Саўмін Беларусі на Br 3,7 млн павялічыў выдаткі на заробкі міліцыянтаў


Савет міністраў Беларусі сваёй пастановай № 333 ад 25 траўня павялічыў бюджэтныя выдаткі на Міністэрства ўнутраных справаў. Дакумент афіцыйна апублікаваны 27 траўня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Міліцэйская машына ў Чыжоўцы. Менск, Беларусь. 27 жніўня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Расходы бюджэту на МУС павялічваюцца на Br 11,6 млн на органы ўнутраных справаў, у тым ліку Br 3,7 млн на аплату працы, Br 4 млн на сістэму абароны інфармацыі, Br 1,9 млн на закуп рэчавай маёмасці і Br 2 млн на аплату транспартавых паслуг.

Таксама павялічваюцца выдаткі МУС на агульную сярэднюю адукацыю на Br 100 тыс. для закупкі маёмасці, на вышэйшую і пасляўніверсітэцкую адукацыю – на Br 800 тыс. для аплаты працы, а на дадатковую адукацыю дарослых – на Br 500 тыс. для аплаты працы.

Выдаткі павялічваюцца коштам змяншэння сродкаў, прадугледжаных МУС для вырабу дакументаў, якія сведчаць асобу.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў