын Цімафей.

Сын Аксаны і Дзмітрыя Сасноўскіх. Ліда, Беларусь. 24 верасня 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

Аксана кажа, што ахарактарызаваць Дзмітрыя як мужа і бацьку можа толькі са станоўчага боку. Значнаю перавагай яшчэ да вяселля было тое, што мужчына сур’ёзны, не выпівае.

«У сямейным жыцці ён клапаціўся пра нас з сынам, шмат часу з ім бавіў. Дзіма вельмі спакойны, ураўнаважаны. Калі я больш эмацыйная, то ён – не: умеў пачакаць, залагоджваць канфлікты, – адзначае жанчына. – Ён павольны, яму трэба некалькі разоў усё пераправерыць. Паводле спецыяльнасці ён электрамантажнік, некалькі разоў вымяраў правады, каб усё зрабіць правільна, не памыліцца».

Дзмітрый вельмі любіць свайго сына, яны шмат часу бавілі разам, ездзілі на рыбу. Сёлета Цімафею споўнілася 6 гадоў, і гэта быў першы ягоны дзень народзінаў без бацькі. Сын вельмі сумуе, штодня пытае пра тату, нешта для яго малюе. Аксана пакуль кажа яму, што тата з’ехаў працаваць.

На адвакатаў трэба Br 6000

У сына праблемы са здароўем: прыроджаны парок сэрца, дызартрыя. На абследаванні, розныя працэдуры, лячэнне сыходзіць шмат грошай. Даходу Аксаны хапае на аплату здымнай кватэры, ежу і заняткі для Цімафея. А цяпер яшчэ дадалася значная крыніца выдаткаў – паслугі адвакатаў. На першым этапе Аксана разам з бацькамі Дзмітрыя скідваліся, трацілі ашчаджэнні, якія амаль скончыліся. Таму жонка вязня адкрыла дабрачынны збор на платформе «BySol».

«На адвакатаў за месяц сыходзіць у сярэднім 1200 рублёў. Гэта залежыць ад колькасці візітаў. Адзін візіт каштуе 400 рублёў. Звычайна за месяц тры візіты на нейкія следчыя дзеянні, – падлічвае жанчына выдаткі. – На перадачы каля 200 рублёў сыходзіць. Калі следства працягнецца яшчэ паўгода, то нам трэба прыкладна 6000 рублёў».

Аксана Сасноўская з сынам. Ліда, Беларусь. 24 верасня 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

Аксана просіць неабыякавых людзей дапамагчы, а таксама стараецца верыць, што Дзмітрый хутка будзе ўдома. З’язджаць з краіны жанчына не збіраецца: не хоча кідаць дому, радзімы. У той жа час бяспечна лідчанка сябе тут не адчувае:

«Я цяпер жыву і не ведаю, што са мною ды маёй сям’ёй будзе заўтра».

Ганна Ганчар, belsat.eu

Стужка навінаў