Ці скокне курс беларускага рубля? Разбіраем, ад чаго ён залежыць і ці прывязаны да Расеі


Беларускі рубель пакуль трымаецца: вагаецца на пару адсоткаў, але даўно аднавіўся пасля лютаўскага падзення. Наколькі моцна ён залежыць ад расейскага рубля і ці варта чакаць рэзкіх скачкоў нацыянальнай валюты праз ваганне расейскай? 

Выява мае ілюстрацыйны характар. Калаж: Белсат

Тыдзень таму ў абменніках долар прадавалі за 2,52 рубля, а сёння – за 2,62. Але ў пачатку месяца даходзіла і да 2,72 рубля за долар. У такім дыяпазоне курс беларускага рубля вагаецца з траўня – а калі не ўлічваць скачок у лютым-сакавіку, звязаны з пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне, дык такі курс трымаецца з сярэдзіны верасня 2020 года.

Ці чакаць новых скачкоў? Ад чаго наогул залежыць курс беларускага рубля? На просьбу «Белсату» падрабязна разабрала тэму старэйшая навуковая працаўніца Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Настасся Лузгіна.

Калі сцісла. Няма абавязковай прывязкі беларускага рубля да расейскага, але калі шмат гандлюем у расейскіх рублях, то і ў кошыку валютаў доля расейскага рубля складае максімальныя 50 %, а курс беларускага рубля паўтарае рухі расейскага. Расейскі рубель пакуль не збіраецца скакаць, але мусіць паступова падаць у адносінах долара. На гэта паўплывае рост імпарту ў Расеі ды іншыя фактары. Беларускі рубель можа паступова падаць і без удзелу расейскага, за кошт пагаршэння эканамічнай сітуацыі ў Беларусі, але скачкоў не чакаецца – пры ўмове, што не адбудзецца якіх-небудзь непрадбачаных падзеяў, якія могуць рэзка змяніць траекторыю рубля.

У беларускага рубля не фіксаваны курс, а плыўкі. Бывае так, што курс валюты жорстка прывязваецца да адной ці некалькіх валютаў. Напрыклад, пасля 24 лютага ўкраінская грыўня жорстка прывязаная да долара (да 20 ліпеня – строга 29,2549 грыўні за долар, з 21 ліпеня – 36,5686 грыўні за долар). Бывае, што цэнтральны банк краіны вызначае калідор: курс не можа адхіляцца больш, чым на нейкі адсотак ад «якарнай» валюты. У беларускага рубля няма такой прывязкі, як і ў расейскага.

Курс беларускага рубля вызначаецца рынкавым шляхам. У гісторыі Беларусі былі перыяды з прывязкаю да долара ці да расейскага рубля. Але цяпер – як нагандлявалі на валютнай біржы, так Нацбанк і вызначыць курс да долара ЗША, еўра, расейскага рубля і кітайскага юаня. Агульная «цана» беларускага рубля залежыць ад кошыку валютаў: у ім 50 % – расейскія рублі, 30 % – долары, па 10 % – еўры і юані. Нацбанк Беларусі цяпер не мяняе курсу «ўручную», хіба можа ўкідваць валюту з рэзерваў на рынак (рабіць інтэрвенцыю), калі адбываюцца нейкія рэзкія кароткатэрміновыя ваганні. Але Нацбанк цяпер не ўплывае на доўгатэрміновыя трэнды. Сёння ваганні беларускага рубля звязаныя не столькі з тым, што адбываецца ў Беларусі, а больш з тым, што адбываецца з доларам, еўра і расейскім рублём на вонкавых рынках. Абменнікі прыблізна арыентуюцца на курс Нацбанку, але кожны банк звычайна ўсталёўвае свае, хай і блізкія да афіцыйнага, курсы беларускага рубля да замежных валютаў. Пры тым курсы ў розных абменніках аднаго банку могуць адрознівацца, як і курсы для наяўнай і безнаяўнай валюты.

Афіцыйны курс Нацыянальнага банку Беларусі: 100 расейскіх рублёў да беларускага. Выява: Белсат

Расейскі рубель таксама мае рынкавы курс, але ёсць нюансы. У Расеі таксама не фіксуюць курсу свайго рубля. Цэнтральны банк мог бы рабіць інтэрвенцыі, але цяпер лічыць, што рынкавы курс у прыярытэце. Ды ў сувязі з пачаткам поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны на расейскім валютным рынку ўводзіліся розныя абмежаванні на продаж валюты, прымусовы продаж валюты экспарцёрамі. Гэтыя абмежаванні цяпер паступова здымаюць, але знялі не ўсе, бо наяўную валюту ў Расею нельга цэнтралізавана ўвозіць праз санкцыі (за выключэннем невялікіх сумаў на асабістыя выдаткі).

У Расеі разважаюць, што цяпер іхны рубель занадта моцны. Нярэдка кажуць, што было б лепей, калі б за долар было 70–80 расейскіх рублёў, а не цяперашнія 55–60. Цяперашні курс нявыгадны расейскім экспарцёрам. Пакуль выглядае, што Цэнтральны банк Расеі не збіраецца «валявым рашэннем» мяняць курс.

Беларускі рубель не прывязаны да расейскага, але чаму настолькі падобныя графікі курсаў у адносінах долара і еўра?

Афіцыйныя курсы долара і еўра да беларускага рубля. Выява: Белсат
Афіцыйныя курсы долара і еўра да расейскага рубля. Выява: Белсат

Беларускі рубель скача як расейскі, бо фіксуе змены на вонкавых рынках. Няма такога «абавязку», каб беларускі рубель рос да долара на 5 %, калі расейскі вырас на 5 %. Беларускі можа знізіцца на 2 % да расейскага і вырасці на 3 % да долара. Графікі вышэй – не ідэнтычныя. Беларускі рубель моцна звязаны з расейскім, бо між Беларуссю і Расеяй ідзе шмат гандлю, беларускі экспарт у Расею аплачваюць расейскімі рублямі, дык беларусам трэба прадаваць шмат расейскіх рублёў. Акрамя таго, з нядаўняга часу імпарт газу таксама патрабуюць аплачваць у расейскіх рублях. Да таго ж, напрыклад, калі долар расце да еўра, то курс беларускага рубля таксама на гэта рэагуе – як, зрэшты, і курс расейскага рубля.

Можна чакаць паступовага падзення расейскага рубля, але без скачкоў. Імаверна, на курс паўплывае не «валявое рашэнне», а іншыя фактары, як то паступовае вяртанне імпарту праз пераарыентацыю на іншыя рынкі, рост спажывання на ўнутраным расейскім рынку. Імпарт у Расею істотна ўпаў пасля 24 лютага і санкцыяў, а экспарт з Расеі застаўся больш высокім, дзякуючы продажу энергарэсурсаў. Ад гэтага на расейскім рынку стала зашмат валюты: пакуль не было чаго купляць на долары, цана долара ў Расеі ўпала, пры наяўнасці дастаткова высокай інфляцыі.

Яшчэ адным фактарам, які цісне на курс расейскага рубля, ёсць нядаўняе зніжэнне ключавой стаўкі (у Беларусі гэта стаўка рэфінансавання) з 9,5 % да 8 % – значыць, рублёвыя ўклады стануць менш прывабнымі, што таксама спрыяе зніжэнню курсу расейскага рубля. У Расеі таксама думаюць над увядзеннем бюджэтнага правіла: напрыклад, калі цана нафты перавышае 60 долараў за барэль (а цяпер за барэль нафты «Brent» просяць каля 100 долараў), то Міністэрства фінансаў мусіць скупляць лішак валюты. Ці прымуць такое правіла, пакуль невядома.

Каментар
Курсы еўра і долара амаль зраўняліся. Што адбываецца і ў чым лепш захоўваць свае грошы
2022.07.08 19:00

Беларускі рубель з-за падзення расейскага патаннее ў дачыненні долара і еўра. Але наўрад ці гэта будзе скачок, хутчэй – паступовае зніжэнне. Нічога страшнага ў гэтым не будзе, бо ў Беларусі і так даволі высокая інфляцыя: растуць цэны на ўсё ў беларускіх рублях, дык нічога такога, калі беларускі рубель будзе зніжацца да долара і еўра.

Калі сітуацыя ў беларускай эканоміцы будзе пагаршацца, беларускі рубель будзе падаць безадносна расейскага. Калі будзе скарачацца экспарт, калі будуць пагаршацца ўмовы вонкавага гандлю, гэта прывядзе да скарачэння аб’ёмаў замежнай валюты ў Беларусі, што, адпаведна, выкліча падаражэнне валюты. Падзенню беларускага рубля можа спрыяць і празмернае напампоўванне эканомікі грашыма, і іншыя фактары, якія вядуць да эканамічнага разбалансавання. У гэтым выпадку беларускі рубель будзе слабнуць да ўсіх валютаў. Але гэта будзе адбывацца паступова. Вядома, Нацбанк Беларусі можа штучна стрымліваць курс, але так ужо рабілі – і выйшла кепска. Калі штучна трымаць курс, то раней ці пазней усё роўна адбудзецца рэзкая дэвальвацыя, а гэта балючы шок для эканомікі.

Можа здарыцца нешта неардынарнае, ад чаго курсы скокнуць. Напрыклад, калі рэзка ўпалі цэны на нафту, гэта пацягнула падзенне курсу расейскага рубля, а ад таго ўпаў і курс беларускага рубля да долара. Але калі скачок не звязаны з унутрыэканамічнымі праблемамі, то курс пасля зменаў вонкавых умоваў хутка выправіцца, за некалькі месяцаў адновіцца.

Аналітыка
Эканоміка Беларусі адаптуецца да санкцыяў? Якія новыя выклікі яе чакаюць
2022.07.27 10:50

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў