Арганізаваць імпрэзу стане не так проста. Што будзе з вяселлямі, карпаратывамі і канцэртамі?


25 ліпеня Лукашэнка падпісаў змены ў Кодэкс аб культуры, якія закрануць шмат каго. Разбіраемся, што змяняецца.

В центре Варшавы открылась выставка протестного искусства
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Вера Акавіцкая / Белсат

Якія змены ў Законе?

1. Культурніцка-відовішчныя імпрэзы ў Беларусі дазволяць ладзіць толькі тым, у каго будзе гастрольнае пасведчанне. Выключэнне – фізічныя асобы, якія ладзяць імпрэзы для ўласных патрэбаў і без атрымання прыбытку (юбілеі, вяселлі і гэтак далей).

Да культурніцка-відовішчнай імпрэзы Кодэкс адносіць публічнае выкананне вынікаў творчай дзейнасці калектывамі мастацкай творчасці і (або) асобнымі выканаўцамі. Гаворка пра спектакль, канцэрт, фестываль, конкурс, выставу, канферэнцыю і г. д. Публічным будзе ўсякае выкананне (акторская ігра, спевы, чытанне, танцы і г. д.), дзе прысутнічаюць або могуць прысутнічаць асобы, якія не належаць да звычайнага кола сям’і ці блізкіх знаёмых.

Раней гастрольнае пасведчанне патрэбнае было ў выпадку, калі ладзіцца імпрэза з продажам квіткоў. Калі падзея для наведнікаў бясплатная, то і пасведчання не патрабавалася. Цяпер усё будзе па-іншаму: згодна з праўкамі, з 1 студзеня 2023 года гастрольнае пасведчанне, ці «спецыяльны дазвол», спатрэбіцца заўсёды пры правядзенні культурніцка-відовішчных імпрэзаў.

2. Арганізатары культурніцка-відовішчных імпрэзаў будуць уключаныя ў адмысловы рэестр. Займацца гэтым будзе Міністэрства культуры. Арганізацыя і правядзенне культурніцка-відовішчных імпрэзаў без залучэння ў рэестр забараняецца.

Простымі словамі, у Беларусі ствараецца рэестр арганізатараў імпрэзаў, і пасля 1 жніўня 2022 года будзе забаронена праводзіць культурніцкія падзеі, калі вы не ўлучаныя ў рэестр. То бок калі арганізацыя, кампанія правядзе імпрэзу, і пры гэтым яна не залучаная ў рэестр, то будзе адказваць паводле п. 3 арт. 13/03 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях (там вялікія штрафы з канфіскацыямі).

Стварэнне рэестру прадугледжваецца пастановаю Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22.06.2022 года № 401 «Аб рэестры арганізатараў культурніцка-відовішчных імпрэзаў». Дакумент можна паглядзець на сайце pravo.by: Аб рэестры арганізатараў культурніцка-відовішчных імпрэзаў (pravo.by)

Каго маюць залучыць у рэестр

У рэестры мусяць быць усе недзяржаўныя кампаніі ды індывідуальныя прадпрымальнікі Беларусі, а таксама замежныя і міжнародныя арганізацыі, якія ладзяць культурніцка-відовішчныя імпрэзы. Выключэнні прадугледжаныя для дзяржаўных органаў і арганізацыяў.

Выступление «Вольного хора» на кинофестивале «Bulbamovie» в Варшаве
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Света Фар / Белсат

То бок трэба быць залучаным у рэестр, калі вы, напрыклад, уладальнік кавярні, і ў вас выступаюць музыкі, спевакі, танцоры ці аніматары. Ці, напрыклад, вы кампанія, якая хоча сваймі сіламі зладзіць карпаратыў для супрацоўнікаў і запрасіць на яго музыкаў. Нават калі гэты карпаратыў будзе закрыты, выступ музыкаў на ім будзе разглядацца як публічны. Калі вы арганізоўваеце вяселле для дачкі і запрашаеце туды музыкаў, вам не патрэбнае гастрольнае пасведчанне і залучэнне ў рэестр. Але калі вы звярнуліся па паслугі да агенцтва для арганізацыі вяселля, яно мусіць мець пасведчанне і быць у рэестры.

Людзі, якія працуюць у сферы арганізацыі культурніцкіх імпрэзаў, асцерагаюцца, што пасля зменаў у Законе можа адбыцца масавая пераатэстацыя тых, хто ўжо ёсць у рэестры. Гэта можа стаць інструментам выціскання непажаданых.

І яшчэ пра змены

3. Праводзіць экскурсіі ў музеях дазваляецца толькі работнікам музеяў.

З кастрычніка 2021 года ладзіць экскурсіі ў Беларусі могуць толькі экскурсаводы і гіды-перакладчыкі, якія прайшлі прафесійную атэстацыю і маюць пацвярджэнне сваёй кваліфікацыі. Калі яны не працаўнікі музеяў, трапіць туды з экскурсійнаю групаю не здолеюць.

4. Прыярытэтнае права на набыццё культурніцкіх каштоўнасцяў, калі ўласнік пастановіць іх прадаць, будуць мець дзяржаўныя арганізацыі культуры.

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў