Кіраўнікоў БелаПАНу падазраюць у нясплаце падаткаў на больш чым 100 тысяч рублёў

Следчы камітэт паведаміў, што ў выніку праверкі ўстаноўлена, што ў перыяд з чэрвеня 2018 году па студзень 2021 году супрацоўнікі незалежнага інфармацыйнага агенцтва падавалі ў падаткавую інспекцыю несапраўдныя звесткі, што пацягнула за сабой нясплату падаткаў на агульную суму звыш ста тысячаў рублёў.

Былы дырэктар БелаПАН Дзмітрый Наважылаў, рэдактарка Ірына Леўшына, бухгалтарка Кацярына Боева былі затрыманыя 18 жніўня як фігуранты справы аб масавых закалотах.

Ірына Леўшына. Фота: Ірына Леўшына / Facebook

БелаПАН: ужо тыдзень за кратамі

У паведамленні ў афіцыйным тэлеграм-канале СК піша, што ў Менску працягваецца расследаванне крымінальнай справы, узбуджанай па факце масавых закалотаў і групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Следства ўсталёўвае асобаў, датычных да гэтых падзеяў.

СК тлумачыць, што нібыта ў рамках гэтай справы і была ініцыяваная падаткавая праверка БелаПАНу, у выніку якой і знайшлі нясплату на сто тысяч рублёў.

На гэтай падставе на Дзмітрыя Наважылава, Ірыну Леўшыну, іншых асобаў, а таксама журналіста Андрэя Аляксандрава заведзеная крымінальная справа паводле ч.2. арт.243 КК РБ – «Ухіленне ад сплаты падаткаў у буйным памеры». Караецца «хіміяй» тэрмінам да пяці гадоў альбо зняволеннем ад 3 да 7 гадоў.

Затрыманых супрацоўнікаў БелаПАН прызналі палітвязнямі

«Белапанаўцы» застаюцца за кратамі. Беларускія праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.

ГГ, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны