ЗША рэкамендуюць сваім грамадзянам не наведваць Беларусі


Будынак Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША ў Вашынгтоне.
Фота: golos-ameriki.ru

На сайце Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША Беларусь трапіла ў спіс краінаў, у якія грамадзянам Злучаных Штатаў ездзіць не рэкамендуецца.

У прыватнасці, жыхарам ЗША раяць не наведваць Беларусі з прычыны адвольнага выканання законаў і рызыкі затрымання, а таксама заражэння каронавірусам.

«Улады Беларусі затрымалі дзясяткі тысячаў чалавек, у тым ліку грамадзянаў ЗША, нібыта за сувязь з апазіцыйнымі партыямі і нібыта за ўдзел у палітычных дэманстрацыях. Грамадзяне ЗША каля дэманстрацыяў былі арыштаваныя. Некаторыя з іх сталі ахвярамі пераследу і/або жорсткага абыходжання з боку беларускіх чыноўнікаў. Улады Беларусі пераследуюць асобаў, звязаных з незалежнымі і замежнымі медыямі. 23 траўня 2021 года ўлады Беларусі прымусілі пасадзіць камерцыйны самалёт, які перасякаў паветраную прастору Беларусі, каб арыштаваць апазіцыйнага журналіста, які быў пасажырам», – патлумачылі ў Дзярждэпартаменце.

Таксама адзначаюць, што Беларусь «уводзіць у дзеянне адмысловыя абмежаванні для асобаў з падвойным амерыканска-беларускім грамадзянствам і можа адмовіць у прызнанні падвойнага грамадзянства ЗША і Беларусі грамадзянам ЗША, у тым ліку адмовіць або адкласці консульскую дапамогу ЗША затрыманым з падвойным грамадзянствам».

Hавiны
«Ганебны напад на іншадумства». Байдэн – пра захоп рэйсу «Ryanair» і арышт Пратасевіча
2021.05.25 09:22

Нагадаем, што прэзідэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн апублікаваў у ноч на 25 траўня афіцыйную заяву з нагоды інцыдэнту з самалётам «Ryanair» у Беларусі:

«Прымусовае перанакіраванне Беларуссю камерцыйнага рэйсу «Ryanair», які ляцеў між дзвюма дзяржавамі – чальцамі Еўрапейскага Звязу, а таксама наступнае выдаленне і арышт беларускага журналіста Рамана Пратасевіча, які быў у замежнай паездцы, – непасрэднае парушэнне міжнародных нормаў. Злучаныя Штаты рашуча асуджаюць як дыверсію самалёта, так і вываз і арышт спадара Пратасевіча. Гэты абуральны выпадак і відэа, якое, падобна, пад прымусам зрабіў спадар Пратасевіч, – ганебныя напады як на палітычнае іншадумства, так і на свабоду прэсы».

Раней дзейнымі ўладамі былі затрыманыя грамадзяне ЗША Юрась Зянковіч і Віталь Шкляраў. Апошняга пасля тэлефанавання з Вашынгтону вызвалілі.

Hавiны
Дзяржсакратар Майк Пампэа сустрэўся з Віталём Шкляравым і ягонаю сям’ёй
2021.01.02 13:48

МГ belsat.eu

Стужка навінаў