еЗдароўе – праца для звольненых дактароў і бясплатныя кансультацыі беларусам


Распрацоўнікі праекту перакананыя: «еЗдароўе» дапаможа захаваць медыкаў у іхнай працоўнай сферы, а беларусы атрымаюць якасную медычную дапамогу.

Рэліз праекту адбыўся 17 чэрвеня, і ўсяго за тыдзень на платформе зарэгістраваліся больш за 30 адмыслоўцаў розных спецыяльнасцяў і блізу 3000 унікальных пацыентаў, якія атрымалі амаль 700 кансультацыяў.

Яраслаў Ліхачэўскі.
Фота: асабісты архіў

Адзін са стваральнікаў праекту – Яраслаў Ліхачэўскі – распавёў, што ідэя «еЗдоровье» будавалася вакол таго, што ў Беларусі праз палітычныя матывы былі звольненыя шмат медыкаў, а таксама дзяржава не дае рады з забеспячэннем якаснай дапамогі:

«Мы маем з аднаго боку шмат звольненых дактароў, якія не могуць знайсці сабе працы, а з другога – беларусаў, у якіх зніжаецца якасць медычных паслуг. Таму мы паставілі за мэту ўладкаваць звольненых і зрабіць паслугі медыкаў больш даступнымі».

Жыхары Беларусі могуць атрымаць кансультацыю адмыслоўца бясплатна ці за грошы, якія пацыенту камфортна заплаціць.

«Цяпер кансультацыі ўмоўна бясплатныя. Пасля размовы з доктарам чалавеку прапаноўваецца фундаваць у Фонд медычнай салідарнасці, які потым размяркоўвае грошы спецыялістам. Калі ёсць магчымасць заплаціць – чалавек плоціць, а калі не – яго ніхто не прымушае, бо кансультацыю ён ужо атрымаў», – патлумачыў стваральнік праекту.

Паводле Ліхачэўскага, у асноўным заробак доктара ствараецца за кошт кансультацыяў для замежных пацыентаў, дзе цэны на паслугі значна вышэйшыя, чымся ў нашай краіне:

«Мне паўнавартасны прыём доктара ў Нідэрландах, афтальмолага, напрыклад, каштуе блізу 150 еўраў. А ў Беларусі афтальмолаг можа зарабляць на дзяржаўнай працы 300 еўраў за месяц. І ў такім выпадку я буду шчаслівы заплаціць беларускаму доктару 50 ці 70 еўраў за кансультацыю, чым ісці да нідэрландскага спецыяліста».

Хто кансультуе пацыентаў у «еЗдароўе»

Платформа не мае абмежавання ў колькасці медыкаў, якія захочуць кансультаваць пацыентаў такім чынам. Іншае пытанне – ці будзе дастаткова запатрабаваных спецыялістаў: за першыя дні працы найбольш заявак паступіла на сустрэчу з тэрапеўтамі і педыятрамі.

Распрацоўнік праекту Павел Лібер
Фота: pavel.liber / facebook

Распрацоўнік праекту Павел Лібер адзначыў, што амаль усе дактары могуць быць карысныя ў кансультаванні. На платформу з пытаннямі прыходзяць нават да анестэзіёлагаў і медсясцёр, усе зарэгістраваныя медыкі папярэдне верыфікуюцца:

«Доктар піша заяўку на нашай платформе, потым мы просім даслаць дакументы, якія пацвярджаюць ягоную асобу, а таксама дыплом і рэкамендацыю ад калег з медычных супольнасцяў, якія пацвердзяць, што гэты чалавек можа кансультаваць».

Доктар кансультуе ананімна, бо адмысловец у межах Беларусі можа трапіць пад пераслед. Камунікуе ён з пацыентам праз мэсэнджары, але можа правесці і размову, калі пачуваецца бяспечна.

У асноўным праект разлічаны на дактароў у Беларусі, якія страцілі працу, але шмат хто быў вымушаны з’ехаць за мяжу – яны таксама рэгіструюцца на платформе.

«Часам дактары за мяжою не могуць знайсці працы, бо ёсць праблема мовы. У Літве ці Польшчы табе ўсё адно патрэбная мова, каб пачаць афіцыйна працаваць. Таму платформа падтрымлівае і такіх спецыялістаў», – патлумачыў Лібер.

Як працуе платформа для пацыентаў

На платформе можна запісацца на прыём да адмыслоўца на пэўны час ці пакінуць пытанне, на якое адкажа доктар, які мае цяпер час. У чат-боце з’явіцца паведамленне, калі заяўку возьме адмысловец і створыць з пацыентам чат.

«На платформе ёсць механізм, паводле якога доктар можа даць пацыенту адмысловы код, з яго дапамогай пацыент запішацца да таго ж спецыяліста, калі будзе патрэба ў паўторнай кансультацыі».

Пацыент таксама камунікуе з доктарам ананімна і перадае толькі тую інфармацыю пра сябе, якую лічыць неабходнай. Аднак у асабістым кабінеце захоўваюцца назначэнні і парады адмыслоўца.

«Інфармацыя пра пацыента даступная доктару толькі падчас размовы. Лекар не можа проста ўзяць «картку» любога чалавека. Таксама пацыент пастанаўляе, захоўваць звесткі ў сваім кабінеце ці выдаліць іх», – падкрэсліў распрацоўнік.

Аплату пасля кансультацыі карыстальнік можа ажыццявіць праз віджэт на платформе. Праўда, яго заблакавалі амаль адразу пасля рэлізу праекту, таму опцыя даступная жыхарам Беларусі толькі праз VPN.

Павел Лібер адзначыў, што ў праекце спалучыліся дзве паралельныя гісторыі – фундатарства і онлайн-кансультацыі: «Мы хочам, каб дактары дапамагалі людзям, а людзі падтрымлівалі медыкаў, якія пацярпелі ад рэжыму».

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў