Стала вядома, калі беларусы змогуць атрымаць гуманітарныя візы і віды на жыхарства ў Польшчы


Цэнтр Беларускай Салідарнасці сумесна з Офісам Святланы Ціханоўскай і НАУ атрымалі адказ ад польскага МУС, калі беларусы змогуць карыстацца новымі механізмамі атрымання гуманітарных віз і відаў на жыхарства. Зменамі ў польскім заканадаўстве беларусы змогуць карыстацца ад ліпеня, паведамляе тэлеграм-канал ЦБС.

Пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Менск, Беларусь. 16 ліпеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

МУС растлумачыла, што вядзецца заканадаўчая праца над пастановай Міністра ўнутраных спраў у адносінах да грамадзян, якія будуць мець права хадайнічаць аб прадстаўленні дазволу на часовае знаходжанне (ВНЖ), прадугледжанага ў арт. 186, ч. 1, п. 9 Закона аб іншаземцах (так званы «гуманітарны від на жыхарства»). Цяпер завяршаецца этап міжведамасных кансультацый.

Трэба адзначыць, што ў пастанове ўжо пазначана катэгорыя «грамадзяне Беларусі». Гэта азначае, што ўсе беларусы змогуць хадайнічаць аб атрыманні гуманітарных віз і відаў на жыхарства.

Завяршэнне працы над гэтымі дакументамі, а таксама іх афіцыйная публікацыя запланавана на канец чэрвеня 2022 г. Уступленне гэтых пастаноў у законную сілу надыдзе пасля заканчэння 14 дзён з моманту іх публікацыі.

Аб’ектыў
Беларусам спрасцілі легалізацыю ў Польшчы
2022.04.15 23:21

МЗС Польшчы ў сваю чаргу таксама працуе над адпаведнай пастановай, якая вызначыць працэдуру падачы заяваў на выдачу нацыянальных візаў на тэрыторыі Польшчы. Унутрыведамасныя ўзгадненні запланаваны на пачатак чэрвеня. Вядзецца таксама праца над тэхнічным забеспячэннем рэалізацыі гэтай працэдуры. Як мяркуецца, ужо ў ліпені бягучага года пачнецца прыём заяў.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў