Як перажыць спёку, калі ты не лемур. Сабралі парады, якія палегчаць вам жыццё ў + 30 °C


Дзеці гуляюць у фантане каля Палацу спорту. Менск, Беларусь. 21 чэрвеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

У Беларусі праз спёку абвясцілі памаранчавы ўзровень небяспекі. Бліжэйшымі днямі нас чакаюць тэмпературы, якія добра пераносяць лемуры з Мадагаскару, але не чалавек. Сярод небяспекі такога надвор’я для людзей і прыроды – галаўны боль, страта прытомнасці, а засуха вядзе да пажараў. Пра панамку і квас памятае большасць. Складаней аматарам паплюхацца ў вадзе і сабачнікам з гадаванцамі, якія нярэдка бʼюцца за месца ў фантанах і вадаёмах. Belsat.eu зрабіў памятку на выпадак анамальнай гарачыні, каб вы не забываліся, што варта і чаго не трэба рабіць, каб не перагрэць галавы і цела.

Цень

Найлепшы спосаб утрымаць добрае самапачуванне пры высокай тэмпературы – схавацца ад сонечных прамянёў удома або ў ценю. Адмыслоўцы не рэкамендуюць выходзіць надвор з 11:00 да 17:00. Ніхто не можа забараніць вам загараць, але памятайце: гэта небяспечна. Можна атрымаць цеплавы ўдар, а да таго ж ад загару старэе скура. Калі вас не палохае старэнне, падумайце пра сэрца і судзіны.

Аб’ектыў
Дзе і як ратавацца ў спёку?
2020.06.27 23:35

Адзенне

Калі ж вы ўсё-такі вымушаныя быць на адкрытым паветры, то будзьце ў светлым і лёгкім адзенні з натуральных тканінаў. Найлепей у такім, якое закрывае большую частку цела. Памятайце пра галаўны ўбор, акуляры і сонцаахоўны крэм з фільтрам. Маска на твары не можа істотна парушыць цеплаабмену, але лепш адмовіцца ад цёмнага колеру і шчыльнай тканіны, перайсці на аднаразовыя і мяняць іх часцей.

Людзі ляжаць на траве ў ценю дрэва ў парку Перамогі. Менск, Беларусь. 21 чэрвеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Пітво

Заўсёды майце з сабою мінімальны запас вадкасці. Замест халоднай вады лепш піць гарачую зялёную гарбату. Гэта ўратуе ад абязводжання. Забудзьце пра алкаголь: ён моцна павышае крывяны ціск, што стварае дадатковую нагрузку на судзіны і сэрца, якія вымушаныя актыўна працаваць на астуджэнне цела. Высокі ціск можа справакаваць інсульт і інфаркт. Замест халоднага піва вазьміце квас або безалкагольнае піва. Адмоўцеся ад салодкіх газаваных напояў і тлустай смажанай ежы, а таксама гарачых супоў.

Рух

Скараціце фізічныя нагрузкі. Пры тэмпературы + 30 °C і вышэй потааддзяленне павялічваецца ў 4-5 разоў. У гарачы дзень чалавек пры сярэдняй фізічнай нагрузцы можна страціць да 6 літраў вільгаці. І гэта можа пагражаць абязводжаннем.

Хлопчык з марозівам у парку Перамогі. Менск, Беларусь. 21 чэрвеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Прахалодныя памяшканні

Найлепей заставацца ў памяшканнях з кандыцыянерам або вентылятарам. Памятайце: на сонцы без шкоды для здароўя можна перабываць не больш за дзве гадзіны за дзень. Яшчэ раз нагадваем: найбольш бяспечна цешыцца летнімі промнямі сонца ранкам да 11:00 і пасля 17:00.

Абмяжуйце вытворчасць цяпла. Яго выпраменьваюць не толькі кухонныя прылады, як газавыя гарэлкі або духоўкі. Цеплавая энергія – пабочны прадукт працы практычна любога электрычнага абсталявання. І калі лядоўня – неабходнае зло, то тэлевізар і кампʼютар лепш вымкнуць, а таксама інвеставаць у святлодыёдныя лямпы, якія амаль не награваюцца падчас працы.

Ахалоджвайцеся. Вада, якая выпарваецца з паверхні скуры, забірае шмат цяпла. Не абмяжоўвайце потааддзялення антыперспірантамі. Можна прыняць прахалодны душ і намачыць цела, напрыклад, вільготным ручніком. Халодныя кампрэсы, якія можна прыкладаць да запясця, шыі, локцяў і за каленямі, таксама дапамагаюць. Можна пакласці пакет з лёдам на патыліцу.

Жанчына з дзіцём у парку Перамогі. Менск, Беларусь. 21 чэрвеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Спаць найлепей у прахалодзе. Выкарыстоўвайце лёгкую баваўняную пасцельную бялізну. За некалькі хвілінаў да таго, як легчы спаць, можна пакласці прасціну ў лядоўню ці нават маразільнік.

Вадаёмы і лясы

Анамальную спякоту лягчэй перажываць у прахалоднай вадзе. Памачыць ногі можна і ўдома ў місе. Як высветлілася, рабіць гэта ў фантане небяспечна для жыцця. Каб даведацца, ці можна адпачываць каля вадаёмаў вашага раёну, трэба патэлефанаваць на дзяжурны нумар санэпідэмстанцыі. Вось спіс вадаёмаў, дзе не варта купацца, бо яны не адпавядаюць гігіенічным нарматывам. У некаторых раёнах Беларусі нельга наведваць лясы. Актуальная інтэрактыўная мапа ёсць на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі.

Людзі купаюцца ў вадасховішчы Дразды. Менск, Беларусь. 21 чэрвеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Праца

Пры +30 °C у офісе чалавек можа працаваць да 5 гадзінаў, а пры + 32,5 °C не больш за адну гадзіну. Любы работнік можа адмовіцца ад працы, калі ёсць пагроза ягонаму жыццю і здароўю (арт. 222 Працоўнага кодэксу, арт. 11 Закону аб ахове працы).

Першая дапамога пры цеплавым удары

Калі ў вас з’явілася слабасць, галаўны боль, дрыжыкі, млоснасць, лепш звярнуцца да дактароў. Магчыма, гэта цеплавы ўдар. Калі вы ўбачылі, што камусьці зрабілася блага, то варта надаць першую дапамогу і выклікаць хуткую. Перш за ўсё чалавека трэба неадкладна прыбраць з сонца, пажадана ў прахалоднае памяшканне, і даць папіць вады, абкруціць вільготнымі прасцінамі.

Ад спякоты пакутуюць і сабакі

Сабака загарае на гаўбцы. Менск, Беларусь. 20 чэрвеня 2021 года.
Фота: Белсат

Праз перагрэў на сонцы ў жывёлы тэмпература цела можа падвысіцца да 40–43 градусаў, што вельмі небяспечна для здароўя жывёлы. Арганізм чалавека ратуецца ад перагрэву за кошт актыўнай працы потавых залозаў. У сабакаў потавых залозаў мала, яны не ўмеюць пацець. Ахалоджваюцца чатырохногія за кошт пачашчанага дыхання. У спёку сабака пачынае дыхаць хутка, часта і павярхоўна. З кожным такім выдыхам са слізістаю рота выпараецца вільгаць, а з ёю цяпло. Такім чынам тэмпература цела рэгулюецца.

  • У гарачыя дні выгульваць сабаку трэба да 8:00 і пасля 20:00.
  • Пазбягайце адкрытых прастораў. Для шпацыру выбірайце цяністыя паркі, гуляйце паблізу вадаёмаў.
  • Бярыце на шпацыр ваду і міску.
  • Час ад часу змочвайце падушачкі лапаў і жывот сабакі. Галавы не чапайце, бо калі яе намачыць, можна справакаваць сонечны ўдар.
  • Не пакідайце сабаку на санцапёку.
  • Не выкарыстоўвайце наморднікаў ды іншых аксесуараў, якія абцяжарваюць дыханне.

Паводле прагнозу сіноптыкаў, ужо праз некалькі дзён у Беларусь могуць прыйсці залевы з навальніцамі, якія будуць трымацца на тэрыторыі краіны да канца тыдня, і ўмоўны Маямі ператворыцца ў Венецыю.

Маці з дзіцём абмываюць твар вадою з фантану ў парку Перамогі. Менск, Беларусь. 21 чэрвеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Апошнія 25 гадоў кожнае лета цяплейшае за папярэдняе. Прычына ў змене клімату. Навукоўцы сцвярджаюць, што анамальная спёка можа прывесці да катастрафічных наступстваў. Гэтак, пры цяперашняй дынаміцы да канца стагоддзя надвор’е зможа забіраць больш за 150 тысяч жыццяў еўрапейцаў штогод. Такі несуцяшальны прагноз падае Аб’яднаны даследчы цэнтр Еўракамісіі.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў