Былога кіроўцу Жлобінскага РАУСу асудзілі да трох гадоў турмы за масавыя закалоты


27 жніўня ў Светлагорску быў вынесены прысуд 51-гадоваму жыхару Жлобіна Уладзіміру Жуку, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». Мужчыну прызналі вінаватым ва ўдзеле ў масавых закалотах і гвалце ў дачыненні да сілавікоў і асудзілі на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Справу разглядала суддзя Галіна Гулевіч.

Уладзімір Жук – пенсіянер, былы кіроўца Жлобінскага РАУС. Яго затрымалі 26 траўня 2021 года за ўдзел у масавых закалотах, 28 траўня ўзялі пад варту, прад’явілі абвінавачванне ў тым, што Уладзімір нібыта ўдзельнічаў і з’яўляўся арганізатарам масавых закалотаў у Жлобіне ноччу з 9 на 10 жніўня 2020 году. Бок абвінавачвання сцвярджаў, што пенсіянер стаяў у счэпцы, перакрываў рух транспарту і аказваў супраціў, а таксама ўжыў гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення.

Жук не прызнаў віну. З усіх прадʼяўленых абвінавачанняў ён прызнаў толькі тое, што ў гэты час знаходзіўся ў пазначаным месцы і стаяў у счэпцы. На пытанне, ці мог ён сысці адтуль, мужчына адказаў, што мог бы зрабіць гэта, але яму «было сорамна як мужыку» – што людзі падумаюць пра яго, нібыта ён спужаўся і баязлівец. Таму Уладзімір па-мужчынску не сышоў.

Пасля затрымання мужчыну збілі былыя калегі. Яго вазілі ў шпіталь.

Адвакатка прасіла прызнаць Уладзіміра Жука невінаватым, пракурор настойваў на трох гадах пазбаўлення волі. Менавіта такі тэрмін і прызначыла суддзя.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў