Аднавіўся суд над палітвязнем Сцяпанам Латыпавым, які спрабаваў забіць сябе на мінулым паседжанні


Побач з Латыпавым у «акварыуме» суда стаяць два міліцыянты, да аднаго з іх ён прыкуты кайданкамі. «Пацярпелы» не лічыць сябе пацярпелым.

Сцяпан Латыпаў.
Фота: Сцяпан Латыпаў / vk.com

Суд над палітвязнем Сцяпанам Латыпавым аднавіўся 27 ліпеня а 10:30. Разгляд справы адбываецца ў судзе Савецкага раёну Менску, тэкставую трансляцыю вядзе «Новы час». Справу разглядае суддзя Аляксандр Воўк, дзяржаўны абвінаваўца – Уладзімір Рабаў.

Артыкулы
Сцяпана Латыпава вінавацілі ў «намеры атруціць сілавікоў», але перадумалі. За што яго судзяць?
2021.06.01 12:03

На судзе Латыпаў заявіў хадайніцтвы аб перапынку для паўторнага азнаямлення з матэрыяламі справы, бо ў ноч на 1 ліпеня невядомыя асобы вынялі ўсе ягоныя нататкі ў справе і не вярнулі, а таксама хадайніцтва аб азнаямленні з вынікамі экспертызы аб ягоным псіхічным здароўі. Суддзя адхіліў хадайніцтвы.

Апыталі «пацярпелага» міліцыянта, якога назвалі як «Пятрова Аляксея Аляксеевіча». Ён заявіў, што не памятае, ці нёс Латыпава на руках разам з яшчэ трыма сілавікамі. Латыпаў патрабаваў ад супрацоўнікаў назвацца і казаў, што патрабаванні міліцыі незаконныя, і што ён нікуды не сыдзе. Падсудны нібыта адмовіўся прайсці ў службовую машыну сілавікоў, але калі яго неслі, кажа «пацярпелы», супраціву Латыпаў не аказваў.

«На пытанне, ці лічыць Пятроў сябе пацярпелым, ён кажа, што не, ніякай шкоды яму нанесена не было, – перадае «Новы час» словы «пацярпелага». – Суддзя звяртае ўвагу на супярэчанні ў яго паказаннях».

Дапытвалі таксама былую жонку Латыпава Кацярыну Саенку. Яна ахарактарызавала падсуднага так: «самы лепшы чалавек, з адкрытай душой і добрым сэрцам», які «шмат зрабіў для гэтай краіны». Суддзя прапанавала Латыпаву спытаць нешта ў сведкі – той спытаў, ці ёй вядома, што «абвінавачаны пражыў з ёй найлепшыя гады свайго жыцця». Суддзя зрабіла заўвагу.

Аб’ектыў
Асадка ў горле, каб спыніць гвалт
2021.06.02 22:58

Апыталі таксама сведку Аліну Млынчак – вядучую інжынерку «Зялёнбуду». Яна ахарактарызавала падсуднага як кампетэнтнага спецыяліста, «добрага чалавека, разумнага і прыстойнага».

Яшчэ адзін сведка – Максім Пілецкі, намеснік дырэктара ў тэхнічнай частцы фірмы Латыпава «БелАрба». Яго распытвалі аб працоўных пытаннях, звязаных з прэпаратамі для працы з раслінамі.

У перапынку Сцяпан выказаўся: калі нешта здарыцца з ягоным бацькам – яго саб’е машына, ударыць маланка, нечакана спыніцца сэрца, – то ён будзе лічыць, што «гэта злая воля кагосьці з дрэнных людзей».

Ля судовай залы сабраліся паўтара дзясятка чалавек, якія хацелі падтрымаць зняволенага.

Артыкулы
«ByPol» распавёў, хто ўдзельнічаў у затрыманні і катаваннях Сцяпана Латыпава
2021.07.14 11:05

Палітычны зняволены Сцяпан Латыпаў 1 чэрвеня проста ў судзе спрабаваў перацяць сабе горла асадкай. Ён быў шпіталізаваны, яму зрабілі аперацыю. Але ўжо на наступны дзень яго вярнулі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага. Да таго ён 51 дзень правёў у «прэс-хаце» – адмысловай камеры для катаванняў.

Суд аднавіўся 10 чэрвеня, але амаль адразу абвясцілі перапынак: пракурор адразу заявіў хадайніцтва, каб Латыпава накіравалі на судова-псіхіятрычную экспертызу, суддзя падтрымаў. Латыпаў адзначыў, што ўсе ягоныя ўчынкі звязаныя з дзеяннямі байцоў ГУБАЗіКу, я не з ягонай «неадэкватнасцю».

Сцяпана Латыпава затрымалі 15 верасня 2020 года ў двары, калі ён прасіў сілавікоў у масках назвацца. Удома правялі ператрус. Спачатку яго вінавацілі ў тым, што ён нібыта планаваў атруціць сілавікоў ядахімікатамі, якія закупаў на знішчэнне баршчэўніку. Аднак у выніку выставілі абвінавачванне ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, супраціве пры затрыманні і махлярстве ў асабліва буйным памеры.

АА belsat.eu

Стужка навінаў