Галоўная мэта рэжыму Лукашэнкі ў міграцыйным крызісе


КДБ ды іншыя беларускія спецслужбы не маюць сетак на Блізкім Усходзе. Такія сеткі маюць расейскія спецслужбы. А значыць нельга выключыць, што міграцыйны крызіс адбываецца таксама дзякуючы супрацоўніцтву расейскага боку з беларускім. Так заявіў польскі палітолаг Войцех Каноньчук, намеснік дырэктара варшаўскага Цэнтру ўсходніх даследаванняў. Гэта ўрадавы аналітычны інстытут, якія даследуе дзяржавы былога Савецкага Саюзу. Ці мог польскі міністр замежных справаў абмяркоўваць з кіраўніком расейскай дыпламатыі Сяргеем Лаўровым міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі з Польшчаю? Якія перспектывы ў канфлікту Лукашэнкі з Захадам? Інтэрв’ю Сяргея Пелясы з аналітыкам.

С. П.: У Нью-Ёрку ў ААН сустрэліся міністр замежных справаў Польшчы Збігнеў Раў з міністрам замежных справаў Расеі Сяргеем Лаўровым. Зразумела, што гэтая сустрэча была кароткай і пераважна датычылася будучага старшынёўства Польшчы ў АБСЕ. Як вы лічыце, ці маглі яны абмяркоўваць іншыя пытанні? Напрыклад, ці мог польскі міністр папрасіць ці намякнуць расейскаму калегу, каб Крэмль крыху паўстрымаў лукашэнкаўскую хвалю мігрантаў, каб Менск паменшыў плынь нелегальнай міграцыі супраць Польшчы?

В. К.: Ведаеце, не выключана. Так, гэтая сустрэча была, хаця і даволі кароткая, дзесьці 25 хвілін. Я не выключаю, што сярод тэмаў, узнятых польскім бокам, была не толькі тэма старшынёўства Польшчы ў АБСЕ ў наступным годзе, але і сітуацыя на мяжы, якая, як зразумела назіральнікам, справакаваная беларускім бокам. Тое, што ў Масквы ёсць нейкія рычагі ўплыву на Менск, – гэта факт.

ВІДЭА
«Ён бярэ на сябе самую брудную працу». Лукашэнка атакуе суседзяў на загад Пуціна?
2021.09.24 17:05

С. П.: Як вы лічыце, якая роля Расеі, Крамля і расейскага кіраўніцтва ў гэтым крызісе, пачатак якому ў чэрвені паклаў Менск, Лукашэнка?

В. К.: Па-першае, зразумела, што гэты крызіс не мог пачацца без згоды расейскага боку. Мы таксама не можам выключаць, што мігранты з Блізкага Усходу прыбываюць пры пасярэдніцтве і супрацоўніцтве расейскага боку. Трэба разумець, што асноўны кірунак беларускіх спецслужбаў, у першую чаргу КДБ, – гэта барацьба супраць унутранай апазіцыі, гэта інфільтрацыя, гэта пераслед дыяспары ў пэўных краінах (Польшча, Украіна ды іншыя). КДБ ды іншыя беларускія спецслужбы не маюць сетак на Блізкім Усходзе. Такія сеткі маюць расейскія спецслужбы. Я не магу выключыць, што ўсё гэта адбываецца таксама дзякуючы супрацоўніцтву расейскага боку з беларускім.

С. П.: Мне здаецца, што гэтая гібрыдная атака Лукашэнкі супраць Літвы, Латвіі ды Польшчы была збольшага нечаканасцю. Мала хто чакаў дзеянняў такога роду. Як вы лічыце, што яшчэ могуць прыдумаць у Менску з дапамогай Масквы і як да гэтага падрыхтавацца, каб зноў не было здзіўлення?

В. К.: Гэта вельмі складанае пытанне, што яшчэ можна прыдумаць. Я думаю, што калі пачаўся гэты міграцыйны крызіс на ўсходняй мяжы чатыры месяцы таму, ніхто не чакаў такіх маштабаў. Думаю, гэта быў сюрпрыз для Літвы, Латвіі, для Польшчы і для ўсяго Еўрапейскага Звязу. З іншага боку, трэба памятаць, што праблема не пераадоленая. То бок незваротны пункт не пройдзены. Мы пакуль не ведаем, як доўга беларускія ўлады будуць дасылаць гэтых бедных людзей на ўсходнюю мяжу Еўразвязу. Мне здаецца, гэта будзе доўжыцца нейкі час. Хаця кліматычная сітуацыя з улікам надвор’я будзе ўсё складанейшая для мігрантаў. Трэба разумець, што галоўная мэта рэжыму ў Менску – гэта проста стварыць пэўныя праблемы для краін Еўрапейскага Звязу. І гэта, у прынцыпе, атрымоўваецца. А што яшчэ могуць прыдумаць, дык мы можам прадбачыць толькі некалькі варыянтаў і сцэнароў. Тое, што яны маюць для гэтага здольнасці, – гэта факт.

ВІДЭА
Анатоль Лябедзька пра тры фундаменты ўлады Лукашэнкі
2021.09.25 17:05

С. П.: Вы сказалі пра тое, што Менск стварыў праблемы. Ужо нават загінулі некалькі асобаў у выніку гэтага крызісу. Якое выйсце з сітуацыі? Лукашэнка ўзняў стаўкі ў гэтай гульні. Ён спрабуе адпомсціць Захаду. Што можа зрабіць Захад? Як развязаць гэтую сітуацыю?

В. К.: Трэба разумець, што мы маем справу з нерацыянальным гульцом, галоўны прыярытэт якога – утрыманне ўлады любым коштам. З такім гульцом вельмі складана весці перамовы, хаця мы ведаем, што існуе нефармальны рабочы кантакт паміж міністэрствамі ўнутраных справаў Польшчы і Беларусі. Была сустрэча яшчэ ў жніўні. Аднак гэтая сустрэча не прынесла ніякіх станоўчых вынікаў. З такім гульцом вельмі складана весці справы. Тым больш што галоўная мэта гэтага гульца – стварэнне штораз большых праблемаў для пэўных краінаў. Сітуацыя складаная. Як яна можа развівацца і чаго яшчэ мы можам чакаць, я мяркую, адказ знайсці складана. З іншага боку, трэба памятаць, што для рэжыму, які стварыў гэты міграцыйны крызіс, ён будзе мець свой кошт. Мы ўжо чуем сур’ёзныя галасы ў Еўрапейскім Звязе, што патрэбна чарговая, пятая хваля санкцыяў. Спатрэбіцца крыху часу. То бок рэжыму дакладна давядзецца за гэта заплаціць. Але ў той жа час праблемы, якія ўзніклі і яшчэ ўзнікнуць для краінаў Еўразвязу, – гэта, на жаль, таксама факт.

С. П.: Пакуль канца міграцыйнага крызісу, які зладзіў Аляксандр Лукашэнка для сваіх заходніх суседзяў, не бачна. І за гэта рэжыму давядзецца заплаціць цану ў выглядзе пятага пакету санкцыяў.

Інтэрв’ю з праграмы «ПраСвет» 23.09.2021

ПраСвет
Пуцін вядзе гібрыдную вайну рукамі Лукашэнкі? «Прасвет» з Сяргеем Пелясою
2021.09.23 22:35

Калаж з фота: Mikhail Klimentyev / TASS / Forum

Стужка навінаў