Два гады «хіміі» за абразу Лукашэнкі ў відэачаце. Размову запісаў і выклаў у інтэрнэт былы міліцыянт


31-гадовы Раман Стацэвіч з Бабруйску на пачатку бягучага году ў так званай відэарулетцы размаўляў з раней незнаёмым яму чалавекам па прозвішчы Канюшык, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». Абмяркоўвалі ў тым ліку Лукашэнку. Канюшык аказаўся былым міліцыянтам, які цяпер дапамагае сілавікам знаходзіць пратэстна настроеных беларусаў. Ён запісаў размову і выклаў яе на сваім ютуб-канале.

Скрыншот размовы, выкладзенай на канале «Дзед Барадзед». Крыніца: праваабарончы цэнтр «Вясна»

«Чалавек ці аўтарытэтны, ці не»

Суд над бабруйцам адбыўся 25 жніўня. Суддзя суду Бабруйскага раёну і г.Бабруйску Антон Дудаль прызначыў маладому мужчыне пакаранне ў выглядзе абмежавання волі («хімія») тэрмінам на два гады. Пракурорка прасіла год пазбаўлення волі.

Рамана Стацэвіча прызналі вінаватым у публічнай абразе Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі са здзяйсненнем ім сваіх паўнамоцтваў. Згодна з абвінавачаннем, 1-3 траўня ён, усведамляючы публічны і зневажальны характар сваіх дзеянняў, праз публічны відэачат па відэасувязі з незнаёмым яму раней Канюшыкам наўмысна абразіў Лукашэнку з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі.

Канюшык жа не проста так шукаў суразмоўцаў у інтэрнэце – ён праводзіў маніторынг інтэрнэту, каб выявіць асобаў пратэстнага і экстрэмісцкага накірунку. Канюшык запісаў і выклаў размову 3 траўня пад назвай «Омерзительный тип» на сваім канале «Дзед барадзед» у Ютубе.

Раман Стацэвіч часткова прызнаў віну. Аднак зазначыў, што размова ў відэарулетцы вялася раней – у студзені-лютым 2021 года. На пытанне, ці разумее, што сваім выказваннем падрывае аўтарытэт «главы государства», Стацэвіч адказаў, што чалавек ці аўтарытэтны, ці не. Таксама ён адзначыў, што хаця на запісы ён, ён не ўсведамляў, што рабіў гэта публічна: таму прызнанне віны частковае.

Міліцыянт у адстаўцы шукае ў інтэрнэце тых, хто крытыкуе ўладу

Сведкай на судзе мусіў выступаць Канюшык, з якім Стацэвіч гутарыў у відэарулетцы. Праз інваліднасць другой групы ён не з’явіўся на паседжанне, таму былі зачытаныя ягоны паказанні падчас следства.

Канюшык распавёў, што з 1987 года працаваў у міліцыі на розных пасадах: міліцыянтам патрульнай службы, памочнікам следчага, інспектарам. Праз хваробу ў 1997 годзе пакінуў службу, аднак падтрымлівае дзяржворганы, уладу, ідэю парадку ў краіне, таму дапамагае ёй, наколькі магчыма, выконвае грамадзянскі абавязак. Напрыклад, «дапамагае АУС выкрываць асоб, якія пашыраюць ідэі падарваць аўтарытэт прадстаўнікоў ўлады і ідэю ўтварэння хаосу і хваляванняў у нашай Рэспубліцы Беларусь».

Таму ён стварыў свой канал «Дзед Барадзед», дзе спрабаваў данесці да жыхароў розных краін тое, што ў Беларусі жывуць мірныя і спакойныя людзі, якія не хочуць вайны. Ён спрабаваў данесці да незнаёмых грамадзян тое, што ў Беларусі парадак і дэмакратыя, а таксама што ў краіне выконваюцца ўсе прынцыпы канстытуцыі. Ён хацеў, каб у краіне спыніліся масавыя беспарадкі і несанкцыянаваныя мітынгі. «Я бачыў апазіцыйна настроеных асобаў, якія казалі ўсялякія гадасці пра нашую рэспубліку, хаця пры гэтым прадстаўляюць ніжэйшыя слаі насельніцтва», – тлумачыў ён сваю матывацыю.

«Мы адкаціліся на 70 гадоў назад»

Таму ён усталяваў на кампутар праграму для запісу відэа і гука, а таксама праграму для мантажу. І калі бачыў, што ў чаце з’явіўся чалавек, які пачынаў выказваць апазіцыйныя думкі, запісваў ролік і публікаваў на сваім канале. Па ягоных словах, ён размяшчаў гэта, каб паказаць грамадзянам Беларусі «сапраўдны твар апазіцыянераў і тое, што яны хамы і неадукаваныя людзі».

Ён таксама адзначыў, што прабачае, калі Стацэвіч яго абразіў, але ягоныя абразы ў бок Лукашэнкі непрабачальныя: ён упэўнены, што калі абвінавачаны абразіў Лукашэнку, ён абразіў увесь беларускі народ.

У апошнім слове Раман Стацэвіч пагадзіўся, што зневажаць любога чалавека няправільна. Аднак ён размаўляў з чалавекам сам-насам.

«Атрымліваецца, мы адкаціліся на 70 гадоў назад, калі можна ціха зняць чалавека, які мне недаспадобы, вывесці яго на правакацыйныя размовы, запісаць гэта і выкласці на старонцы або пайсці ў міліцыю. Не было такога, што Канюшык папярэдзіў мяне, што ён блогер і здымае мяне. Публічнымі запісы зрабіў менавіта Канюшык».

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў