Завялі справу, звольнілі з працы, сышла дзяўчына. Актывіст з Магілёва апынуўся ў складанай сітуацыі праз «абразу» Лукашэнкі


Валянцін Лабачоў. Фота прапанаванае героем публікацыі

Размешчаны год таму скрыншот прыцягнуў незвычайную ўвагу магілёўскіх следчых. У выніку гэтага іхнымі рукамі цяпер ломіцца жыццё маладога хлопца.

30-гадовы жыхар Магілёва Валянцін Лабачоў ужо даўно быў датычны да апазіцыйнага руху, але апошнімі гадамі актыўна ні ў чым не ўдзельнічаў. Актыўнасць абудзіла мінулагодняя прэзідэнцкая кампанія. Яго затрымалі 9 жніўня 2020 года разам з сябрамі за фота з нацыянальным сцягам каля Кастрычніцкага РАУСу.

«Нам напісалі, што мы ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным мітынгу. Нас трымалі ў РАУС да сёмай раніцы, потым павезлі ў ІЧУ. Дзве гадзіны стаялі пад ім, бо было вельмі шмат затрыманых. Содні мы прабылі ў ІЧУ, пасля чаго нас перавезлі ў турму, бо там ужо не было месцаў. Турма вылучыла цэлы корпус для затрыманых. У выніку нам далі па сем содняў, але адседзелі мы толькі пяць», – распавёў Валянцін Лабачоў.

Неўзабаве Валянцін зразумеў, што ім «зацікавіліся сур’ёзныя органы». У снежні яго затрымалі зноў, на працы. Распытвалі пра падпал машыны міліцыянта, паказвалі дакументы, якія накапалі на яго. Адпусціўшы Валянціна, міліцыянты зноў прыйшлі да яго ўжо ў пачатку студзеня 2021 года. Гэтым разам з ператрусам. Забралі ноўтбук і тэлефон, але праз месяц – вярнулі.

Аднак сілавікі ад актывіста не адчапіліся. У чэрвені яго затрымалі на вуліцы. Прыйшлі дахаты і да ягонай дзяўчыны. Абаіх завезлі ў ГУБАЗіК на допыт. 28 чэрвеня Валянціна выклікалі ў Следчы камітэт, дзе паказалі пастанову пра затрыманне з прычыны пачатай крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 368 КК («Знявага прэзідэнта»). Справу на яго завялі за скрыншот паведамлення аднаго з тэлеграм-каналаў, размешчаны яшчэ мінулым летам. Паводле пастановы СК, словы на скрыне «ў пэўным кантэксце і накіраваная на адрас канкрэтнага адрасата выказваюць негатыўную ацэнку адрасата і з’яўляюцца крыўднымі для яго самога паводле сэнсу, а таксама гэтыя словы з’яўляюцца зняважлівымі, прыніжаюць гонар і годнасць прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

Валянцін Лабачоў каля Косаўскага палацу. Фота прапанаванае героем публікацыі

Пасля гэтага ў ГУБАЗіКу яго вымусілі запісаць пакаяннае відэа, якое затым публікавалася ў тэлеграм-канале Рыгора Азаронка. Праз тры дні, праведзеныя ў карцары ІЧУ, Валянціна адпусцілі, перад гэтым правёўшы ператрусы ў яго і ягонай дзяўчыны.

«Пасля гэтага дзяўчына сказала, што нам трэба расстацца. Мяне звольнілі таксама з працы. І цяпер я ў вельмі цяжкім становішчы. Я пад следствам, пашпарта няма, і на працу ўладкавацца немагчыма. Пашпарт мне ніхто не аддасць, бо я пад падпіскай аб нявыездзе», – адзначыў Валянцін.

Дапамагчы яму можна, перайшоўшы праз гэтую спасылку.

Таксама Валянцін звярнуўся да сваёй дзяўчыны:

«Я вельмі цябе кахаю. Вярніся, мы зможам усё!»

МГ belsat.eu

Стужка навінаў