Прыйшлі па АГП і ўладальніка гатэлю для сабак. Палітычныя рэпрэсіі 27 ліпеня


Ужо два гады ў Беларусі штодзень – палітычныя затрыманні і суды. «Белсат» вядзе хроніку рэпрэсіяў. Вось што стала вядома за адзін толькі дзень 27 ліпеня.

Мікалай Казлоў. 12 сакавіка 2019 года.
Фота: Николай Козлов / Facebook

Мікалай Аўтуховіч трымае галадоўку ад 11 ліпеня – ужо сямнаццаты дзень. Учора ён упаў ад слабасці па дарозе ў суд. Працягваюцца катаванні фігурантаў «справы Аўтуховіча», піша «Dissidentby», у тым ліку адмаўляюць у медычнай дапамозе і адбіраюць патрэбныя лекі.

Ранкам 27 ліпеня затрымалі старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова, ягоную намесніцу Антаніну Кавалёву і старшыню Менскай гарадской арганізацыі АГП Аксану Аляксееву. Кавалёва і Аляксеева ў ізалятары на Акрэсціна, супраць Казлова – крымінальная справа за «дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», Казлова наведаў адвакат, затрыманы ва ўпраўленні Следчага камітэту.

Артыкулы
Супраць затрыманага старшыні АГП Мікалая Казлова распачалі крымінальную справу
2022.07.27 19:21

Магілёўскага 40-гадовага архітэктара Аляксея Парэцкага асудзілі на тры гады калоніі агульнага рэжыму за «Паклёп на Лукашэнку» і «Распальванне варожасці» (ч.2 арт. 367 і ч.1 арт. 130 КК РБ), піша «Mayday». Парэцкі быў у «тэрарыстычным спісе» Камітэту дзяржаўнай бяспекі, але да суду быў толькі пад падпіскай аб нявыездзе – пад варту яго ўзялі пасля агучвання выраку

У Баранавічах асудзілі двух супрацоўнікаў авіярамонтнага заводу: 31-гадовага Яўгена Ярмака і 27-гадовага Юрыя Азімку, піша «Вясна». У сярэдзіне сакавіка байцы ГУБАЗіК ладзілі ў горадзе палітычны «рэйд» падчас якога ў Ярмака знайшлі яшчэ і гашыш. Ярмака асудзілі за «абразу» каментарамі ў інтэрнэце чатырох міліцыянтаў і суддзі, за незаконны абарот наркотыкаў (артыкулы 369 і 391, ч. 1 і 2 арт. 328 КК РБ) на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 3200 рублёў. Ён прызнаў віну ва ўсім акрамя другой часткі 328-га артыкулу. Ярмак пад ціскам расказаў сілавікам, што купляў гашыш для сябе і свайго калегі Азімкі – другога асудзілі на два з паловай гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатняя хімія»).

Палітвязню Міхаілу Добышу замянілі пакаранне на больш жорсткае, перавядуць з «хіміі» (установы адкрытага тыпу) у калонію. Яго асудзілі на 10 месяцаў «хіміі» за тое, што ён нібыта пагражаў гвалтам міліцыянту ў прадуктовай краме.

Жыве!
Арыштавалі маёмасць Ігара і Дар’і Лосікаў: мэблю, тэлевізар, піяніна, імбрык…
2022.07.27 17:05

У Гомлі проста на працоўным месцы затрымалі Алену Кравец, якую ўжо затрымлівалі за ўдзел у пратэстах 2020 года, піша «Гомельская вясна». Цяперашняе затрыманне звязваюць з падпіскамі на «экстрэмісцкія» каналы. У Менску на працоўным месцы затрымалі 43-гадовую Тамару Міцюкевіч – за каментары ў суполцы «Карнікі Беларусі». У Горадні затрымалі ўладальніка гатэлю для сабак Паўла Свірбутовіча. На відэа сілавікоў бачна, што яго хапалі людзі ў вайсковым адзенні без апазнавальных знакаў. У «пакаянным відэа» ён кажа, што нібыта распаўсюджваў «экстрэмісцкія» матэрыялы і матэрыялы з «абразамі Лукашэнкі», рэпосціў персанальныя звесткі сілавікоў.

Завершанае расследаванне крымінальнай справы супраць 45-гадовага бабруйскага тыктокера Андрэя Бяляўскага. Яго абвінавачваюць у «абразе Лукашэнкі» паводле арт. 368 КК РБ. У Гомельскім абласным судзе разглядаюць справу ІТ-спецыяліста Андрэя Уткіна, пракурор просіць для яго два гады калоніі агульнага рэжыму за перадачу праекту «Беларускі гаюн» фота расейскай вайсковай тэхнікі.

Ёсць і добрыя навіны: на волю выйшлі палітвязні Сяргей Красоўскі і Вольга Сыраватка, якія цалкам адбылі пакаранне. Красоўскі – індывідуальны прадпрымальнік з Берасця, якога асудзілі на два гады калоніі агульнага рэжыму за вывешванне лялькі-пудзіла з надпісам «АМАП». Сыраватка – берасцейка, якую за тое ж пудзіла, а таксама за «пашкоджанне шкла ў аддзяленні міліцыі» асудзілі на тыя ж два гады калоніі агульнага рэжыму.

Ужо трыста еўрапейскіх дэпутатаў узялі статус «хросных» палітвязняў Беларусі ў межах кампаніі #WeStandBYyou. Трэцюю сотню закрыла нямецкая дэпутатка партыі «Саюз 90/Зялёныя» Брыта Гасэльман – яна цяпер «хросная» для хворага на рак Паўла Кучынскага, якога асудзілі на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за «абразы» і «пагрозы».

Тым часам намеснік міністра замежных справаў Беларусі Юрый Амбразевіч на Пекінскім форуме правоў чалавека прапанаваў «у далейшым весці гаворку пра дэсакралізацыю канцэпцыі правоў чалавека ў міжнародных адносінах як утопіі, якая не паддаецца рэалізацыі на практыцы».

А ў нас юбілей: год таму наш сайт і нашыя сацсеткі прызналі «экстрэмісцкімі».

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў