«Гэта не проста полк…» Беларускі баец Дзяніс Кіт расказаў, чаму легендарны «Азоў» немагчыма перамагчы


У чым сакрэт непераможнай стойкасці ўкраінскага палка «Азоў», які больш за 80 дзён бараніў Марыупаль? Пра гэта паразмаўлялі з байцом беларускага палка імя Кастуся Каліноўскага Дзянісам, пазыўны Кіт. Раней Дзяніс два гады ваяваў у складзе «Азова» на ўсходзе Украіны, а з пачаткам другой фазы вайны ўступіў у Кіеве ў падраздзяленне тэрытарыяльнай абароны (ТРА) «Азоў», з якога, па сутнасці, і вырас батальён Каліноўскага.

Беларускі добраахвотнік Дзяніс з пазыўным Кіт, які атрымаў раненне ў баях за Бучу ў сакавіку 2022 года.
Фота: Полк Каліноўскага / Telegram

З Дзянісам Кітом гутарым позна ўвечары 24 траўня. Ён адразу прызнаецца, што быў «гарачы дзянёк», але дадае, што да адбою яшчэ маем трохі часу. Ужо позна. Са здзіўленнем пытаюся, калі ж адбой.

«Каманда «Адбой!» гучыць роўна апоўначы, у 00 гадзін. І пасля гэтага – ніякіх моцных гукаў і размоваў», – усміхаецца на тым канцы сувязі Дзяніс. Пад’ём, дарэчы, у каліноўцаў а 7:30.

«Зладзілі блізкую сістэму да «Азова»

«Белсат»: Чым атмасфера ў батальёне Каліноўскага розніцца, на ваш погляд, ад таго, што было ў «Азове»?

Дзяніс Кіт: Тут трошкі ўдакладню. Па-першае, нядаўна мы абвясцілі пра фармаванне менавіта палка імя Каліноўскага, так што буду называць яго палком. Па-другое, будзем адрозніваць уласна баявую вайсковую структуру (полк «Азоў») ад падраздзялення ТРА «Азоў». Калі казаць пра полк – гэта асобная гісторыя. Там свой графік, і ён больш жорсткі.

Полк жа Каліноўскага пераняў ідэю ТРА «Азоў», мы зладзілі блізкую сістэму, бо ўжо мелі досвед стварэння такой структуры. У нас, як і там, ёсць штодзённыя трэнаванні, тры разы на дзень па дзве гадзіны. Трэнаванні рознага кшталту – у тактыка-страявой, мінна-сапёрнай, снайперскай справе, тэорыя, фільмы, лекцыі і г. д. У нядзелю – ПГД, так званы паркава-гаспадарчы дзень…

Шаўроны ўкраінскага палка «Азоў».
Фота: focus.ua

– Патлумачце, калі ласка, якое дачыненне ТРА «Азоў» мае да палка «Азоў».

– Калі 24 лютага пачалася другая фаза поўнамаштабнай вайны ва Украіне, частка былых байцоў палка «Азоў» і ветэранаў абʼядналіся ў Кіеве і стварылі батальён тэрабароны «Азоў», хоць асноўны полк быў у Марыупалі. Я як чалавек, які служыў у палку «Азоў», таксама стаў яго байцом. Калі б тэрытарыяльна мы былі бліжэй да Марыупалю, то не выключаю, што таксама ўзялі б удзел у абароне «Азоўсталі».

«Незразумела, выратаванне гэта ці не»

– Як успрымаеце сітуацыю з абаронцамі «Азоўсталі», якую адныя называюць здачай у палон, а іншыя – эвакуацыяй?

– Я хацеў бы прытрымлівацца афіцыйнага рашэння камандзіра палка і меркавання, скажам так, Андрэя Білецкага (палітык і былы камандзір «Азова». – Заўв. ЗМ.), які папрасіў не ўскладняць сваймі ацэнкамі і прагнозамі тое, што вырашылі камандзіры. Я ўпэўнены, што сітуацыя, у якой апынуліся хлопцы на «Азоўсталі», патрабавала хуткага развязання. Пытанне курыравалася на найвышэйшым узроўні. І не мне даваць ацэнку гэтаму рашэнню.

Абаронцы металургічнага заводу «Азоўсталь», якія здаліся ў расейскі палон. Данецкая вобласць, Украіна. 20 траўня 2022 года.
Фота: Alexander Garmayev / TASS / Forum

Таму я прытрымліваюся афіцыйнага меркавання і рашэння камандзіра палка. Мяркую, што ў іх усё было, скажам так, прадумана, і яны ведаюць што робяць.

– Ці былі сярод абаронцаў «Азоўсталі» вашыя знаёмыя, і ці падтрымлівалі вы з імі сувязь?

– Так, знаёмыя былі і ёсць. Мы з імі падтрымлівалі сувязь да апошняга. Робім спробы і цяпер. Што будзе далей, на жаль, невядома. Чалавек, які быў там, перадаў нам, што, маўляў, незразумела, выратаванне гэта ці не. Але ўсе мы разумеем, што гэта такое – адправіць найлепшых байцоў з «Азоўсталі» на варожую, груба кажучы, тэрыторыю. Усе разумеем гэта. І застаецца спадзявацца толькі на нейкія вельмі высокія дамоўленасці. Але пакуль слаба ўяўляецца нешта добрае…

«У цэнтры – каштоўнасць кожнага байца»

– Вы праслужылі ў палку «Азоў» два гады. Як ваявалася? Якія былі традыцыі ў палку?

– Адчуваю вялікі гонар, што некалі быў часткай гэтага падраздзялення. Узяў адтуль найлепшае, што там было. Полк «Азоў» браў за аснову сістэму натаўскіх стандартаў. Паводле стандартаў NATO, баявая адзінка адлічваецца ад асобнага жаўнера. Не так, як у Савецкай арміі, ад аддзялення. У цэнтры сістэмы – індывідуальнасць і каштоўнасць кожнага байца. І стасункі ў калектыве выбудоўваюцца адпаведныя. Усе трэнаванні, увесь побыт ладзяцца такім чынам, каб байцы між сабой максімальна згуртоўваліся. Плюс спрыянне натаўскіх інструктараў з вялікім досведам.

Усё гэта прыцягвала ў полк «Азоў» амбіцыйных і моцных маладых хлопцаў, якія не хацелі служыць у нейкім падабенстве арміі, баяліся апынуцца ў саветчыне. Яны прыходзілі туды за стасункамі новага ўзроўню. І атрымлівалі іх.

То бок «Азоў» – гэта не проста полк, гэта вялікая сямʼя. Праўда. Гэта не пустыя словы. Я падчас службы ў «Азове» пабываў у розных падраздзяленнях і магу шчыра сказаць, што яго камандзіры не ловяць зорак, стараюцца трымаць планку і паказваюць прыклад. Не адварочваюцца ад асабовага складу, не зачыняюцца ў высокіх кабінетах, каб будаваць свае планы.

Баец палка Кастуся Каліноўскага з пазыўным Леў падчас трэнавання ў тактыцы вядзення бою. Кіеўская вобласць, Украіна. 23 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

І што б яшчэ хацеў адзначыць. Агульная ідэя. Апроч таго, што там самі па сабе выдатныя байцы, але ўсё цэментуецца яшчэ адной вялікай ідэяй – ідэяй свабоднай Украіны, ідэяй пабрацімскага пляча, ідэяй украінскага духу і смерці пуцінскага рэжыму. Усё гэта ў сукупнасці і стварае вялікі моцны кулак, які пры разумным камандаванні – а таму прыклады аперацыі для вызвалення Марыупалю і абароны «Азоўсталі» – робіцца непераможным. І кулак гэты складаецца з асобаў, якія не зробяць кроку назад, нават калі будуць у поўным акружэнні.

«У маім падраздзяленні не было байцоў са свастыкай»

– Полк «Азоў» шмат хто абвінавачваў у прыхільнасці да нацысцкай ідэалогіі. Наколькі гэтыя абвінавачанні справядлівыя? Няўжо ўсе хадзілі з наколатымі свастыкамі?

– Скажу толькі пра сваё атачэнне. Вакол мяне не было людзей, якія былі прыхільнікамі Гітлера і нацызму.

І канкрэтна ў нашым падраздзяленні зусім не было байцоў са свастыкамі. Так, бачыў хлопцаў, якія цікавіліся нейкімі паганскімі тэмамі. Але культу нацызму і гітлерызму не заўважаў.

Не магу казаць пра ўвесь полк. Нават калі і было, гэта асуджалася і спынялася. І ні ў якім разе не падтрымлівалася і не заахвочвалася. Чуў, што людзі за гэта атрымлівалі вымовы ад камандзіраў.

– І гэта не было абʼяднаўчай ідэяй, як я разумею.

– Абсалютна не. Абʼяднаўчай ідэяй была ідэя ўкраінскай нацыі. Трызуб на сцягу «Азова» – гэта сімвал ідэі нацыі. Там літары «І» і «N». І нейкія паралелі з іншымі сімваламі праводзіліся, толькі каб дыскрэдытаваць полк.

– Апроч вас, былыя азоўцы служаць у беларускім палку Каліноўскага?

– Так. Той жа Лёша, пазыўны Псіхолаг, які страціў нагу пад Бучай. Ёсць яшчэ некалькі байцоў, якія служылі там. Пазыўных не буду называць. Яны сярод нас.

«Навабранцаў не бракуе»

– Калі батальён Каліноўскага перарастае ў полк, значыцца, яго асабовы склад павялічваецца? Калі полк – то ўжо пад 1000 чалавек, так?

– Ну, мы толькі пераходзім да фармавання палка. А фармаванне можа пачынацца ад 400 чалавек. Плюс людзі, якія цяпер у рэзерве, – вучэбная рота і г. д. Таму афіцыйна мы маглі гэта зрабіць і зрабілі гэта – пачалі фармаваць полк імя Кастуся Каліноўскага.

Мaю прaвa
Беларусы заваявалі давер украінцаў цаною ўласнага жыцця
2022.05.20 19:00

Навабранцаў не бракуе. Ёсць пастаянны прыток, і ён стабільны. І гэта выключна беларусы. Асноўнае патрабаванне той структуры, якая дазволіла нам аформіць кантракты, – каб не стваралі нейкага інтэрнацыянальнага легіёну. Навабранцы праходзяць курс маладога байца (мінімум два тыдні). Потым іх пераводзяць у баявыя роты, якія пры неабходнасці могуць быць выкарыстаныя на фронце.

Шаўроны з Пагоняй і бел-чырвона-белым сцягам на плячы байца палка Кастуся Каліноўскага. Кіеўская вобласць, Украіна. 23 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

І цяпер частка нашых людзей на фронце на ўсходзе Украіны ў складзе баявых ротаў.

– Калі будзе полк, то якім будзе сцяг палка?

– Маем афіцыйны шаўрон батальёну імя Каліноўскага. Напэўна, мы яго трохі зменім. Але бел-чырвона-белы сцяг абавязкова застанецца, ён там будзе. З сімволікай палка, з Пагоняй.

  • Беларускі добраахвотніцкі батальён імя Кастуся Каліноўскага быў створаны на пачатку сакавіка 2022 года. Яго касцяком сталі беларусы, якія бралі ўдзел у першай фазе вайны ва Украіне (з 2014 года), у тым ліку ваявалі ў складзе палка «Азоў». 25 сакавіка 2022 года батальён Каліноўскага ўвайшоў у склад Збройных сілаў Украіны, 21 траўня абвясціў аб стварэнні палка, у склад якога ўвойдуць батальёны «Літвін» і «Волат» (названыя ў гонар загінулых байцоў).
  • 17 траўня Генштаб Збройных сілаў Украіны паведаміў пра пачатак аперацыі для выратавання вайскоўцаў з «Азоўсталі» ў Марыупалі. У паведамленні гаварылася пра тое, што «гарнізон «Марыупаль» выканаў пастаўленую баявую задачу» і што быў аддадзены загад «захаваць жыццё асабовага складу». 20 траўня брытанская выведка заяўляла пра 1700 вайскоўцаў, якія выйшлі з «Азоўсталі», Мінабароны Расеі казала пра больш за 2400 чалавек. Цяпер яны на тэрыторыі так званай ДНР. Генштаб ЗСУ абяцае, што вайскоўцаў вернуць «праз працэдуру абмену».
  • Гераічная абарона Марыупалю працягвалася 82 дні.
Гісторыі
«У 2014 годзе на Данбасе я дала абяцанне: калі вайна пачнецца ва ўсёй Украіне, вазьму ў рукі зброю і пайду на фронт»
2022.05.26 11:30

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў