Медаль Ціманоўскай з Еўрапейскіх гульняў прадалі за $ 21 тысячу

Медаль Ціманоўскай з Еўрапейскіх гульняў. Фота: Ebay

Срэбны медаль беларускай лёгкаатлеткі Крысціны Ціманоўскай з ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019-га прадалі на аўкцыёне «eBay» за $ 21 тысячу.

«Той старт быў вельмі важным для мяне, ён праходзіў у родных сценах. За мяне прыйшло заўзець шмат людзей, родных і блізкіх. Памятаю, калі бегла эстафету і ў мяне пачалі заканчвацца сілы, а да фінішу заставалася недзе 80 метраў, я пачула, што стадыён проста выбухае ад таго, як гучна за мяне заўзеюць. Падтрымка людзей адкрыла ўва мне другое дыханне, што дапамагло мне з усіх сілаў бегчы да фінішнай рысы. Я нават памятаю, як плакала пасля фінішу, бо такія эмоцыі падчас бегу мела ўпершыню. У той момант я адчула сябе адзіным цэлым з усімі заўзятарамі. Нездарма кажуць, што спорт – гэта тое, што нас аб’ядноўвае!» – распавядала бягуння перад стартам аўкцыёну.

Грошы будуць пералічаныя Беларускаму фонду спартовай салідарнасці.

Крысціна Ціманоўская выступіла на спаборніцтвах з нацыянальным сцягам Беларусі

Крысціна Ціманоўская – беларуская лёгкаатлетка, якую знялі са спаборніцтваў у бегу на 200 метраў на Алімпійскіх гульнях у Токіа – 2020 за крытыку беларускіх спартовых чыноўнікаў. Яна таксама трапіла пад ціск з боку дзяржаўнай прапаганды, пасля чаго яе хацелі сілаю вывезці з Токіа ў Беларусь.

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны