Як цяпер легальна пакінуць Беларусь


Ва ўмовах пандэміі наземныя межы Беларусі аказаліся амаль закрытымі, а паветраную прастору для Беларусі шэраг краінаў закрыў у сувязі з захопам самалёта «Ryanair» Менскам. Але пакінуць Беларусь усё яшчэ можна, нават у турыстычных мэтах.

Як пакінуць Беларусь. Калаж: Белсат

Выезд «часова прыпынены». Так Памежны камітэт апісвае сітуацыю на наземных памежных пунктах пропуску.

Па зямлі некаторых усё ж прапусцяць. Ехаць можна з пісьмовым дазволам на права ўезду ў іншую дзяржаву для атрымання адукацыі або ў сувязі з працоўнаю дзейнасцю (падыдзе і службовая камандзіроўка). Выпускаюць таксама дыпламатаў, дальнабойнікаў, родзічаў цяжка хворых і памерлых за мяжою, тых, хто едзе лекавацца і гэтак далей. Поўны спіс тут. З відам на жыхарства за мяжу выпусцяць, але адзін раз на паўгода. У Берасцейскай, Гомельскай і Гарадзенскай вобласцях возьмуць плату за выезд машынаю. І трэба правяраць, ці прыме аўтамабіль тая краіна, у якую ўязджае машына: падрабязны спіс абмежаванняў паводле краінаў тут.

Аўтобусы і цягнікі яшчэ ходзяць. Купіць квіток можна на аўтобусы да Варшавы, Вільні, Кіева, Масквы, Рыгі ды іншых гарадоў (рэйсаў не так шмат, як было да пандэміі). Цягнікі ходзяць у Расею, але не ходзяць ва Украіну, Польшчу, Літву і Латвію.

Вылет з Беларусі не абмежаваны памежнікамі. Беларускі бок нават не патрабуе праходзіць тэсту на каронавірус, але гэта можа патрабаваць краіна, куды накіроўваецца падарожнік. Спіс патрабаванняў і абмежаванняў розных краінаў ёсць на сайце той жа «Белавіі».

На палёты над Еўразвязам лепей не разлічваць. Пакуль толькі частка еўрапейскіх краінаў закрыла неба для Беларусі, але спіс такіх краінаў штодзень пашыраецца (праз непаразуменне ў абмежаваннях можна доўга кружляць над Беларуссю). Саміт Еўразвязу ўжо пастанавіў забараніць палёты беларускім авіякампаніям, але рашэнне яшчэ не ўхвалілі канчаткова.

Але над Украінай і Расеяй яшчэ можна лётаць. Украіна на сёння спыніла авіязлучэнне з Беларуссю, але прапускае ў сваё неба самалёты, якія кіруюцца ў Беларусь з іншых краінаў. Пэўнасць ёсць толькі адносна палётаў у Расею і праз яе ў іншыя краіны: расейскія ўлады не анансавалі забаронаў для беларускіх самалётаў.

Абноўлена. Ад 29 траўня Ўкраіна забараняе «Белавіі» і транзітныя палёты. Авіякампанія шукае новы шлях на поўдзень.

Абноўлена
Польшча, Латвія, Літва, Славакія, Фінляндыя, Чэхія і Швецыя закрылі сваё неба для Беларусі. Хто яшчэ
2021.05.26 18:45

Турыстычныя аператары працуюць. Цяпер можна купіць туры хоць па польскіх замках, хоць на турэцкія пляжы. Нават у акупаваны Расеяй украінскі Крым ці ў далёкую «братнюю» Венесуэлу. Аднак трэба пільна сачыць за тым, што прапануе тураператар і якія гарантыі дае.

Сілавікі могуць зацікавіцца тымі, хто хоча з’ехаць. Так, напрыклад, здарылася з працаўніком «Беларусьнафты», які планаваў цалкам легальна пакінуць Беларусь: сілавікі падумалі, што ён «спрабуе схавацца», хоць мужчына не меў падпіскі пра нявыезд, а колішнія абвінавачанні з яго знялі.

Уцекачы мінаюць мяжу і нелегальна. Гэтак, адзін асуджаны на «хімію» студэнт расказваў, што перасякаў літоўскую мяжу «палямі, лясамі», а літоўскія памежнікі сустрэлі яго з разуменнем, бо ён быў не першы такі ўцякач.

АА belsat.eu

Стужка навінаў