У ЕЗ можа з'явіцца ўніверсітэт для рэпрэсаваных студэнтаў і выкладчыкаў


Марш студэнтаў. Менск, Беларусь. 1 верасня 2020 году.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

Ініцыятар ідэі стварыць такі ўніверсітэт – міжнародная група навукоўцаў і дзеячаў культуры, паведамляе DW.

Сярод іх – расейскі эканаміст Сяргей Гурыеў, лаўрэатка нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Вольга Такарчук, амерыканскі гісторык Цімаці Снайдэр. Яны заклікаюць падтрымаць рэпрэсаваныя грамадзянскія супольнасці Беларусі і Расеі.

Ініцыятары ліста просяць еўрапейскіх палітыкаў дапамагчы ў стварэнні Усходнееўрапейскага ўніверсітэту на тэрыторыі краінаў-чальцоў ЕЗ для рэпрэсаваных студэнтаў і выкладчыкаў, вымушаных бегчы з Беларусі і Расеі.

Адзін з ініцыятараў праекту – нямецкі гісторык Усходняй Еўропы ў Цэнтры даследаванняў сучаснай гісторыі ў Патсдаме Ян Клаас Бэрэндс распавёў, што ідэя ўзнікла яшчэ ў мінулым годзе на фоне пратэстаў у Беларусі:

«Праз пандэмію наш інстытут зэканоміў сродкі, прызначаныя для камандзіровак, і мы змаглі запрасіць да сябе калегаў з Беларусі. Цяпер яны працуюць у нас у Цэнтры даследаванняў сучаснай гісторыі Асацыяцыі Лейбніца ў Патсдаме. Акрамя таго з’явілася ініцыятыва Нямецкай асацыяцыі па даследаваннях Усходняй Еўропы для студэнтаў з Беларусі».

Ён узгадаў гістарычныя прыкады так званых універсітэтаў у выгнанні. Так Свабодны ўніверсітэт Берліну прымаў маладых студэнтаў з савецкай зоны акупацыі ў пасляваенным Берліне, якія з 1948 году перабіраліся ў амерыканскі сектар. The New School of Social Research у Нью-Ёрку прымаў нямецкіх імігрантаў у 30-40-я гады.

«Акрамя асабістай свабоды для навукоўцаў такім чынам вырашаюцца і сацыяльныя пытанні. Тыя, хто збег з Беларусі і Расеі, ужо тут, у Еўропе, але ў Нямеччыне не створаныя ніякія структуры для іх прыёму. Ёсць у Літве, у Польшчы, але амаль няма ў Заходняй Еўропе. Наша ідэя палягае ў тым, каб знайсці еўрапейскае рашэнне для гэтай праблемы – і адначасова стварыць умовы для пераследаваных навукоўцаў, каб яны далей маглі працаваць», – патлумачыў Бэрэндс.

Пра нейкія канкрэтныя тэрміны эксперт гаварыць не стаў, адзначыў толькі што «мы ў пачатку шляху».

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў