Заробкі на трускалках: для людзей – дадатковыя грошы, для фермераў – сапраўдная латарэя


У вёсцы Дварэц знаходзіцца самы вялікі сезонны кірмаш клубніцы. Рынак працуе каля трох тыдняў на год. Мясцовыя жыхары, якія вырошчваюць ягады, штосезон вязуць іх на продаж на вазках, роварах і аўтамабілях. Лунінецкі раён, Беларусь. 21 чэрвеня 2021 гоад.
Фота: АЗ / Белсат

Спякота, што захапіла краіну на мінулым тыдні істотна сапсавала спадзяванні гаспадароў, якія вырошчваюць трускалкі. Летась гэтыя ягады добра ўрадзілі і многія, хто займаецца трускалкамі атрымаў прыбытак. А па выніках сёлетняга сезону некаторыя фермеры распавялі «Белсату», што рыхтуюцца нават падлічваць страты.

Лепшы прыбытак атрымлівае той, хто збірае ўраджай самы першы

Ягадны бізнес у апошнія гады атрымаў шырокі распаўсюд на Берасцейшчыне. Здаўна ў Лунінецкім раёне людзі вырошчвалі трускалкі і зараблялі на гэтым. З часам гэтую культуру пачалі вырошчваць не толькі ў раёне, але і ў цэлым рэгіёне.

Фермер з Лунінецкага раёну распавёў «Белсату», што цяпер лепшы прыбытак атрымлівае той, хто збірае ўраджай самы першы.

«Я некалькі гадоў займаюся менавіта гатункам «Альба». Ураджай збіраю амаль на тыдзень раней, чым астатнія. Ды і ягады самыя даволі вялікія і смачныя, праўда, адыходзяць даволі хутка. Сёлета мне ўдалося выручыць 30 тысячаў рублёў. Але летась было нашмат болей», – кажа прадпрымальнік з Лунінца.

Hавiны
Беларусы накінуліся на трускалкі. Фотарэпартаж з клубнічнай сталіцы – вёскі Дварэц Лунінецкага раёну
2021.06.22 16:56

Фермер з Івацэвіцкага раёну трэці год вырошчвае трускалкі. Летась, паводле яго словаў, год быў надзвычай спрыяльны для такога бізнесу. А вось сёлета праз спякоту ягады даволі хутка знікаюць.

«Увогуле займацца трускалкамі ў Беларусі – гэта гуляць у латарэю. Ніколі не прадкажаш, які будзе вынік. Мы цалкам залежым ад «нябеснай канцылярыі» і нічога не можам змяніць. А выдаткі проста вялізарныя», – кажа прадпрымальнік.

У вёсцы Дварэц знаходзіцца самы вялікі сезонны кірмаш клубніцы. Рынак працуе каля трох тыдняў на год. Мясцовыя жыхары, якія вырошчваюць ягады, штосезон вязуць іх на продаж на вазках, роварах і аўтамабілях. Лунінецкі раён, Беларусь. 21 чэрвеня 2021 гоад.
Фота: АЗ / Белсат

Бізнесоўца мае каля 10 гектараў трускалак. Паводле яго падлікаў, на адзін гектар неабходна каля 45 тысячаў саджанцаў. Адзін, дарэчы, каштуе каля 50 капеек. Першы год разлічваць на ўраджай не выпадае. Пры гэтым поле неабходна абрабляць. Тут не толькі выдаткі на тое, каб прапалоць ягады ад пустазелля, але і хімічнае апрацаванне. Шмат хваробаў і шкоднікаў намагаюцца знішчыць плантацыі. Праз некалькіх гадоў кусты неабходна перасаджваць, паколькі трускалкі старэюць і перастаюць даваць ураджай.

«Сёлета ў сярэднім з аднаго гектару я выбіраў каля 10 тон ягад. Летась было каля 20. Цяпер кілаграм трускалак каштуе каля 2 рублёў. У пачатку сезону можна было прадаць нават за 5 рублёў за кілаграм і даражэй, але кошты вагаюцца. З гэтага каля 80 капеек за кілаграм мне трэба заплаціць людзям, якія выбіраюць ягады. Калі падлічыць выдаткі на працоўную сілу, палівы, хімію, транспартныя выдаткі і гэтак далей, то па выніках сезону прыбытак можа быць вельмі мізэрны. А сродкі ж трэба яшчэ і далей, каб даглядаць поле. Не ведаю, што будзе па выніках гэтага сезону. Але аптымізму няма», – кажа фермер.

Аб’ектыў
«Клубнічных баронаў няма». Як шматдзетная сям’я выжывае на ягадах
2017.06.30 22:53

У сярэднім сезон трускалак прыцягваецца ад 10 да 14 дзён. Адпаведна, ягады выбіраюць на палях усяго толькі 5 – 7 разоў. Прадукты набываюць гандляры з Менску, некаторыя вязуць у Расею. Прычым, кошт на беларускую трускалку залежыць ад таго, якім будзе сезон у расейскім Краснадары, кажа прадпрымальнік. Меркавалася, што сёлета ў іх не будзе ўраджаю, але атрымалася з дакладнасцю наадварот.

За тыдзень зарабілі пенсію

У сваю чаргу працаўнікі, якія выбіраюць у фермераў на палетках трускалкі, кажуць, што гэта добрая магчымасць зарабіць. Але летась заробкі былі нашмат большыя.

«Цяпер ягады вельмі дробныя. Каб назбіраць скрыню, трэба шмат часу выдаткаваць. Я ведаю, што ў Драгічынскім і Кобрынскім раёнах ягады нашмат большыя па памерах. Праўда, там плоцяць па 50 капеек за кілаграм сабранай ягады, але можна зарабіць болей, чым тут», – распавяла «Белсату» жанчына, якая прыехала на збор трускалак.

У вёсцы Дварэц знаходзіцца самы вялікі сезонны кірмаш клубніцы. Рынак працуе каля трох тыдняў на год. Мясцовыя жыхары, якія вырошчваюць ягады, штосезон вязуць іх на продаж на вазках, роварах і аўтамабілях. Лунінецкі раён, Беларусь. 21 чэрвеня 2021 гоад.
Фота: АЗ / Белсат

Паводле жанчыны, яна за дзень зарабляе каля 70-80 рублёў. Праца даволі складаная, пасля якой баляць і рукі, і спіна, але людзі не цураюцца атрымаць магчымасць дадатковага заробку.

«Мы пенсіянеры. Штодня ездзім на выбарку трускалак. За два тыдні зарабілі ў два разы болей, чым пенсія. Для людзей гэта добрая магчымасць зарабіць. Ды і набыць трускалкі ў некаторых гаспадароў можна за больш нізкія кошты, чым на рынку», – распавялі «Белсату» людзі, якія прыехалі на поле зарабіць.

Адметна, што гаспадары самыя возяць працаўнікоў на свае палеткі. Адмыслова аб’яўляюць збор у пэўным месцы і забіраюць ахвочых на аўтобусах. Праўда, працу пачынаюць вельмі рана. Каб заняць месца ў транспарце на працу, трэба быць на месцы ўжо а 4 раніцы. Людзі працуюць на полі да 14 гадзіны і адразу ж атрымліваюць свой заробак.

Фермеры, якія вырошчваць ягады кажуць, што гэты бізнес у Беларусі даволі складаны. Выжываюць толькі самыя моцныя і ўпартыя, якія могуць дазволіць дадатковыя выдаткі. З дзясяткаў гаспадароў працягваюць працу толькі адзінкі.

Аб’ектыў
Ці сапраўды Беларусь неспрыяльная для сельскай гаспадаркі?
2019.11.29 23:34

СК belsat.eu

Стужка навінаў