Актывіст Мацкойць выйшаў на волю. Дзе Урбановіч і Трыгубаў – невядома


Пасля двух дзён у веткаўскім і менскім ІЧУ на свабоду выйшаў Сяргей Мацкойць. Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» расказаў «Белсату», за што яго затрымалі і як ён апынуўся ў адным месцы з лідарам «Маладога фронту» Дзянісам Урбановічам ды прэс-сакратаром установы Віталем Трыгубавым.

Артыкулы
Затрымалі лідараў «Маладога фронту» Урбановіча і Трыгубава, а таксама актывіста Мацкойця
2021.08.27 10:48

Пра затрыманне Урбановіча, Трыгубава і Мацкойця стала вядома толькі раніцай 27 жніўня. Як выявілася, актывістаў затрымалі яшчэ 25 жніўня ў Ветцы, куды яны прыехалі з Гомля. Сяргей Мацкойць распавёў, што яны з Урбановічам некаторы час падарожнічалі – былі ў Тураве, Петрыкаве і Жыткавічах, а з Трыгубавым збіраліся наведаць мястэчка непадалёк беларуска-ўкраінскай мяжы. Як называецца мясцовасць, Сяргей Мацкойць не памятае, але па дарозе ад кіроўцы маршруткі даведаліся, што вёска ў памежнай зоне і пастанавілі не рызыкаваць ды вярнуцца ў Гомель. Было позна, мужчыны хацелі павячэраць і затрымаліся на аўтастаянцы ў Ветцы.

Там да іх падышлі памежныя службы і папрасілі дакументы, праверылі рэчы і адпусцілі. Што памежнікі рабілі на аўтастаянцы, Мацкойць не ведае. Літаральна праз некалькі хвілінаў да іх пад’ехалі некалькі машынаў сілавікоў і забралі Мацкойця ў пастарунак на новае правяранне, нібыта ён у крымінальным вышуку. Урбановіча і Трыгубава, кажа актывіст, «узялі за кампанію».

Артыкулы
«Гэта Асвенцім». Пасля 20 дзён на Акрэсціна ў лідара «Маладога фронту» пачаліся праблемы са здароўем
2021.07.25 15:11

У мясцовым аддзяленні міліцыі іхных рэчаў не перапісвалі і ніякіх дакументаў не складалі. Пасля правярання ўсіх разам на той жа міліцэйскай машыне адвезлі ў мясцовую гасцініцу і сказалі засяліцца, пасля чаго ўжо праз 10 хвілінаў Сяргея зноў затрымалі нібыта за крадзеж тэлефона. Ніякіх папераў падпісаць не далі, склалі акт пра часовае затрыманне на 12 гадзінаў і змясцілі ў веткаўскі ІЧУ.

На наступны дзень на «Geely» без нумароў яго забралі ў менскі ізалятар на Акрэсціна, дзе мужчына правёў другі дзень. Матрац і падушку выдалі, але не кармілі, заўважае Мацкойць. У камеры ён сядзеў адзін, нават дазволілі цыгарэты і запалкі.

Сёння раніцай актывіста забралі ў Фрунзенскае РУУС. Следчы сказаў, што Мацкойця абвінавачваюць у крадзяжы тэлефона. Актывіст кажа, што да крадзяжу дачынення не мае і ўся сітуацыя – правакацыя. Ён пазычыў грошы знаёмаму, а той пакінуў у заклад мабільны тэлефон, а пазней напісаў заяву ў міліцыю.

«Якую суму пазычаў, не памятаю. Неблагую. Але тэлефон даражэйшы. Цяпер мне інкрымінуюць крадзеж тэлефона коштам 610 рублёў. Следчы даў тыдзень на пагашэнне шкоды, іначай супраць мяне распачнуць крымінальную справу паводле арт. 205, за што пагражае ад 3 да 5 гадоў».

Артыкулы
Пабілі за палачку ў зубах. З Акрэсціна выйшаў актывіст Сяржук Мацкойць
2021.07.29 21:54

Знаёмы, якому пазычаў грошы, не выходзіць на сувязь, сцвярджае актывіст, а «скрадзены» тэлефон у міліцыянтаў. Яны забралі мабільны падчас узлому кватэры, калі Мацкойць быў у ізалятары. У міліцыі кажуць, што тэлефон у непрацоўным стане. Што сталася з ім за гэты час, актывіст не ведае. Кажа, што будзе шукаць грошы, каб закрылі справу, а пасля думаць, што рабіць далей.

Цяпер Мацкойць пад падпіскай аб нявыездзе. Са справай яму не далі азнаёміцца, ніякіх дакументаў не выдалі. Ён толькі падпісаў тлумачальную, што калі не выплаціць 610 рублёў, то яго чакае крымінальны пераслед. Следчы сказаў знайсці грошы і прыйсці да яго. Таксама Сяргей Мацкойць сцвярджае, што яму пагражалі гвалтам.

«Адзін са старэйшых следчых папярэдзіў, што калі не кампенсую, то пайду сядзець на 5 гадоў. А калі выеду, то мяне знойдуць і зробяць «сексотом», а ён асабіста будзе мяне збіваць у жывот, бо ведае, што ў мяне язва. Гэта даслоўная цытата. Яшчэ міліцыянты з мяне смяяліся: не хацеў пайсці па палітыцы, пойдзеш як злодзей».

Спадарожнікі Мацкойця Дзяніс Урбановіч і Віталь Трыгубаў дасюль не выходзілі на сувязь. Куды іх адвезлі і што з імі цяпер – невядома.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў