Расейскія праваабаронцы заступіліся за беларуску Яну Пінчук: падалі скаргу ў Канстытуцыйны суд


Беларуску пастанавілі выдаць з Расеі на радзіму, дзе ёй пагражае палітычнае зняволенне.

Яна Пінчук.
Фота: yanapinchuk / Вконтакте

Маскоўская Хельсінкская група і расейская арганізацыя «Грамадзянскі супраціў» накіравалі ў Канстытуцыйны суд Расеі скаргу на неканстытуцыйнасць двух артыкулаў Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Расейскай федэрацыі, якія ўжылі супраць беларускі Яны Пінчук.

Яны просяць прызнаць неканстытуцыйнымі артыкулы 238 і 464 КПК РФ – пра прыпыненне вытворчасці ў крымінальнай справе і пра адмову ў выдачы асобы. Менавіта гэтыя артыкулы, пішуць праваабаронцы, не дазваляюць прыпыніць справу Пінчук у Расеі і адмовіць у экстрадыцыі – як не дазваляюць і ў іншых падобных справах, нават калі міжнародныя органы выносяць рашэнні аб забароне ў экстрадыцыі.

12 ліпеня стала вядома, што экстрадыцыю Пінчук забараніў Камітэт правоў чалавека Арганізацыі аб’яднаных нацыяў. Але Расея не паслухалася: 21 ліпеня Другі апеляцыйны суд Санкт-Пецярбургу пакінуў без зменаў рашэнне аб экстрадыцыі. Да таго ж, Расея раней выйшла з Рады Еўропы і перастала выконваць рашэнні Еўрапейскага суду правоў чалавека, а рашэнні КПЧ ААН у Расеі ў эфектыўнасці «блізкія да нулю».

Аб’ектыў
Мікіта Сафронаў: «Тое, што робіць урад Беларусі ў дачыненні беларусаў, гэта сапраўдны ГУЛАГ»
2022.07.21 23:18

Яна Пінчук пераехала ў Расею яшчэ ў 2018 годзе. Яе затрымалі 1 лістапада 2021 года ў Санкт-Пецярбурзе на запыт беларускіх сілавікоў. 3 лістапада мясцовы раённы суд абраў для яе меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай. На радзіме за адміністраванне тэлеграм-каналу «Витебск 97 %» супраць Яны Пінчук выставілі абвінавачанні паводле пяці крымінальных артыкулаў: «Распальванне нацыянальнай варожасці» (ч. 3 арт. 130 КК РБ), «Заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі» (ч. 3 арт. 361), «Паклёп» (арт. 188) і іншыя. Ёй можа пагражаць да 12 гадоў зняволення. Расейскія суды адмовілі ёй у прытулку і пастанавілі экстрадаваць яе ў Беларусь. Падчас перабывання за кратамі Яна паспела выйсці замуж. Яе прызналі палітычнай зняволенай праваабаронцы расейскага «Мемарыялу».

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў