Ціханоўская ў ЗША. Post scriptum

У візіце Святланы Ціханоўскай, на мой погляд, можна вылучыць два складнікі: ідэалагічны і палітычна-практычны. У ідэалагічным плане дывідэнды сустрэчы Ціханоўскай з высокімі прадстаўнікамі Белага Дому (дзяржсакратар Энтані Блінкен, дарадца прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван), сенатарамі і кангрэсменамі, не выклікаюць ніякага сумневу. Гэта безумоўны поспех. Ціханоўская пацвердзіла свой статус нацыянальнага лідара ў вачах заходняй грамадскасці і палітычнага істэблішменту.

ЗША, у пытанні Ціханоўскай, адыгрываюць ролю вонкавага ўзмацняльніка легітымнасці, супрацьпастаўляючы сваю пазіцыю, дзеянням Расеі ў дачыненні да Лукашэнкі. У практычнай плоскасці, дасягненні візіту не так відавочныя, і патрабуюць сур’ёзных намаганняў з боку штабу Ціханоўскай, з тым каб завышаныя чаканні ад паездкі ў Вашынгтон не сталі трыгерам для дэвальвацыі палітычнага аўтарытэту пазіцый Святланы Ціханоўскай. Чым вышэй чакання, тым мацней расчараванне.

Святлана Ціханоўская на прыёме ў Белым доме. Вашынгтон, ЗША. 20 ліпеня 2021 года.
Фота: tsikhanouskaya / Telegram

Калі паездка ў ЗША фармалізуецца і стане толькі чарговым візітам, калі не адбудуцца змены ў падыходах, стратэгіі, бачання бягучай сітуацыі ў Беларусі, працэсы вычарпання лідарства Ціханоўскай паскорацца. Любое дзеянне, а тым больш, раўты такога ўзроўню павінны ўмацоўваць аўтарытэт, пашыраць ступень уплыву той ці іншай палітычнай групы, у адваротным выпадку дадзены рэсурс дзейнічае ў адваротны бок, саслабляючы гэтую групу або лідара.

На сённяшні дзень, практычны бок візіту пакуль абмяжоўваецца пытаннем гіпатэтычнага пятага пакета санкцый, а гэтага відавочна недастаткова. Відавочным становіцца дэфіцыт ідэй, які спрабуюць кампенсаваць замежнымі візітамі.

Артыкулы
Амбасадар ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр: «Візіт Ціханоўскай у Вашынгтон абсалютна беспрэцэдэнтны»
2021.07.26 19:07

Таксама трэба ўлічваць, што цяперашняя сустрэча Ціханоўскай з амерыканскімі палітыкамі перакладае палітычнае супрацьстаянне ў Беларусі ў геапалітычную плоскасць. Адкрытая арыентацыя на ЗША азначае выразнае проціпастаўленне сябе і Беларусі Расеі. Гэта свайго роду, канчатковае і беспаваротнае расстанне з ілюзіямі з нагоды таго, што Масква падтрымае змены ў Беларусі. Асабліва катэгарычна пра гэта заявіла прадстаўнік расейскага МЗС Марыя Захарава. Расея не мае намеру спрыяць легітымізацыі беларускіх апазіцыянераў, якія беглі з краіны. Гэта таксама азначае, што патрабуюць адназначныя ацэнкі дэструктыўнай палітыкі Масквы ў адносінах да Беларусі.

З іншага боку, тут таксама неабходная больш выразная пазіцыя ЗША па Беларусі, уключэнне яе ў знешнепалітычныя прыярытэты ЗША. Для гэтага патрабавалася асабістая сустрэча прэзідэнта Злучаных Штатаў Джо Байдэна і Святланы Ціханоўскай.

Мабыць, на дадзеным этапе ЗША не жадаюць ісці на прамую канфрантацыю з Расеяй і ўвязацца ў вырашальную барацьбу за Беларусь. Гэта звязана перш за ўсё з тым, што ў Вашынгтона няма гатовых інструментаў для стрымлівання расейскага ўплыву і рэалізацыі палітычных зменаў у Беларусі. Таксама верагодна няма падстаў верыць у тое, што Ціханоўская ў найбліжэйшай будучыні стане тым рэсурсам, які падштурхне аўтарытарную сістэму ў краіне да хуткага распаду.

Гэтым можна растлумачыць тое, што Белым Доме палічылі заўчасным інвеставаць у лідарства Ціханоўскай з дапамогай асабістай сустрэчай з прэзідэнтам Байдэнам. На дадзеным этапе, яна разглядаецца хутчэй як палітычны сімвал, ідэалагічная альтэрнатыва праўленню Лукашэнкі. Але Амерыка гатовая да таго, што палітычны крызіс у нашай краіне замарозіцца на няпэўны час і яго вынік зусім непрадказальны.

Артыкулы
Ад Касцюшкі да Ціханоўскай: 250 гадоў гісторыі беларуска-амерыканскіх кантактаў
2021.07.22 11:05

Тым не менш незалежна ад стратэгічных прыярытэтаў саміх ЗША ад Святланы Ціханоўскай і яе атачэння беларуская грамадскасць і міжнародныя гульцы будуць чакаць больш вострай, а не пазіцыйнай барацьбы. На сённяшні дзень такога патэнцыялу ў каманды Ціханоўскай няма.

Палітычная актыўнасць і энергія пачынае перацякаць на ўсё больш сімвалічны ўзровень, а для змены сітуацыі ўнутры Беларусі павінны быць практычныя вынікі, хоць бы ўстойлівая кансалідацыя і сістэматызацыя апазіцыйнай прасторы, якая існуе і дзейнічае за межамі рэспублікі, што дазволіла б трымаць сістэму ў напрузе.

Наступным напрамкам павінна быць прасоўванне пазітыўнага парадку дня для беларусаў унутры краіны і за мяжой. Санкцыі гэта безумоўна важны інструмент барацьбы з рэжымам, але яны разлічаныя на доўгатэрміновы перыяд супрацьстаяння, а таксама негатыўна ўспрымаюцца часткай дэмакратычнай супольнасці ў плане ўзмацнення залежнасці Беларусі ад Расеі.

Таму патрабуецца баланс, які б пашыраў антырасейскі ўплыў у краіне: ліквідацыя аплаты за шэнгенскія візы, стварэнне беларускіх адукацыйных устаноў за межамі, развіццё беларускай нацыянальнай і культурнай інфраструктуры за мяжой, падрыхтоўка кадраў у сферы дзяржаўнага кіравання, нацыянальнай абароны і бяспекі. У апошнім пытанні дапамога і рэсурсы ЗША маглі б спатрэбіцца.

Святлана Ціханоўская ў Вашынгтоне правяла сустрэчу з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам. 19 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

Асноўныя намаганні, на мой погляд, павінны быць накіраваны на дэмантаж прававых асноў саюзнай дзяржавы на міжнароднай арэне, яно ўжо сёння павінна ператварыцца ў таксічную ўстанову і ўспрымацца выключна як расейскі экспансіянісцкі праект, накіраваны на знішчэнне беларускай дзяржаўнасці.

Рэалізацыя комплексу мер немагчымая без хутчэйшай сістэматызацыі, інстытуцыяналізацыі і спецыялізацыі беларускай нацыянальнай прасторы і структур, якія існуюць па-за межамі Рэспублікі Беларусь. Асабліва гэта важна напярэдадні падвядзення вынікаў гадавога супрацьстаяння і палітычнага крызісаў у Беларусі.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў