Кіраўнік самаабвешчанай «ДНР» прыехаў у Берасце


У кампаніі расейскага амбасадара ён усклаў кветкі да Вечнага агню ў Берасцейскай крэпасці і заклікаў да нападу нават на поўдзень і захад Украіны.

Кіраўнік самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» Дзяніс Пушылін (пяты справа) і амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў (леваруч ад яго) наведваюць Берасцейскую крэпасць. Берасце, Беларусь. 27 ліпеня 2022 года.
Фота: Пушилин Д.В. / Telegram

Днём 27 ліпеня кіраўнік самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» Дзяніс Пушылін расказаў на сваім Telegram-канале аб візіце ў Беларусь. Напярэдадні 78-годдзя вызвалення Берасця ад нацысцкіх захопнікаў ён наведаў Берасцейскую крэпасць. Раней пра чуткі аб візіце Пушыліна паведамляў праект «МотолькоПомоги».

Беларускія дзяржаўныя медыі і сайты выканкамаў на момант публікацыі не паведамлялі пра візіт лідара баевікоў. Ці суправаджалі яго беларускія чыноўнікі, невядома, але як піша сам Пушылін, з ім у Берасцейскай крэпасці былі амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў і сакратар Генеральнага савету партыі «Единая Россия» Андрэй Турчак.

Абноўлена. Пушылін паведаміў, што ў Берасці яго прынялі намеснік старшыні аблвыканкаму Дзмітрый Гарадзецкі, старшыня гарадскога Савету дэпутатаў Мікалай Красоўскі і кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі «Белай Русі» Аляксандр Бахановіч.

Лідар данецкіх баевікоў параўнаў падзеі 1941 года з «тым, што адбываецца цяпер на Данбасе», але не ў сэнсе нападу Расеі на Украіну без абвяшчэння вайны, а ў сэнсе таго, што як і Берасце, «Данбас стаў фарпостам рускага народу – сапраўднай рускай крэпасцю».

«Сёння прыйшоў час ізноў вызваляць рускія гарады, заснаваныя рускімі людзьмі: Кіеў, Чарнігаў, Палтава, Адэса, Днепрапятроўск, Харкаў, Запарожжа, Луцк…» – заявіў Пушылін.

Палова з названых ім гарадоў была заснаваная яшчэ да з’яўлення Масквы, у часы Кіеўскай Русі. Сярод названых ім гарадоў нават тыя, куды расейская армія яшчэ не спрабавала трапіць, у тым ліку Луцк, што на паўночным захадзе Украіны. Заява зробленая на фоне пастаянных засцярогаў аб магчымым уступленні беларускіх войскаў у вайну на баку Расеі.

Аналітыка
Лукашэнка рыхтуе беларусаў да нападу на Украіну? «ByPol» не сумняецца, вайсковы эксперт пярэчыць
2022.07.07 08:00

Аляксандр Лукашэнка 21 ліпеня ў інтэрв’ю AFP заявіў, што дэ-факта «мы прызналі, што ёсць Крым, Луганск і Данецк» і «фактычна з імі супрацоўнічаем». Аднак фармальна Беларусь не адносяць да краінаў, якія прызналі «ДНР» і «ЛНР».

У спісе тых, хто прызнаў «ДНР» і «ЛНР», толькі Расея, Сірыя, КНДР і часткова прызнаныя Абхазія і Паўднёвая Асеція, што ў складзе Грузіі. Украіна ад 2014 года лічыць «ДНР» і «ЛНР» тэрарыстычнымі арганізацыямі, тэрыторыі пад іхным кантролем – часова акупаванымі тэрыторыямі пад фактычным кантролем Расеі.

Дзяніс Пушылін у 2011-13 гадах быў функцыянерам фінансавай піраміды «МММ», з пачаткам вайны на Данбасе стаў намеснікам самаабвешчанага «народнага губернатара» Данецкай вобласці, у траўні-ліпені 2014 года пабыў кіраўніком «ДНР», з’ехаў у Маскву і пайшоў у адстаўку, затым стаў «дэпутатам» у «ДНР», пасля забойства кіраўніка «ДНР» Аляксандра Захарчанкі 31 жніўня 2018 года быў «выбраны» новым кіраўніком «ДНР».

Аналітыка
«Дэ-факта мы прызналі». Як рэжым Лукашэнкі супрацоўнічае з «ДНР», «ЛНР» і Крымам
2022.07.22 19:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў