Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 27 ліпеня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 27 ліпеня чытайце ў нашым аглядзе.

Ратавальнік на руінах пасля траплення расейскай ракеты ў жылы масіў. Тарэцк, Украіна. 27 ліпеня 2022 года.
Фота: Державна служба надзвичайних ситуацій / Reuters / Forum

З моманту поўнамаштабнага ўварвання расейскага войска ва Украіну прайшлі 154 дні. Паводле звестак Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, за гэты час страты акупантаў дасягнулі 40 070 чалавек забітымі.

Цягам апошніх содняў найбольш спакойная сітуацыя, паводле Генштабу ЗСУ, адзначалася на поўначы Украіны – на валынскім і палескім кірунках.

Разам з тым служба бяспекі Украіны затрымала мужчыну ў Ровенскай вобласці. Ён перадаваў у Беларусь інфармацыю аб размяшчэнні блокпастоў, дыслакацыі і перамяшчэння жывой сілы і тэхнікі ЗСУ, а таксама іншых ваенных фармаванняў на тэрыторыі Заходняй Украіны.

Цяпер мужчыну выстаўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 114-2 КК Украіны («Распаўсюд інфармацыі аб перамяшчэнні, руху або размяшчэнні ЗСУ або іншых ваенных фармаванняў»). Санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам ад пяці да васьмі гадоў.

На сіверскім кірунку расейцы здзейснілі абстрэлы ваколіцаў населеных пунктаў Мікалаеўка, Таўстадубава, Волфіна, Сенькаўка і іншых. Акрамя гэтага вораг праводзіць паветраную выведку ў памежных раёнах Чарнігаўскай і Сумскай вобласцяў.

Абноўлена
Кіраўнік самаабвешчанай «ДНР» прыехаў у Берасце
2022.07.27 19:08

Тым часам у самой Расеі абстралялі два прымежныя ўпраўленні ФСБ у Белгародскай вобласці. Гэта адбылося ўчора каля 20:00. Як сцвярджае выданне ASTRA, страляніна з мінамёту вялася па ўпраўленнях ФСБ па Белгародскай і Варонежскай вобласцях (абодва месцяцца ў сяле Стараселле, за кіламетр ад мяжы з Украінай).

На суседнім харкаўскім кірунку расейцы абстралялі са ствольнай і рэактыўнай артылерыі тэрыторыі каля населеных пунктаў Харкаў, Чугуеў, Шавелеўка, Краснаполля і іншых. Акрамя гэтага расейцы з дапамогаю ўзведзеных пантонных пераправаў намагаюцца палепшыць лагістычнае забеспячэнне сваіх падраздзяленняў.

На славянскім кірунку абстрэлы зафіксаваныя каля Норцаўкі, Багародзічнага, Даліны, Вялікай Камішувахі, Адамаўкі, Мазанаўкі, Гусараўкі і іншых населеных пунктаў.

На краматорскім кірунку расейцы праводзілі штурмавыя дзеянні каля Верхнякаменскага, але атака была адбітая ЗСУ, вораг адступіў на старыя пазіцыі.

Гісторыі
«Каму война, а каму карова дойна». Як махляры нажываюцца на вайне
2022.07.27 18:54

Акрамя гэтага, цягам апошніх содняў на краматорскім кірунку былі зафіксаваныя абстрэлы ваколіцаў населеных пунктаў Крывая Лука, Закітнае, Спірнае, Грыгораўка, Цецяноўка і іншых.

На суседнім бахмуцкім кірунку варожыя сілы цягам апошніх содняў здзейснілі абстрэлы ваколіцаў населеных пунктаў Бахмут, Белагораўка, Якаўлеўка, Салядар, Бахмуцкае, Пакроўскае і Нью-Ёрк. Таксама расейцы спрабавалі правесці выведку боем у ваколіцах Семігор’я, але панеслі страты ды адступілі назад.

На аўдзееўскім, навапаўлаўскім і запарожскім кірунках цягам апошніх содняў расейцы не праводзілі штурмавых дзеянняў, але працягнулі абстрэлы ўкраінскіх пазіцыяў у ваколіцах населеных пунктаў Пяскі, Урэмаўка, Краснагораўка, Мар’інка, Карлаўка, Вуглядар, Гуляйполе і Камянскае.

На паўднёвабужскім кірунку расейцы намагаліся ўтрымаць свае пазіцыі, каб не дапусціць прарыву ўкраінскіх сілаў. Разам з тым яны праводзілі паветраную выведку з дапамогаю беспілотнікаў, а таксама здзяйснялі абстрэлы ўкраінскіх тэрыторыяў каля Асакораўкі, Трудалюбаўкі, Такарова, Кісялёўкі, Партызанскага, Каўказу, Лазавога, Прыбужскага, Паляны і Лупарава.

Штурмавыя дзеянні войскаў РФ у ваколіцах Белагоркі не мелі поспеху, вораг адышоў на старыя пазіцыі.

Таксама Генштаб ЗСУ паведаміў, што тры расейскія верталёты Ка-52 нанеслі ўдары па сваіх жа пазіцыях на Херсоншчыне, пасля чаго адзін з іх быў збіты сіламі супрацьпаветранай абароны акупантаў.

Разам з тым на поўдні краіны адзначаюцца найактыўнейшыя дзеянні ўкраінскіх сілаў. Так, уначы 27 ліпеня ЗСУ нанеслі чарговы ўдар па Антонаўскім мосце ў акупаваным Херсоне.

Намеснік кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі Кірыл Стрэмаусаў заявіў, што мост усё яшчэ стаіць, аднак рух па ім цалкам закрылі пасля абстрэлаў з установак HIMARS. Паводле калабаранта, за некалькі гадзінаў па мосце выпусцілі больш за 10 ракетаў – некаторыя з іх перахапіла СПА, але некаторыя патрапілі ў мост.

У сваю чаргу кіраўніца прэс-службы камандавання «Поўдзень» Наталля Гумэнюк пацвердзіла ўдары ЗСУ па мосце, назваўшы іх філіграннымі і разлічанымі ў першую чаргу на дэмаралізацыю варожага войска. Антонаўскі мост у акупаваным Херсоне – гэта найважнейшая пераправа для забеспячэння арміі РФ на правым беразе.

У гэты ж час у Херсонскай вобласці працягваюць дзейнічаць украінскія партызаны. Праўладныя расейскія паблікі пішуць пра тэракт у Херсоне, у выніку якога былі параненыя двое супрацоўнікаў мясцовай паліцыі, якія перайшлі на бок акупантаў. Паведамляецца, што выбуховая прылада спрацавала на шляху іхнага аўтамабіля.

BK belsat.eu

Стужка навінаў