Польскія спецслужбы выкрылі расейскія лагеры «фільтрацыі» на Данбасе


Ад пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне расейцы разбудоўваюць сетку вязніц і «фільтрацыйных» лагераў. Тых, хто праходзіць «фільтрацыю», гвалтоўна вывозяць да Расеі і часам прымушаюць далучацца да расейскіх войскаў. Тых, хто пярэчыць акупантам, катуюць.

Будынак Кіеўскага раённага аддзялення Данецкага гарадскога ўпраўлення Міністэрства ўнутраных справаў Украіны, які, паводле польскіх спецслужбаў, расейцы выкарыстоўваюць як «фільтрацыйны» лагер.
Фота: gov.pl

Пра гэта расказала 27 ліпеня прэс-служба міністра-каардынатара спецыяльных службаў Польшчы. «Фільтрацыйныя» лагеры там называюць часткай спробы знішчэння ўкраінскай нацыі. Адказнымі называюць афіцэраў расейскай Федэральнай службы бяспекі.

Дзе атрымліваецца, расейцы выкарыстоўваюць украінскія турмы і будынкі мясцовых уладаў, аддзяленні паліцыі і міграцыйнай службы. Але часам «фільтрацыйныя» лагеры ствараюць у форме мястэчак і намётавых лагераў.

Аналітыка
«Канчатковае рашэнне», або «дэўкраінізацыя». Як пуцінская Расея капіюе гітлераўскую Нямеччыну
2022.06.22 08:30

Некаторыя «фільтрацыйныя» лагеры ўдалося ідэнтыфікаваць: польскія спецслужбы апублікавалі дакладныя каардынаты будынкаў у Данецку, Дакучаеўску, Мангушы, Новаазоўску, Старабэшаве.

Паводле звестак польскіх спецслужбаў, працэс «фільтрацыі» трывае ад некалькіх гадзінаў да некалькіх дзён. У час гэтага супрацоўнікі ФСБ ладзяць допыты, аналізуюць канфіскаваныя рэчы і сховішчы інфармацыі, праглядаюць сацсеткі зняволеных. На целах зняволеных шукаюць сляды раненняў і правяраюць татуяванні.

«Калі нехта выклікае хаця б цень падазрэння, ён становіцца аб’ектам рэпрэсіяў, якія могуць скончыцца смерцю, – сцвярджаюць польскія спецслужбы. – Страшны лёс чакае і тых, каму пасля «станоўчай праверкі» загадаюць ваяваць у шэрагах агрэсара».

Колькі людзей прайшло праз «фільтрацыю», дакладна невядома, але польскія спецслужбы прыблізна ацэньваюць у паўтара мільёна колькасць тых, хто прайшоў праз фільтрацыйныя лагеры. У гэты лік уваходзяць і дзеці. Большасць тых, хто прайшоў «фільтрацыю», прымусова вывезеныя ў Расею.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў