Генштаб ЗСУ сцвярджае, што з Беларусі ў Расею адправілі 20 вагонаў боепрыпасаў


Ва Украіне лічаць, што беларускае войска надае ваеннае падтрыманне РФ. У ранішняй зводцы Генеральны штаб ЗСУ заявіў, што з Беларусі ў Белгарадскую вобласць Расеі накіравалі партыю боепрыпасаў. Гаворка пра аб’ём 20 вагонаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Pixabay

Аднак Генштаб ЗСУ адзначыў, што на валынскім і палескім кірунках «прыкметаў фармавання наступальных груповак войскаў РФ не выявілі».

У суботу, 25 чэрвеня, Уладзімір Пуцін паабяцаў Аляксандру Лукашэнку перадаць Беларусі ракетныя комплексы «Іскандэр-М», здольныя несці ядравыя боегалоўкі. Таксама ён прапанаваў пераабсталяваць у Расеі самалёты Су-25, якія стаяць на ўзбраенні ў Беларусі.

Учора прэзідэнт Украіны звярнуўся да беларусаў, заявіўшы, што іх «уцягваюць у вайну». Уладзімір Зяленскі адзначыў: беларусы падтрымліваюць Украіну і выступаюць супраць вайны.

Hавiны
«Вас уцягваюць у вайну». Уладзімір Зяленскі звярнуўся да беларусаў
2022.06.27 00:08

Нагадаем, што Галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны Украіны сцвярджае, што Расея плануе павялічыць колькасць сваёй авіяцыі на тэрыторыі Беларусі і вярнуць на Гомельшчыну падраздзяленні сухаземных войскаў. У прыватнасці, запланаваны пералёт 10 самалётаў на аэрадром Баранавічаў.

Раман Лугоўскі belsat.eu

 

Стужка навінаў