Ціханоўская сустрэнецца з прэм’ер-міністрам Нідэрландаў і прэзідэнткай Эстоніі

Ілюстрацыйнае фота. Святлана Ціханоўская, 9 красавіка 2021 года. Скрыншот: відэазварот Святланы Ціханоўскай / Telegram

Палітычная дзяячка Святлана Ціханоўская паведаміла ў сваім тэлеграм-канале, што пільна сочыць за сітуацыяй Пратасевіча і ў хуткім часе абмяркуе яе з палітычнымі лідарамі розных краінаў.

Ціханоўская адзначыла, што захоп самалёта, затрыманне Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі, гібель Вітольда Ашурка і самагубства Дзмітрыя Стахоўскага, – гэта следства таго, што Лукашэнка трымае ўладу незаконна і адчувае сябе беспакарана:

«Таму за апошнія два дні мы правялі экстраную сустрэчу лідараў дэмакратычных сілаў і дамовіліся працаваць як частка адзінага руху: заклікаць прызнаць рэжым тэрарыстычным і прыцягнуць да адказнасці ўсіх вінаватых. Мы разам падтрымліваем ініцыятывы, накіраваныя на эканамічны байкот рэжыму і негвалтоўны супраціў. Мы адзінаю камандай абараняем незалежнасць нашай краіны, дапамагаем захопленым у закладнікі і дамагаемся, каб Беларусь была прыярытэтам у ЕЗ, ЗША АБСЕ і Радзе Бяспекі ААН».

Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што падтрымлівае прапанову прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона запрасіць дэмакратычныя сілы на праграму саміту «Вялікай сямёркі» і настойвае на правядзенні расследавання па факце захопу борта ў прыватнасці і злачынстваў Лукашэнкі ў цэлым:

«Я правяла званок са старшынёю нямецкай партыі «Хрысціянска-дэмакратычны звяз» Армінам Ляшэтам пра рэакцыю і дзеянні Нямеччыны. І я ўдзячная, што генеральны пракурор ФРГ распарадзіўся ўзяць пад асабісты кантроль – як ён гэта назваў – «разгул гвалту ў Беларусі».

Заўтра, 28 траўня, палітычная дзяячка сустрэнецца з прэмʼер-міністрам Нідэрландаў Маркам Рутэ ў Гаазе, а ў панядзелак, 31 траўня, – з прэзідэнткай Эстоніі Керсці Кальюлайд у Талліне.

«Учора я выступіла ў Камітэце замежных справаў Еўрапарламенту і агучыла нашую агульную пазіцыю: адмовіць у якім-кольвек фінансавым падтрыманні рэжыму, увесці санкцыі, даць зразумець Расеі ды іншым дзяржавам, што любыя пагадненні або кантракты, падпісаныя з рэжымам, будуць перагледжаныя ці ануляваныя. І, вядома, я заклікала ўзмацніць падтрымку самім беларусам», – падкрэсліла Ціханоўская.

Святлана Ціханоўская паведаміла, што разумее пастановы ЕЗ закрыць авіяпалёты над Беларуссю, гэта пытанне бяспекі ўсіх еўрапейцаў, але патрабуе адкрыць наземныя мяжы Беларусі для вольнага перамяшчэння беларускіх грамадзянаў, бо нельга дазволіць рэжыму ператварыць Беларусь у турму на 9 мільёнаў чалавек:

«Мы абвясцілі 29 траўня – дату затрымання Сяргея Ціханоўскага – днём салідарнасці. У гэты дзень па ўсім свеце пройдзе Глабальны пікет салідарнасці з Беларуссю, у ім возьмуць удзел палітыкі, жыхары розных краінаў і дыяспара. Але галоўнае, каб у гэты дзень беларусы ўнутры краіны падтрымалі адно аднаго ўсімі магчымымі спосабамі: вулічнымі акцыямі, сімваламі, лістамі палітычным вязням».

Учора Святлана Ціханоўская абвясціла Міжнародную канферэнцыю ў справе новых выбараў у Беларусі, якая пройдзе 1–2 чэрвеня. У ёй возьмуць удзел адмысловы прадстаўнік Ціханоўскай у справе выбараў Аляксандр Шлык, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, сябра прэзідыуму Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова ды іншыя прадстаўнікі дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці. Таксама ў ёй возьмуць удзел прадстаўнікі Еўрапарламенту, Парламенцкай асамблеі АБСЕ, Кангрэсу ЗША, ЦВК розных краінаў.

«Мы запрасілі і прадстаўнікоў рэжыму, бо дыялог пра новыя выбары цяпер у інтарэсах усіх жыхароў Беларусі», – падкрэсліла Ціханоўская.

МГМ, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны