Як беларусам перамагчы Крэмль? Стаць чамаданам без ручкі

Беларусы пазбаўляюцца ілюзіяў. Сілавікі ваююць з народам добраахвотна і гатовыя працягваць столькі, колькі спатрэбіцца. Пуцін падтрымлівае Лукашэнку. Менавіта гэта дазваляла і дазваляе ўладам катаваць беларусаў, саджаць у турмы і выганяць з краіны. Як можна змяніць сітуацыю?

Дзве навіны за адзін дзень:

  1. Эксперты прызналі запіс з голасам Караева аўтэнтычным.
  1. Следчы камітэт зрабіў выснову пра адсутнасць падставаў для ўзбуджэння крымінальных справаў па факце гвалту сілавікоў у дачыненні пратэстоўцаў у 2020 годзе.
Фота мае ілюстрацыйны характар. Затрыманні каля Камароўкі падчас Маршу жанчын 26 верасня 2020 года. Менск, Беларусь.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Што датычыць першай навіны, беларусы б здзівіліся, хутчэй, калі б запіс аказаўся падробленым. Увесь яго змест вельмі добра адлюстроўвае як імідж самога Караева, так і адпавядае палітыцы ды дзеянням хунты, пачынаючы з жніўня 2020-га:

«Пераследуйце тых, хто пагражае нам з вамі, чыноўнікам. Ну, і асабліва калі вам. Усё кідайце, знаходзьце гэтую пачвару і прыбірайце».

Што датычыць высновы СК, яна сапраўды гэтак жа адпавядае лініі паплечнікаў Лукашэнкі. Не важна, наколькі адпавядае рэальнасці, важна, наколькі яна адпавядае меркаванню начальства.

Ёсць у гэтым нейкі сюррэалізм. Як быццам у адзін і той жа дзень Юрый Караеў зноў кажа сілавікам: «Сіняю дупай уратавалі краіну», і Дзмітрый Гара са СК кідае ў твар скалечаным беларусам: «Вы самі прасілі збіць вас, каб стаць уцекачамі ў ЕЗ».

Артыкулы
«У краіне дзеіць неабвешчанае ваеннае становішча». Юрыст – пра абсурдныя прысуды
2021.08.23 08:38

Які ўва ўсім гэтым сюррэалізме можа быць станоўчы момант? Усё менш людзей наіўна вераць, што без люстрацыі можна перайсці ад лукашэнкаўскай БССР да новай Беларусі.

У жніўні 2020-га многія не хацелі верыць у халодную жорсткасць сілавікоў і вылучалі свае версіі:

  1. гэта былі не беларусы, а прыезджыя расейцы;
  1. іх напампавалі наркотыкамі;
  1. ім прамылі мазгі, іх ідэалагічна апрацавалі;
  1. ім плацілі вялізныя сумы грошай, ледзь ці не дзясяткі тысяч долараў.

Усё гэта псіхалагічныя механізмы рацыяналізацыі ўбачанага. Спроба растлумачыць тое, што адбываецца, з гледзішча здаровага разумнага чалавека.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь. 23 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

А што з боку дэмакратычных сілаў? Дзяўчаты выходзілі ў белым і з кветкамі. Аналітыкі выпускалі «канцэпцыі рэабілітацыі», якія абяцалі не прыцягваць да адказнасці альбо прыцягваць мінімальна тых, хто складзе зброю (або паверне яе супраць хунты).

Цяпер мы, беларусы, пазбаўляемся гэтых ілюзіяў.

  1. Не, гэта не расейцы. Гэта нашыя суграмадзяне, беларусы.
  1. Не, ім не плацілі дзясяткаў тысяч долараў. Яны гатовыя збіваць, катаваць і забіваць за заробак, параўнальны з заробкам будаўніка ці дальнабойніка.
  1. Пераканаўчасць ідэалагічнай апрацоўкі не вытрымлівае ніякай крытыкі.
  1. Чуткі пра наркотыкі не пацвердзіліся.

Дык што ж не так з гэтымі людзьмі?

У іх іншыя каштоўнасці, іншае паняцце пра чалавечнасць.

Так, для іх кватэра ў крэдыт важнейшая за вашыя вочы і ныркі.

Так, яны могуць хлусіць і пісьмова, і вусна, і ў судзе, і пад прысягаю.

Так, іх не бянтэжыць той факт, што сотні тысяч беларусаў з’едуць з краіны.

Яны не перажываюць з нагоды таго, што тысячы бязвінна асуджаных людзей сядзяць у турмах.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь. 1 верасня 2020 года.
Фота: Белсат

Іх не хвалюе давядзенне да самагубства і забойства.

Так, яны гатовыя працягваць столькі, колькі спатрэбіцца.

Як жа іх перамагчы?

Для гэтага трэба зразумець, што дазволіла ім утрымаць уладу ў 2020 годзе.

Адзін з найлепшых, на мой погляд, тэлеграм-каналаў Беларусі пра палітыку – «Рефлексия и реакция» – напісаў лаканічны і дакладны матэрыял. Пра тое, што было галоўным фактарам захавання ўлады Лукашэнкі ў жніўні 2020-га. Тлумачаць на прыкладзе талібаў у Афганістане. Дазволю сабе тут кароткі пераказ з пераасэнсаваннем.

Вера ў сілу старэйшага брата.

Меркаванні
Хто каму вінен? Разбіраемся ў беларуска-расейскіх адносінах
2021.07.31 16:27

Хіба гэта 2,5 тысячы жаўнераў амерыканскага войска два дзесяцігоддзі ўтрымлівалі ўладу ў Афганістане супраць больш як пяцідзесяці тысяч талібаў? Не. Уладу амерыканцаў утрымлівала вера ў тое, што ЗША абароняць зону сваіх інтарэсаў, сваіх салдатаў у ёй і гатовыя ваяваць. Толькі заява амерыканцаў пра сыход дазволіла атрымаць талібам уладу.

Дакладна гэтак жа вера беларускіх салдатаў, міліцыянтаў і генералаў у тое, што Пуцін падтрымае, дазволіла хунце Лукашэнкі ўтрымаць уладу. І мы пераканаліся на фактах, што падставы для гэтай веры былі і ёсць.

Я, разам з аўтарам каналу «Рефлексия и реакция», падзяляю гэтае перакананне і сцвярджаю, што без падтрымання Пуціна хунта не дажыла б да канца 2020 года. Падтрымка Пуціна дазваляла і дазваляе ўтрымаць хунце ўладу. Падтрымка Пуціна дазваляла і дазваляе Лукашэнку катаваць беларусаў, саджаць у турмы і выганяць з краіны. Так, савецка-расейская імперыя гістарычна сябе зжыла. Але атручваць жыццё суседзям можа яшчэ дзясяткі гадоў.

Меркаванні
Крэмль сам выганяе беларусаў са сваёй сферы ўплыву
2021.07.25 11:42

Беларуская армія не зможа супраціўляцца расейскай, а ўжо мірнае насельніцтва дакладна не зможа супрацьстаяць расейскай арміі.

Беларусь як краіна эканамічна моцна слабейшая за Расею.

Дык няўжо Беларусь застаецца ў безнадзейнай сітуацыі? Не. Фінляндыя была меншай і слабейшай. Чэхія была меншай і слабейшай. Літва, Польшча, Эстонія, Украіна – усе гэтыя краіны, нашыя суседкі, у свой час праходзілі цяжкі шлях вызвалення ад расейскага ўплыву.

Дык што беларусы могуць зрабіць, каб знішчыць гэтую падтрымку?

Па-першае, сказаць пра гэта ўслых. Парадаксальная сітуацыя: большасць беларусаў супраць АРЛ. Але нават сярод тых, хто супраць АРЛ, ёсць тыя, хто да гэтага часу за Пуціна.

Калі мы хочам выніку хутчэй, нам варта ў гэта ўкласціся. Як мінімум, пагаварыць з сябрам, братам, суседам, калегам. Калі мы нічога не робім для перамогі, у нас няма права скардзіцца на тое, што яна не прыходзіць так хутка, як нам хацелася б.

Па-другое, трэба браць удзел у кампаніях эканамічнага супраціву, якія арганізуюць дэмакратычныя сілы: ад «банкамат – абменнік – банк» да лістоў палітыкам, якія ўплываюць на МВФ (не, гэтая кампанія яшчэ не скончаная).

Фота мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь.
Фота: ЛП / Белсат

Нашая задача не перамагчы ў лабавым сутыкненні (што немагчыма). Нашая задача – стаць тым самым чамаданам без ручкі, які нязручна несці (што аказалася магчыма для краінаў, якія ў той момант былі яшчэ меншымі і бяднейшымі за нас).

У той момант, калі Крэмль стоміцца гэты чамадан несці, усе ўбачаць, наколькі мала ідэйных прыхільнікаў у хунты, гатовых яе абараняць. Так было ў СССР і так будзе ў нас.

Але што ж рабіць з тысячамі службовых злачынцаў?

Гэта тэма для значна большага матэрыялу, але варта пазначыць важныя тэзісы.

Мы не павінны помсціць. Не мае быць месца пазасудовым расправам. Але мы і не павінны дазволіць пазбегчы адказнасці. Правасуддзе заўсёды паміж помстай і беспакаранасцю. Таму трэба выкарыстоўваць выключна прававыя механізмы.

  1. Люстрацыя пры займанні дзяржаўных пасадаў для ўсіх службовых злачынцаў на тэрмін ад 20 гадоў. У спіс люстраваных абавязкова мусяць трапіць усе асобы з кадравага рэестру, гэтак званыя найвышэйшыя службовыя асобы. Супрацоўнікі МУС, КДБ ды іншых спецслужбаў, суддзі, пракуроры, следчыя (больш дэталёвы спіс неабходна прапрацоўваць).
  1. Абавязковая крымінальная адказнасць для ўсіх асобаў, якія маюць дачыненне да злачынстваў супраць чалавечнасці (катаванняў), з адбыццём пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі без магчымасці амністыяў, памілаванняў і замены пакарання на ўмоўны тэрмін. Умовы ў месцах пазбаўлення волі, зразумела, неабходна прывесці хаця б да мінімальна адпаведных агульнаеўрапейскім нормам (гэта не будзе каштаваць касмічных грошай).
  1. Абавязковая крымінальная адказнасць для кіроўнага складу, які браў удзел у фальсіфікацыях крымінальных справаў і ўтойванні злачынстваў (СК, пракуратуры, суддзяў, работнікаў ІМПЗ, экспертаў, КДБ і іншых сілавых структураў. Не з’яўляючыся службовай асобаю, магу выказаць юрыдычнае меркаванне, што, з улікам цяжару наступстваў, пакаранне павінна быць у выглядзе толькі рэальнага пазбаўлення волі, зноў жа – без умоўных тэрмінаў і магчымасці амністыяў і памілаванняў.
  1. Ад люстрацыі і крымінальнай адказнасці абвінавачаныя могуць быць вызваленыя пры ўмове выканання крытэрыяў дзейнага раскаяння: прызнанне віны, дапамога следству, кампенсацыя шкоды і пры абавязковай умове – згодзе пацярпелых на прымірэнне з абвінавачаным.

Хачу адзначыць, што гэтыя прапановы ёсць прыватным меркаваннем і не адлюстроўваюць пазіцыі ў гэтым пытанні ні Каардынацыйнай рады, ні Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, якія я рэпрэзентую. Гэтая прапанова – хутчэй, запрашэнне да дыскусіі на вострую тэму.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь. 30 жніўня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Пасля распаду СССР толькі тры рэспублікі, як пішуць, цалкам забаранілі супрацоўнікам КДБ займаць дзяржаўныя пасады на тэрмін да 25 гадоў. І толькі гэтыя ж тры краіны здолелі стаць часткай Еўрапейскага Звязу. Літва, Латвія, Эстонія.

Калі мы хочам калі-небудзь дасягнуць узроўню законнасці, характэрнага для Еўрапейскага Звязу, мы не павінны баяцца ачысціць нашую краіну ад службовых злачынцаў.

Фота вокладкі: АК / АА / Белсат

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў