Юрысты з ЗША і Канады прызналі дзеянні Расеі ва Украіне генацыдам


Дзеянні Расеі даюць дастаткова доказаў таго, што Масква падбухторвае да генацыду і здзяйсняе злачынствы, накіраваныя на знішчэнне ўкраінскага народу. Пра гэта гаворыцца ў юрыдычнай справаздачы, падпісанай больш як 30 навукоўцамі-правазнаўцамі ды экспертамі ў галіне генацыду.

Труп мясцовага жыхара пасля сыходу расейскіх войскаў на трасе за 20 кіламетраў ад Кіева, Украіна. 2 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

У справаздачы расейскую дзяржаву вінавацяць у парушэнні некалькіх артыкулаў Канвенцыі ААН аб генацыдзе. Справаздача папярэджвае аб сур’ёзнай і немінучай рызыцы генацыду ва Украіне, падмацоўваючы абвінавачванні доўгім спісам доказаў, у тым ліку прыкладамі масавых забойстваў мірных жыхароў, гвалтоўных дэпартацыяў і бесчалавечнай антыўкраінскай рыторыкі, якая выкарыстоўваецца найвышэйшымі расейскімі афіцыйнымі асобамі, перадае CNN.

Даклад падрыхтавалі дзве экспертныя групы – New Lines Institute з ЗША і Цэнтр Рауля Валенбэрга з Канады, якія раней расследавалі генацыд рахінгʼя і ўйгураў у Мʼянме і Кітаі.

Hавiны
«Amnesty International» заклікае пакараць кіраўнікоў дзяржаваў, якія ведалі пра ваенныя злачынствы ва Украіне
2022.05.07 13:33

Згодна з Канвенцыяй ААН аб генацыдзе, бакі, якія падпісалі яе, нясуць юрыдычны абавязак перадухіляць генацыд, і ў справаздачы ўтрымліваецца заклік да міжнароднай супольнасці дзейнічаць.

«У нас зусім няма часу, мы лічым, што існуе вельмі сурʼёзная рызыка генацыду, – сказаў Азім Ібрагім з New Lines Institute. – Кожная краіна, якая падпісала Канвенцыю аб генацыдзе, а гэта 151 краіна, у тым ліку Расейская Федэрацыя, кожная краіна павінна зрабіць усё магчымае, каб пакласці гэтаму канец, інакш яны таксама будуць парушаць канвенцыю».

Як у Срэбрэныцы

У справаздачы група праводзіцца наўпроставае параўнанне з разнёй у Срэбрэныцы ў 1995 годзе, калі былі забітыя больш за 7000 баснійскіх мусульманскіх хлопчыкаў і мужчынаў.

New Lines Institute і Цэнтр Рауля Валенбэрга кажуць, што расейская дзяржава парушае два артыкулы Канвенцыі аб генацыдзе. У артыкуле 2 вядзецца, што генацыд – гэта «дзеянні з намерам поўнасцю або часткова знішчыць нацыянальную, этнічную, расавую або рэлігійную групу». А ў артыкуле 3 гаворыцца аб «непасрэдным і публічным падбухторванні да здзяйснення генацыду».

Hавiны
Украінскі амбудсмен: за гадзіну звярнуліся 10 згвалтаваных, 8 з іх – няпоўнагадовыя
2022.05.19 18:31

Гэта датычыць як задакументаваных дзеянняў расейскай арміі ў захопленых населеных пунктах, так і словаў найвышэйшых службовых асоб РФ, у тым ліку прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, і тэлепрапагандыстаў – аб тым, што Украіна не мае права на існаванне як незалежная дзяржава, што гэта «нацысцкая дзяржава» і так далей.

Таксама Расею вінавацяць у здзяйсненні «сістэмы паслядоўных і шырокамаштабных зверстваў супраць украінскага цывільнага насельніцтва» падчас уварванняў. Гэта ўключае наўмысныя напады Расеі на сховішчы, шляхі эвакуацыі і медычныя ўстановы, а таксама нявыбарчыя абстрэлы жылых раёнаў, згвалтаванні, аблогі, крадзеж збожжа і гвалтоўныя дэпартацыі ў Расею – усё гэта роўнае «генацыднаму ўзору разбурэння».

Hавiны
«Сябе ў лік Бога ўзвысілі». Мэр Бучы патлумачыў забойствы гараджанаў беспакаранасцю РФ за ранейшыя злачынствы
2022.05.21 10:37

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў