«Барада да каленяў вырасце, пакуль дачакаешся». Чаму растуць чэргі на беларуска-польскай мяжы


Журналісты «Белсату» 26 жніўня выправіліся да памежнага пераходу Тэрэспаль – Берасце на польска-беларускай мяжы, каб выведаць «пра перамяшчэнні вайсковай тэхнікі на памежжы з Украінай і Польшчай». У двукоссі – цытата з паведамлення ў тэлеграм-канале, які раней зваўся «Желтые сливы». Без каментароў. Але мы сапраўды там былі і пыталі пра «перамяшчэнне», толькі не «вайсковай тэхнікі», а чаргі да пераходу з беларускага боку, якая цягам апошніх тыдняў расцягвалася на некалькі дзён чакання.

Паводле Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, чарга да пераходу на беларускім баку ў Берасці складала зранку 26 жніўня 240 аўтамабіляў. На жаль, пабачыць яе на ўласныя вочы мы не маглі. Таму спраўджваем на польскім баку ў суайчыннікаў, якія вяртаюцца ў Беларусь.

Памежны пераход Тэрэспаль – Берасце на польска-беларускай мяжы. 26 жніўня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Зуб сабе выбіла з нуды»

З польскага боку таксама чарга. Прычым пачынае павялічвацца ў поўнай адпаведнасці з ростам ртутнага слупка тэрмометра. У Тэрэспалі – плюс 34. «Будзе рэпартаж ног», – жартуе мая калега-фотакарэспандэнтка. «І душ», – адказваю.

«Адно дзіця, пакуль стаялі і чакалі, зуб сабе выбіла з нуды», – чуем душэўную гутарку мужчынаў, якія дзеляцца ўражаннямі ад учорашняга чакання ў чарзе ў Берасці.

Памежны пераход Тэрэспаль – Берасце на польска-беларускай мяжы. 26 жніўня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Паводле аднаго з іх (наадрэз адмаўляецца казаць на камеру), ён чакаў на мяжы ў Берасці двое содняў. Ні душу, як у людзей, ні прыбіральняў. «Поўнае пекла», – кажа. Але неяк прарваліся. Вязе ў Сінявокую дзве лабавыя шыбы для аўтамабіля і яшчэ нешта. 

«Заехалі ў Польшчу ўчора, яшчэ паводле электроннай чаргі паспелі запісацца, але і па ёй было затрыманне на тры гадзіны», – распавядае іншы наш суразмоўца на чорным «Nissan» з беларускімі нумарамі.

Троху здзіўленыя, пытаемся, ці значыць гэта, што ўказ Лукашэнкі ад 15 жніўня 2022 года аб скасаванні платнай рэзервацыі праз электронную чаргу не працуе. Аказваецца, так. Прынамсі да 26 жніўня на памежным пераходзе ў Берасці па-ранейшаму дзеялі дзве чаргі – платная электронная ды агульная. Хто здолее выкупіць месца (каштуе 32 рублі) ў электроннай чарзе, чакае ад 4 да 10 гадзінаў. Хто стаіць у агульнай – некалькі содняў. Гэта нам пацвердзілі ўсе кіроўцы, з якімі размаўлялі.

Памежны пераход Тэрэспаль – Берасце на польска-беларускай мяжы. 26 жніўня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Галоўная прычына – закрыццё пераходаў

«Так, стаім соднямі! Барада да каленяў вырасце, пакуль дачакаешся і выедзеш», – смяецца мужчына, які папярэджвае, што здымаць яго нельга, бо ён былы сілавік. Сцвярджае, што 26 жніўня – апошні дзень, калі на беларускім баку мяжы дзеяла старая сістэма з электроннаю чаргою – цяпер будзе толькі агульная, а значыцца, будзе яшчэ горш.

Мужчына выцірае пот з твару і кідае позірк на запакаваную лядоўню ў салоне, якую вязе з Польшчы на радзіму. На пытанне, ці танней у Польшчы, зноў жартуе: «Не, літаральна ў тры-чатыры разы…» Пасля лаканічнага абмеркавання сітуацыі на ўкраінскіх франтах развітваецца з намі словамі «Слава Украіне!» «Жыве Беларусь!» – адказваем.

«Што здымаеце? О, я ж вас у тэлевізары бачыў!» – душэўна ўсміхаецца пажылы мужчына фотакарэспандэнтцы «Белсату». З усмешкай, як старых знаёмых, нас сустракаюць амаль усе ў чарзе. 

Анатоль, у якога 46-гадовы досвед працы кіроўцы-міжнародніка, расказвае, што ў мінулую суботу чакаў на мяжы 8 гадзінаў, і гэта праз платную чаргу:

«Так, дзеіць яшчэ. Ай, хто там яе адменіць? У нас жа законаў няма – толькі ўказы нейкія».

На думку кіроўцы, вінаватыя беларускія памежнікі («Вінавацяць палякаў? Не слухайце вы іх! Гэта так нашыя працуюць»), бо польскія працавалі ў ягоным выпадку вельмі аператыўна. Але заўважае, што галоўная прычына даўгіх чэргаў – гэта закрыццё палякамі пераходаў на беларуска-польскай мяжы. З шасці існых цяпер працуюць толькі два – Берасце – Тэрэспаль і Бераставіца – Баброўнікі. 

Памежны пераход Тэрэспаль – Берасце на польска-беларускай мяжы. 26 жніўня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У чарзе – ніводнай машыны з польскімі нумарамі

Дзеля справядлівасці адзначым, што большасць апытаных намі кіроўцаў казалі пра замаруджванне руху на польскім баку.

«Бывае, што ў палякаў толькі адзін канал працуе з пяці, а бывае, адкрываюць чатыры. Бракуе магутнасцяў ім, відаць. У агульнай чарзе людзі па 40–50 гадзінаў стаяць, каб даехаць да памежнікаў. Ну і гадзінаў 5–7 – на самое перасячэнне. Такая сітуацыя за апошнія 2-3 тыдні», – кажа Алег.

На жаль, афіцыйнага каментара ад Памежнай аховы Польшчы здабыць у гэты гарачы дзень мы не здолелі, хоць увагу польскіх памежнікаў прыцягнулі – яны каля паўгадзіны спраўджвалі нашыя дакументы, а потым адправілі да прэс-сакратара аддзялення Памежнай аховы ў Тэрэспалі. Але няўдача: прэс-сакратар быў у ад’ездзе.

Каля 14:00 чарга да пункту пропуску ў Тэрэспалі складала 60 машынаў. Ці не 90 % з іх – з беларускімі нумарамі. Некалькі – з расейскімі з беларусамі за стырном. Па адной – з украінскім і французскім. Астатнія – з транзітнымі. І ніводнага аўтамабіля з польскімі нумарамі, нягледзячы на славуты беларускі бязвіз.

Памежны пераход Тэрэспаль – Берасце на польска-беларускай мяжы. 26 жніўня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Сустрэча з Колем Лукашэнкам

У «французскім» бусіку праз Беларусь ехалі на радзіму чачэнцы, а вось украінскае аўта падарыла нам сустрэчу з Колем Лукашэнкам. Ну, ускосна, вядома…

Украінка Ала расказала, што разам з мужам гасцілі ў Польшчы ў сваякоў, а цяпер едуць у Беларусь, дзе будзе вучыцца іхны сын, які летась скончыў сярэднюю школу.

«Такой адукацыі, якую хоча атрымаць наш сын, няма ва Украіне і Польшчы. Але ёсць ва ўніверсітэце ў Беларусі. Гэта медычная біяхімія. І на гэты ж факультэт ідзе сын самога Лукашэнкі», – з гонарам паведамляе нам Ала, выказваючы спадзяванні, што сын будзе вучыцца з Колем Лукашэнкам у адной групе.

Ала кажа, што не верыць інфармацыі пра тое, быццам з беларускай тэрыторыі на Украіну ляцяць ракеты і што менавіта з Беларусі прыйшлі расейскія падраздзяленні, якія ўчынілі разню ў Бучы.

«Яны не могуць гэтага зрабіць. Яны любяць нас», – кажа жанчына пра беларусаў і хваліць айчынную медыцыну, якая шчодра, на ейную думку, фінансуецца ўрадам. Сямʼя ўжо два месяцы пражыла ў Менску, маці і бацька будучага студэнта-біяхіміка знайшлі ў беларускай сталіцы працу.

«І мы верым, што да восені гэты праект [праектам жанчына называе вайну ва Украіне. – Заўв. ЗМ] павінен скончыцца. Усе хочуць міру і проста жыць», – кажа Ала.

«Усе ходзім як па лязе»

Горача. Чарга рухаецца рыўкамі. То з аднаго, то з другога аўтамабіля вытыркаюцца ногі пасажыраў. Кожны другі мужчына раздзеты па пояс. Прадавачка ў гандлёвым цэнтры непадалёк пераходу падае ледзяную колу і кажа, што чэргі на ўезд у Беларусь пачалі тут зʼяўляцца з мінулага тыдня.

Памежны пераход Тэрэспаль – Берасце на польска-беларускай мяжы. 26 жніўня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Вяртаемся да свайго аўта і ловім па дарозе яшчэ адну прыязную ўсмешку. Жанчына размаўляе з намі па-беларуску. Кажа, што не ездзіла б ні ў якую Польшчу па тавар, каб мела годны заробак, а не нейкіх там 500 рублёў. Прызнаецца, што глядзіць «Белсат», і выказала шкадаванне, што вярнуцца ў Беларусь мы пакуль не можам.

Памежны пераход Тэрэспаль – Берасце на польска-беларускай мяжы. 26 жніўня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Але ж і мы там усе ходзім як па лязе…» – прызналася жанчына.

Вяртаемся. Цюкі саломы на польскіх палетках выклікаюць вострае пачуццё настальгіі. Але чырвоны ліс на зялёнай траве на гербе Тэрэспальскай гміны гэты боль нівелюе. Хітры такі. Чырвоны на зялёным…

Дарэчы, што да «перамяшчэння вайсковай тэхнікі», паведамляем усякім там «слівам», што па дарозе ў Тэрэспаль сустрэлі роўненька 11 даволі мірных польскіх вайсковых машынаў. У Бялай Падляскай нас нагнала навіна пра замініраваны аўтамабіль з расейскімі нумарамі, які «прынялі» з Польшчы зухаватыя беларускія памежнікі. Але ўжо праз пару гадзінаў журналісты высветлілі, што гэта быў усяго толькі GPS-трэкер.

Памежны пераход Тэрэспаль – Берасце на польска-беларускай мяжы. 26 жніўня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Паводле Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі чарга на пераходзе Берасце – Тэрэспаль складала на вечар 26 жніўня больш за 250 аўтамабіляў. Грамадзяне, якія выязджаюць з Беларусі ў Польшчу, павінны заплаціць 32 рублі (1 базавая велічыня) мясцовага санітарнага («ковіднага») збору, і столькі ж – за рэзервацыю электроннай чаргі (тыя, хто рухаецца ў агульнай чарзе, – толькі санітарны збор). Ці набудзе нарэшце 27 жніўня моц указ Лукашэнкі, які адмяняе электронную чаргу, ніхто не ведае.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў