ВУП Беларусі ў траўні знізіўся на 8,8 %


Аналітыкі Еўразійскага банку развіцця далі справаздачу пра вынікі працы беларускай эканомікі ў траўні. Паводле ЕАБР, тэмпы падзення ВУП краіны павялічыліся ў параўнанні з красавіком. Лічба складае 8,8 %, хаця ў красавіку была 6,5 %.

Еўразійскі банк развіцця.
Фота: ЕАБР

ЕАБР ацаніў травеньскую дынаміку асобных галінаў. Паводле інфармацыі банку, вытворчасць у апрацоўчай прамысловасці скарацілася ў траўні на 11,8 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, абарот агулавага гандлю – на 25,4 %, грузаабарот транспарту – на 33,6 %, а інвестыцыі – ажно на 25 %.

«Падтрымаў ВУП у траўні рост IT-сектару, які захоўваецца. Часоваму змякчэнню эканамічнага спаду таксама спрыяла нарошчванне складскіх запасаў. Бліжэйшымі месяцамі эканамічная актыўнасць можа працягнуць скарачацца з прычыны паслаблення спажывецкага ды інвестыцыйнага попыту, а таксама змяншэння экспартных паставак», – гаворыцца ў аглядзе ЕАБР.

Еўразійскі банк развіцця захоўвае базавы прагноз ВУП Беларусі на 2022 год. Ён скароціцца на 6,5 %.

Нагадаем: Белстат афіцыйна не публікуе месячных звестак пра ВУП. Статыстыка даецца аб нарастальных выніках. Паводле Белстату, ВУП у студзені – траўні склаў 70,6 мільярда рублёў. Ён скараціўся на 3,4 % у параўнанні са студзенем – траўнем 2021 года. У студзені – красавіку скарачэнне ВУП складала 2,1 %.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў