Чатырох менчукоў арыштавалі за белыя аркушы паперы на вокнах

За паперу пакаралі арыштам на тэрмін ад 13 да 28 дзён.

Ілюстрацыйнае фота. Беларусы ўпрыгожваюць свае шыбы ў нацыянальныя колеры. Студзень 2021 года. Фота: АК / Беласт

Праваабаронцы расказалі ў Telegram-канале «Вясна назірае» аб чатырох нядаўніх судах за белыя аркушы паперы.

Мужчыну, які зняў здарэнне з атракцыёнамі ў Александрыі, затрымалі і прысудзілі содні арышту

У судзе Фрунзенскага раёну Менску 26 ліпеня разглядалі справы затрыманых на дзень раней у сваіх кватэрах 42-гадовай Маі Шатохінай і 26-гадовага Юрыя Клімашэўскага. Суддзя Юлія Чыж пакарала іх 15 днямі арышту за «несанкцыянаваную акцыю» паводле арт. 24.23 КаАП РБ.

Менчукоў абвінавацілі ў «выражэнні сваіх палітычных інтарэсаў шляхам размяшчэння на акне аднаго белага аркуша паперы». За гэтае правапарушэнне Маю і Юрыя затрымалі дома. Пры гэтым у хлопца падчас ператрусу вынялі два тэлефоны і два ноўтбукі.

На судзе яны пацвердзілі, што вывешвалі аркушы на акно, але з іншай мэтай. Са словаў Шатохінай, аркуш паперы яна зняла адразу пасля таго, як патэлефанавалі з міліцыі, і нават зрабіла відэа, на якім бачна, што на паперы ёсць пісьмовыя заўвагі. У Юрыя, з яго словаў, таксама на паперы былі запісы.

«Гэта Асвенцім». Пасля 20 дзён на Акрэсціна ў лідара «Маладога фронту» пачаліся праблемы са здароўем

Тым часам суддзя Фрунзенскага раёну Марыя Ярохіна асудзіла за тое самае 34-гадовага Дзяніса Кулікова на 13 дзён арышту, а 31-гадовага Андрэя Мураўёва – на 28 дзён арышту.

Згодна з пратаколам, на акне ў Дзяніса віселі два аркушы паперы, а ў Андрэя – чатыры. Суддзю Ярохіну цікавіла «сэнсавая нагрузка» паперы на акне. Але мужчыны сцвярджалі, што вывешвалі іх не з палітычных поглядаў.

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны