Эканоміка Беларусі адаптуецца да санкцыяў? Якія новыя выклікі яе чакаюць


Беларуская эканоміка паступова адаптуецца да выклікаў, з якімі яна сутыкнулася ў першыя месяцы 2022 года. Да такіх высноваў прыходзяць не толькі эксперты Еўразійскага банку развіцця (ЕАБР) і Нацыянальнага банку Беларусі, але нават прадстаўнікі незалежнага даследчага цэнтру BEROC. Аднак наколькі гэты працэс носіць сістэмны характар і ці не пагражаюць беларускай эканоміцы новыя крызісы?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Згодна з макрааглядам ЕАБР, апублікаваным 25 ліпеня, «цалкам верагодна, што беларуская эканоміка пачынае адаптавацца пад функцыянаванне ва ўмовах санкцыяў». Прыкметаю гэтага называюць тое, што тэмпы скарачэння айчыннага ВУП у чэрвені, паводле ўдакладненых звестак Белстату, замарудзіліся, у тым ліку дзякуючы памяншэнню падзення ў апрацоўчай прамысловасці, агулавым гандлі, будаўніцтве і сельскай гаспадарцы. У выніку беларуская эканоміка цягам гэтага года скарацілася толькі на 7,8 % пасля 8,6 % у траўні. Усяго па выніках паўгоддзя ВУП зменшыўся на 4,2 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Пра тое, што эканамічная актыўнасць у чэрвені дэманстравала прыкметы слабога аднаўлення, а «эканоміка, верагодна, пачынае адаптавацца пад змененыя ўмовы функцыянавання», пішуць і эксперты даследчага цэнтру BEROC.

«Пры гэтым сезонна скарэктаваны аб’ём ВУП у чэрвені гэтага года застаўся прыкладна на ўзроўні траўня пасля шэрагу штомесячных зніжэнняў. Варта адзначыць, што месячны ВУП валатыльны і схільны да перагляду. У сувязі з гэтым рабіць высновы аб праходжанні ніжняга пункту спаду і стабілізацыі ВУП пакуль заўчасна», – адзначаюць эксперты.

«Бесперабойнае і бяспечнае функцыянаванне»

Пра пераход беларускай эканомікі «на адаптацыйны рэжым працы да ўмоваў, якія значна змяніліся», казаў у сваім дакладзе на пашыраным пасяджэнні праўлення Нацбанку кіраўнік Галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Дзмітрый Мурын (тэкст дакладу змешчаны на сайце банку).

Аналітыка
Беларускі валютны рынак: адлюстраванне сітуацыі на расейскім рынку і цяжкасці з прагназаваннем
2022.05.30 19:57

Паводле яго, Беларусі ўдалося «запэўніць бесперабойнае і бяспечнае функцыянаванне плацежнага рынку», а «банкаўская сістэма ў цэлым справілася з выклікамі, з якімі сутыкнулася беларуская эканоміка ў першым паўгоддзі 2022 года».

«Была забяспечана стабільная праца фінансавых рынкаў. Банкамі, Банкам развіцця і нябанкаўскімі крэдытна-фінансавымі арганізацыямі выконваліся нарматывы бяспечнага функцыянавання. Забяспечвалася надзейная праца плацежнай сістэмы краіны», – адзначае прадстаўнік Нацбанку.

белорусские банки, деньги, сбережения, финансы
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Дзмітрый Мурын адзначае, што ў Беларусі назіраецца паступовае запаволенне інфляцыйных чаканняў, «чысты попыт на замежную валюту ўжо ў красавіку – чэрвені змяніўся яе чыстаю прапановай», а ўмацаванне беларускага рубля да долара, еўра і юаня «спрыяла падтрыманню канкурэнтаздольнасці беларускіх тавараў на замежных рынках».

Аб’ектыў
«Дэфолту быць адназначна». Якія наступствы чакаюць Беларусь
2022.07.12 23:15

І хоць тэрміновыя дэпазіты насельніцтва і прадпрыемстваў у замежнай валюце за першае паўгоддзе 2022 года знізіліся на $ 0,3 млрд, або на 4,8 %, за другі квартал яны павялічыліся на $ 0,5 млрд, або на 7,3 %. Тэрміновыя дэпазіты ў рублях дык зусім выраслі за шэсць месяцаў на Br 1 млрд, або на 9,4 %, «тым самым часткова кампенсуючы адток інвалютных сродкаў насельніцтва і прадпрыемстваў». Удавалася беларускім банкам знаходзіць сабе крэдытораў, праўда, толькі ў Расеі.

«У цэлым нармалізацыя стану рэсурснай базы і пераход да лішку ліквіднасці ў банкаўскім сектары адлюстроўваюць магчымасць банкаў крэдытна падтрымліваць эканоміку. Аднак яна абмяжоўваецца высокаю закрэдытаванасцю шмат якіх арганізацыяў, іх няўстойлівым фінансавым станам, нястачаю акупных інвестыцыйных праектаў ва ўмовах уведзеных забаронаў на імпартныя пастаўкі абсталявання і тэхналогіяў», – прызнае Дзмітрый Мурын.

Тым не менш, паводле яго, «у няпростых умовах першага паўгоддзя 2022 года фінансавы сектар краіны не толькі падтрымліваў, але і захаваў устойлівасць у адносінах да найбольш значным вонкавых і ўнутраных шокаў».

«Падзенне носіць устойлівы характар»

Між тым эксперты праекту «Нашы грошы» адзначаюць, што агульная карціна ў разрэзе сфераў беларускай эканомікі «выглядае прыгнечана». Пры гэтым у шэрагу галінаў праблемы пачаліся задоўга да лютага 2022 года.

Здымак ілюстрацыйнага характару. Табло з курсамі валютаў у Менску.
Фота: Белсат

Так, валавая дададзеная вартасць у транспартавай сферы па выніках шасці месяцаў знізілася на 14,2 %, у будаўнічай галіне, якая «адчувае хранічныя цяжкасці», – на 12,5 %. Сфера гандлю за першае паўгоддзе ўпала на 8,1 % «на фоне зніжэння пакупной здольнасці насельніцтва, высокай інфляцыі, разрыву традыцыйнай лагістыкі паставак і санкцыйных абмежаванняў». Апрацоўчая прамысловасць прадэманстравала падзенне на 6,4 %.

«У сакавіку вычарпаў сябе рост гэтай сферы, дасягнуты за студзень – люты на хвалі экспартнага цуду папярэдняга года. З красавіка падзенне носіць устойлівы характар», – адзначаюць у праекце «Нашы грошы».

Пры гэтым у будаўніцтве, апрацоўчай прамысловасці і гандлі тэмпы зніжэння дададзенага кошту ўсё ж замарудзіліся. Як адзначаюць эксперты BEROC, памяншэнне спаду ў гандлі можа паказваць на паступовае дабудоўванне ланцугоў збыту беларускай прадукцыі за мяжой. Аднак «прадпрыемствы працягвалі працаваць на склад: запасы хутка раслі, а суадносіны экспарту тавараў да выпуску ў траўні заставаліся нізкімі», заяўляюць эканамісты.

Hавiны
Ідэальны шторм. Як змянілася Беларусь і беларусы з пачатку вайны
2022.06.30 18:14

Палепшыла свае паказнікі за студзень – чэрвень адносна студзеня – траўня і сельская гаспадарка, але «тут, верагодна, адбіваюцца ўплыў новага ўраджаю і павелічэнне экспарту на расейскі рынак», гаворыцца ў аглядзе ад «Нашых грошай». У сферах энергетыкі і водазабеспячэння спад склаў 2 % і 1,1 % адпаведна, што, на думку экспертаў праекту, адлюстроўвае агульнае скарачэнне эканомікі Беларусі, што выяўляецца ў зніжэнні патрабаванняў да рэсурсаў гэтых галінаў.

«Дынаміка IT-сектару становіцца ўсё больш трывожнаю»

Адзіная сфера, дзе па выніках паўгоддзя назіраецца істотны рост (+ 7,1 %), – інфармацыя і сувязь. Але і тут тэмпы прыросту запавольваюцца.

«У чэрвені зноў запаволілася дынаміка сектару інфармацыі і сувязі, унёсак якога ў гадавы прырост ВУП мог амаль абнуліцца. Дынаміка IT-сектару становіцца ўсё больш трывожная. За апошнія чатыры гады інфармацыя і сувязь устойліва забяспечвала ў сярэднім 0,6 п. п. прыросту ВУП. Страта гэтага ўнёску з высокай імавернасцю будзе азначаць памяншэнне і так нізкіх патэнцыйных тэмпаў росту беларускай эканомікі», – прагназуюць у BEROC.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Наталля Федасенка / TASS / Forum

Горназдабыўная прамысловасць таксама расце, але «аб’ём прамысловай вытворчасці ў гэтай сферы складае менш за 2 % агульнага аб’ёму вытворчасці беларускай прамысловасці», адзначаюць «Нашы грошы».

Інвестыцыі таксама не растуць

Ёсць вялікія праблемы ў Беларусі і з інвестыцыямі ў асноўны капітал (будаўніцтва і рэканструкцыя аб’ектаў, набыццё машынаў і абсталявання). За шэсць месяцаў іх фізічны аб’ём скараціўся на 17,1 % у параўнанні з першым паўгоддзем летась, паказнікі якога ў сваю чаргу былі на 7,1 % ніжэйшыя, чымся ў 2020-м.

На думку экспертаў праекту «Нашы грошы», «тое, што будуецца і набываецца ў надзеі на доўгатэрміновую акупнасць, цяпер усё больш відавочна дэманструе песімізм у дачыненні перспектываў беларускай эканомікі».

«Дзяржава не мае рэсурсаў для маштабнага інвеставання, бізнес не бачыць у гэтым сэнсу. Чаргі з замежных інвестараў таксама не назіраецца. Сённяшняе скарачэнне інвестыцыяў у эканоміку заўтра прывядзе да поўнай адсутнасці кропак росту», – гаворыцца ў аглядзе.

Аналітыка
«Спроба сілаю схіліць да кахання». Забарона інвестарам прадаваць свае акцыі – што гэта дасць Беларусі?
2022.07.05 18:35

Падзенне захаваецца

Нягледзячы на магчымую адаптацыі беларускай эканомікі да новых выклікаў, эксперты працягваюць прадказваць яе падзенне. Так, па-ранейшаму захоўвае актуальнасць базавы прагноз ЕАБР пра зніжэнне ВУП Беларусі на 6,5 % па выніках 2022 года. Хоць эксперты банку і не выключаюць, што могуць палепшыць яго «пры ўстойліва меншым спадзе расейскай эканомікі, чым раней чакалася».

У BEROC жа па выніках сямі месяцаў 2022 года чакаюць спад ВУП Беларусі каля 4,5–4,9 %  і каля 5 % па выніках трох кварталаў.

«Санкцыі ЕЗ у дачыненні да дрэваапрацоўкі і металургіі толькі ў чэрвені ўступілі ў поўную моц, як і на пастаўкі ў Беларусь машын і абсталявання. Істотнае нарошчванне экспарту калію і нафтапрадуктаў у кароткатэрміновай перспектыве выглядае малаверагодным з-за лагістычных цяжкасцяў. Перабудова ланцугоў паставак у пацярпелых ад санкцый сектарах будзе ісці, аднак з высокай верагоднасцю гэты працэс зойме працяглы час. Як вынік, аб’ём ВУП з ліквідацыяй сезоннасці можа заставацца паблізу, таго ўзроўню, які склаўся ў чэрвені, што будзе весці да захавання глыбока адмоўных гадавых тэмпаў росту. Значным фактарам нявызначанасці на перспектыву бліжэйшых месяцаў з’яўляецца дынаміка сельскай гаспадаркі: нельга выключаць больш высокі ўраджай у параўнанні з 2021 годам», – адзначаюць эксперты.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

На іхную думку, часова падтрымліваць эканамічную актыўнасць можа грашова-крэдытная палітыка. У прыватнасці, «дзеянні Нацбанку могуць падтрымаць унутраны попыт, які падае, аднак коштам больш высокай інфляцыі». Пры гэтым у BEROC мяркуюць, што «бенефіцыярам антыкрызіснай падтрымкі зноў будзе дзяржсектар, хоць больш хуткай адаптацыі да новых эканамічных рэалій спрыяла б разняволенне дзелавой ініцыятывы прыватнага бізнесу».

Аналітыка
Цэны ў Беларусі працягваюць рост. Што здолее іх запаволіць?
2022.06.15 11:01

Ці намацала беларуская эканоміка дно?

У каментары «Белсату» прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у справе эканамічных рэформаў Алесь Аляхновіч адзначыў: на падставе звестак толькі за адзін чэрвень цяжка сказаць, што эканоміка Беларусі «ўжо намацала дно». Для больш дакладнага вызначэння дынамікі ВУП варта ўсё ж глядзець яшчэ на два-тры месяцы. Тым не менш, рост экспарту, золатавалютных рэзерваў, аб’ёмаў дэпазітаў у валюце ды адносная стабільнасць беларускага рубля кажуць, што сітуацыя стабілізуецца.

«Але яна стабілізуецца на нізкім узроўні. Надалей ёсць рэцэсія – падзенне эканомікі. Надалей прадпрыемствы працуюць на склад. Надалей шмат прадпрыемстваў маюць праблемы з фінансаваннем нават заробкаў і вымушаныя браць на гэта крэдыты з банкаў. Надалей ёсць праблемы, звязаныя з санкцыямі», – падкрэсліў эканаміст.

І нагадаў, што «Беларуськалій» з прычыны санкцыяў нават скараціў экспарт у Кітай. Апошні хоць і не ўводзіў санкцыяў, але даставіць туды грузы робіцца складана.

«Таму праблемы ў эканоміцы ёсць. Ці дно пройдзенае, я б катэгарычна не казаў», – заявіў Алесь Аляхновіч.

Эксперт адзначыў, што беларуская эканоміка вельмі залежыць ад сітуацыі ў Расеі. А там мясцовы Цэнтрабанк палепшыў прагноз адносна эканомікі РФ: калі ў красавіку рэцэсію прадказвалі 8–10 %, то ў ліпені – толькі 4–6 %.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Валер Шарыфулін / TASS / Forum

«А раз Цэнтральны банк Расеі спадзяецца, што рэцэсія будзе меншая, то, магчыма, і ў выпадку з Беларуссю апакаліптычныя сцэнары ўсё ж такі не спраўдзяцца. І гэтая рэцэсія не будзе такою глыбокай, як раней – адразу пасля пачатку вайны – эканамісты разлічвалі», – мяркуе эканаміст.

Разам з тым, на думку эксперта, шмат будзе залежаць ад узроўню палітычных кантактаў паміж уладамі ў Менску і Маскве. Эксперт нагадаў, што на сёння на расейскі рынак завязаныя каля 60 % беларускага экспарту.

Макар Мыш / Герон belsat.eu

Стужка навінаў