«За beCloud стаяць інтарэсы сям’і Лукашэнкі». Чаму ўлады прызначылі новага адміністратара байнэта?


З 2022 года СТАА «Беларускія воблачныя тэхналогіі» (beCloud) стане новым тэхнічным адміністратарам нацыянальнай даменнай зоны. Валер Цапкала лічыць, што праз гэтую кампанію сямʼя Лукашэнкі выводзіць у афшоры бюджэтныя грошы.

З 2012 года нацыянальную даменную зону BY і БЕЛ адміністраваў hoster.by (ЗАТ «Надзейныя праграмы»). «Надзейныя праграмы» былі заснаваныя Юрыем Зісерам у 1992 годзе, саўладальніцай кампаніі з’яўляецца Юлія Чарняўская, якая знаходзіцца цяпер пад хатнім арыштам у межах «справы TUT.by». Гендырэктар «Надзейных праграмаў» Сяргей Павалішаў арыштаваны, яго ўжо чацвёрты месяц трымаюць у СІЗА разам з менеджарамі і журналістамі TUT.BY. Усе яны прызнаныя палітвязнямі.

Новым адміністратарам нацыянальнай даменнай зоны стане СТАА «Беларускія воблачныя тэхналогіі» (beCloud). Адпаведны загад выдаў Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце.

Валер Цапкала.
Фота: Аляксандр Любянчук / belsat.eu

Змену адміністратара нацыянальнай тэхнічнай зоны заснавальнік і былы кіраўнік Парку высокіх тэхналогіяў Валер Цапкала лічыць лагічным працягам папярэдніх рэпрэсіяў у Беларусі.

«Канешне, тут ёсць палітычны фактар. Раз TUT.by разгромлены, людзі сядзяць у турмах, то ўлады вырашылі забраць і пытанні тэхнічнага адміністравання. Рэжым хоча кантраляваць інтэрнэт», – адзначыў ён у каментары belsat.eu.

СТАА «Беларускія воблачныя тэхналогіі».
Фота: naviny.by

У траўні 2021 года Валер Цапкала ў міні-расследаванні на сваім YouTube-канале распавёў, што прадпрыемства beCloud, якое аказвае паслугі дата-цэнтра, мае «манапольнае права на размяшчэнне рэсурсаў усіх дзяржаўных арганізацыяў і ўстаноў».

Пры гэтым палова акцыяў кампаніі з такімі эксклюзіўнымі правамі належыць дзяржаве, а палова – кіпрскай афшорнай кампаніі «SABSICCA HOLDINGS». Заснавальнікамі кіпрскай кампаніі з’яўляюцца шэраг фірмаў на Сэйшэльскіх Выспах і выспе Мэн. Канчатковы бенефіцыяр (спажывец грошай) невядомы, зазначае былы кіраўнік ПВТ.

Паводле Цапкалы, «Беларускія воблачныя тэхналогіі» курыруецца Віктарам Лукашэнкам, а праз замежных сузаснавальнікаў бюджэтныя грошы нібыта выводзяцца з Беларусі ў афшоры.

У каментары belsat.eu Валер Цапкала адзначыў, што рашэнне аб прызначэнні beCloud адміністратарам нацыянальнай даменнай зоны – гэта магчымасць лёгкага дадатковага заробку для кампаніі, бенефіцыяры якой схаваныя за афшорамі.

«Хто за гэтымі афшорамі стаіць – лёгка здагадацца. Абсалютна відавочна, што за beCloud стаяць асабістыя інтарэсы сям’і Лукашэнкі», – кажа ён. «Бізнес не складаны, тым больш што hoster.by яго ўжо наладзіў. Атрымліваецца, што яны [улады] проста забіраюць чужы гатовы бізнес», – дадаў былы кіраўнік ПВТ.

Праўда, некаторыя СМІ саўладальнікам beCloud называюць расейскага бізнесоўца Канстанціна Нікалаева, які мае буйны транспартны бізнес у РФ і ўваходзіць у спіс Forbes.

У афіцыйным паведамленні аб змене адміністратара байнэта сцвярджаецца, што працэдура прадугледжвае змену адказнай кампаніі кожныя 10 гадоў.

Аднак Валер Цапкала кажа, што гэта проста выдумка. «Гэта прыкрыццё. Раней ніхто не казаў пра 10 гадоў», – падкрэсліў ён.

Цяпер у нацыянальнай даменнай зоне BY и БЕЛ зарэгістравана каля 150 000 даменаў. Абслугоўванне дамену ў год каштуе 33 рублі. Паводле Цапкалы, калі памножыць колькасць даменаў на цану абслугоўвання, то вельмі проста ўявіць маштабы бізнесу, які атрымае beCloud. Толькі на абслугоўванні даменаў адказная кампанія будзе мець каля 5 млн рублёў даходу (каля $ 2 млн) штогод. Пры тым, што тэхнічныя выдаткі, на думку Цапкалы, наўрад ці будуць перавышаць $ 100 тысяч.

Hавiны
Цапкала пра справу TUT.by: Пытанне падаткаў можа выкарыстоўвацца з любой нагоды, калі ёсць палітычная замова
2021.05.18 15:16

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў