У Грэцыі ды Украіне абвінавацілі афіцыйны Менск у хлусні


Самалёт Ryanair.
Фота: Niall Carson / PA Images / Forum

Авіяцыйныя ўлады Украіны ды Грэцыі адпрэчылі заявы дзейных уладаў Беларусі адносна сітуацыі з рэйсам «Ryanair» Афіны-Вільня, які быў прымусова пасаджаны ў Менску.

У «Украэроруху» заявілі, што абвінавачанні Аляксандра Лукашэнкі аб адмове аэрапортаў Кіева і Львова прыняць «замінаваны» самалёт не адпавядае рэчаіснасці. А паведамленне пра неабходнасць прыняць самалёт з выбухоўкай не паступала ўкраінскім дыспетчарам, распавяла журналістам «24 канала» прэс-сакратарка «Украэроруху» Аксана Ожыгава.

Кіраўнік прадпрыемства Андрэй Ярмак паведаміў, што падчас 25-хвіліннага знаходжання самалёта ў Львоўскім раёне палётнай інфармацыі перамовы экіпажа з дыспетчарамі праходзілі ў штатным рэжыме. Ніякія паведамленні аб нестандартнай сітуацыі на борце самалёта і запыты на змену плана палёту не паступалі ні з якіх крыніц.

У прэс-службе аэрапорту «Кіеў» таксама распавялі, што не атрымлівалі апавяшчэння аб замінаванным самалёце.

Аналітыка
Лукашэнка выступіў перад дэпутатамі. Што ён сказаў – і што з гэтага праўда
2021.05.26 16:17

Таксама і ва Упраўленні грамадзянскай авіяцыі (УГА) Грэцыі абверглі словы Аляксандра Лукашэнкі, што Афіны нібыта атрымалі інфармацыю аб выбуховым прыстасаванні на борце самалёту. Як піша газета «Proto Thema», ва ўпраўленні заявілі, што «інфармацыя, якая публікуецца пра нібыта наяўную інфармацыю Афінскага міжнароднага аэрапорту або грэцкіх уладаў аб існаванні якой-небудзь пагрозы для палёту «Ryanair», з’яўляецца цалкам ілжывай, неабгрунтаванай і цалкам уводзіць у зман».

У УГА адзначылі, што перад вылетам самалёт прайшоў усе вызначаныя праверкі бяспекі, у тым ліку дагляд ручной паклажы і багажу, якіх-небудзь пагроз выяўлена не было. Інфармацыя пра пагрозу выбуху паступіла ў ведамства ўжо з прэсы пасля пасадкі самалёта ў Менску, дадалі ў УГА.

Нагадаем, што Аляксандр Лукашэнка 26 траўня заявіў, што паведамленне аб мінаванні паступіла ў аэрапорты Афінаў, Вільні і Менску адначасова. Паводле яго, таксама аэрапорты іншых краін адмовіліся прымаць рэйс «Ryanair».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў