Латушка: «Лукашэнка рыхтуе канфлікт на мяжы з Еўразвязам»


Апазіцыйны палітык папярэдзіў: на падставе нядаўніх навінаў можна зрабіць выснову, што рыхтуецца сур’ёзная правакацыя на мяжы.

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка ў відэазвароце згадаў учорашнюю заяву дзяржаўнага сакратара Савету бяспекі Аляксандра Вальфовіча аб тым, што «палякі і літоўцы спрабавалі выштурхнуць на тэрыторыю Беларусі больш за 8500 уцекачоў» і ўчорашнія расповеды камандуючага Унутранымі войскамі Мікалая Карпянкова аб тым, што нібыта «пад выглядам вяртання мігрантаў да нас закідваюць тэрарыстаў і экстрэмістаў», «па ўсёй Заходняй Еўропе збіраюць ідзілаўцаў». Таксама Латушка згадаў, што старшыня Памежнага камітэту Анатоль Лапо адначасова з Аляксандрам Лукашэнкам лётаў у Расею.

«Усё гэта можа казаць пра тое, што нелегітымныя ўлады Беларусі рыхтуюць правакацыю на мяжы, – кажа Латушка. – У бліжэйшы час можна чакаць прарыву якраз-такі з тэрыторыі Беларусі тысяч мігрантаў з выкарыстаннем стралковай зброі і правакавання вайсковага канфлікту на лініі мяжы».

Паралельна з заявай Латушкі блізкі да прэс-службы Лукашэнкі Telegram-канал «Пул первого» анансаваў нараду Лукашэнкі з кіраўніцтвам сілавога блоку. На фота сярод іншых відаць і старшыню Камітэту дзяржаўнай бяспекі, і міністра ўнутраных справаў.

Абноўлена. На нарадзе Лукашэнка назваў сітуацыю на мяжы «гуманітарнай катастрофай», але абвінаваціў у гэтым краіны, якія прымаюць уцекачоў. Тое, што ён сам арганізаваў міграцыйны крызіс, Лукашэнка назваў «лухтой»: маўляў, гэта Еўразвяз нібыта клікаў да сябе мігрантаў і рабаваў іхныя родныя краіны. Людзей у Беларусь перавозіць «міжнародная банда», сказаў ён: карыстаюцца бязвізавым рэжымам, вядуць людзей праз мяжу. Пра процідзеянне гэтаму або пра прыём уцекачоў у Беларусі Лукашэнка не казаў, хоць і заяўляў, што «гэта ж не справа, што людзі пакутуюць», «трэба дапамагаць».

ВІДЭА
«Ён бярэ на сябе самую брудную працу». Лукашэнка атакуе суседзяў на загад Пуціна?
2021.09.24 17:05

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў