Беларускі стварылі серыю партрэтаў жанчын-палітзняволеных


У праекце «Палітвязынка» не толькі малюнкі, але і гісторыі беларусак, якія трапілі ў няволю з палітычных прычынаў.

Мастачка Ганна Татур і журналістка Яўгенія Доўгая, а таксама «яшчэ некалькі чараўніц» запусцілі ў Instagram праект «Палітвязынка»: публікуюць малюнкі палітычных зняволеных і іхныя гісторыі.

На момант публікацыі ў Беларусі зняволеныя з палітычных прычынаў не менш як 142 жанчыны – менавіта столькі прызналі палітвязнямі праваабаронцы (у гэты лік не ўваходзяць тыя, хто пад адміністрацыйным арыштам, а таксама тыя, чые справы праваабаронцы не паспелі разглядзець). Агулам прызналі палітвязнямі на момант публікацыі 1264 чалавек.

У ліку жанчын-палітвязняў журналісткі «Белсату» Ірына Слаўнікава, Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова. Іхныя партрэты пакуль не публікавалі. На момант напісання навіны апошні апублікаваны партрэт – сацыёлага Таццяны Вадалажскай.

Але за краты ў Беларусі трапляюць і жанчыны, зусім ніяк не звязаныя з палітыкай і журналістыкай – як, напрыклад, Ірына Паляніна, якую асудзілі на два гады «хіміі» за тое, што пакінула каментар пад фатаграфіяй сілавіка ў школе: «Хто гэтую брыдоту дапусціў да дзяцей?». Ёй таксама паставілі ў віну тое, што яна знайшла ў доме маці патроны для малакалібернай вінтоўкі і прынесла іх дадому.

Паглядзець на іншыя працы Ганны Татур можна ў ейным Instagram.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў