Сур'ёзныя санкцыі – гэта вайна, а на вайне ёсць ахвяры

Скажам шчыра: ад санкцыяў пацярпяць усе, у тым ліку і нявінныя беларусы. Кошт авантураў Лукашэнкі і гвалту вышэйшы за кошт санкцыяў, і будзе вельмі важна пераканаць беларусаў у тым, што менавіта ўлады ствараюць гэтыя праблемы.

Учорашні саміт Рады Еўропы ўзгадніў першыя рэакцыі супольнасці на захоп самалёта «Ryanair» у Беларусі дзеля арышту журналіста і актывіста Рамана Пратасевіча ды ягонай партнёркі Сафіі Сапегі. Гэтым разам справа не скончылася словамі абурэння і заклікамі вызваліць зняволеных. Зробленыя канкрэтныя захады.

Перш за ўсё, Урзуля фон дэр Ляен, кіраўніца Еўракамісіі, абвясціла пра замарожванне пакету падтрымання для Беларусі. Гэта тры мільярды еўраў з бюджэту Еўразвязу на праекты развіцця ды інвестыцыі ў Беларусі, узгодненыя дзякуючы ініцыятыве Вышэградскай групы і актыўнасці польскага боку. Таксама замарожаныя розныя віды прэферэнцыяў для беларусаў (напрыклад, спрашчэнне візавага рэжыму).

Яшчэ адзін крок – гэта забарона на палёты ў паветранай прасторы ЕЗ беларускім авіякампаніям і забарона на прыём беларускіх самалётаў у еўрапейскіх аэрапортах. Таксама быў заклік (пакуль як рэкамендацыя) да авіякампаніяў Еўразвязу адмовіцца ад палётаў над Беларуссю. Мяркуючы з мапаў паветранага руху, заходнія перавознікі сапраўды аблятаюць Беларусь.

Hавiны
«Белавія» вымушана адмяняе рэйсы ў 8 краінаў, у тым ліку і Расею
2021.05.27 12:04

Блакада паветранага руху азначае, што Беларусь будзе фактычна адрэзаная ад Еўропы. Невядома, як доўга гэта працягнецца, бо для пастаяннага пераходу на іншыя паветраныя калідоры спатрэбіцца кансультацыя з авіякампаніямі, якія цяпер у крызісным стане. На гэты момант наступствы ёсць – і сімвалічныя, і практычныя. Да закліку прыслухаліся буйныя авіялініі, у тым ліку «Air France», «British Airways», «KLM», «Austrian», «Lufthansa», «Lot», «Air Baltic», «Finnair» і нават «Air Astana» з Казахстану.

І гэта толькі пачатак, бо яшчэ трывае праца над чацвёртым пакетам санкцыяў. Цяпер яны, безумоўна, будуць больш значнымі, чым планавалася раней. У адрозненне ад папярэдніх трох пакетаў, якія зводзіліся да сімвалічнага пераліку адносна кароткага спісу з 88 асобаў, кампаніяў і ўстановаў, якім забаронены ўезд у ЕЗ, гэтым разам санкцыі будуць больш шырокімі і сур’ёзнымі. Яны могуць паўплываць на цэлыя сектары беларускай эканомікі і супрацу з ЕЗ. Гэта азначае наступствы і страты для беларускага бюджэту і прадпрыемстваў, а таксама для лукашэнкаўскіх уладаў. Магчыма, да іх таксама будуць ужывацца дадатковыя асабістыя санкцыі.

Рызыкоўны покер

Лукашэнка гуляе ў покер і ўвесь час кажа: «Раскрываемся». Гэта рызыкоўная гульня, бо Еўропа выкладвае ўсё мацнейшыя карты. У Менску да гэтага часу карты былі слабыя, але ён гуляў імі вельмі агрэсіўна. Варта згадаць паслядоўнасць хадоў абодвух бакоў, каб зразумець сэнс гэтай вельмі рызыкоўнай партыі.

Спачатку Лукашэнка абвесціў нацыянальнае прымірэнне. Але на сваіх умовах. У пачатку лютага ён казаў пра нейкія палітычныя рэформы, што могуць быць вынесеныя на рэферэндум. Эксперты разважалі, ці будзе гэта азначаць перакладанне цяжару ўлады з выканальніка абавязкаў прэзідэнта, напрыклад, на парламент і ўрад. На заднім плане адбываліся два працэсы, якія відавочна супярэчаць любым марам пра самалібералізацыю сістэмы і паказваюць на тое, што рэжым мае намер усё скарэктаваць.

Першы – гэта пастаянны і ўсё больш інтэнсіўны дыялог з Расеяй, які вёўся ва ўмовах поўнай адданасці і прымірэння Лукашэнкі з лёсам крамлёўскага васала. Другі – гэта перакладанне цяжару ўлады ў Беларусі на вузкае кола людзей ва ўніформе. Фармальна гэта было зроблена, калі ўзмацнілася роля Савету бяспекі, а Лукашэнка ў сваім «тастаменце» абвясціў, што, калі змоўнікі яго заб’юць, улада пяройдзе ў рукі групы генералаў з войска і спецслужбаў.

Абноўлена
Як цяпер легальна пакінуць Беларусь
2021.05.27 14:42

Тады Лукашэнка разыграў польскую карту. У канцы сакавіка ўлады затрымалі пяцёх важных актывістаў польскай меншасці, у тым ліку кіраўніцу Саюзу палякаў у Беларусі Анджэліку Борыс і журналіста Анджэя Пачобута. Узяцце польскіх закладнікаў было чарговаю помстаю з боку Лукашэнкі, але і спробаю праверыць рэакцыю ды намеры заходняй супольнасці: ці заступіцца яна за палякаў? Заступілася, бо пачалася праца над чацвёртым пакетам санкцыяў.

Лукашэнка добра разумеў, што далейшая эскалацыя прывядзе да непазбежнай рэакцыі. Ён відавочна ігнараваў яе. У красавіку ў Маскве ў межах супольнай аперацыі з расейскімі службамі арыштавалі вядомага палітолага Аляксандра Фядуту. Напярэдадні ў Шклове затрымалі лідара апазіцыйнай Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Так пачалася аперацыя «змова на забойства Лукашэнкі». Улады сцвярджалі, што заходнія службы збіраюцца забіць дыктатара і захапіць уладу рукамі палітолага і групы змоўнікаў.

Захад ігнараваў нарастальную істэрыку Лукашэнкі. Тым часам у Менску напоўніцу рыхтаваліся да канчатковай расправы з апазіцыяй пад сцягам абароны радзімы ад заходняй інтэрвенцыі. У гэтай логіцы было месца для кожнага кроку. Нават такога, як захоп самалёта з Раманам Пратасевічам. Гэта была чарговая карта Лукашэнкі, выкладзеныя беспасярэдне перад самітам ЕЗ. Ён сказаў: «Раскрываемся».Каб не быць цалкам галаслоўным, Лукашэнка падкінуў яшчэ дзве карты. Заўчора ён падпісаў дэкрэты, што фактычна забараняюць любыя вулічныя дэманстрацыі ды паведамленне пра іх у СМІ. А ўчора суд у Магілёве прысудзіў групу актывістаў да 4–7 гадоў пазбаўлення волі. Сярод іх – Павел Севярынец, лідар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, які атрымаў 7 гадоў.

Артыкулы
Паўла Севярынца і Яўгена Афнагеля асудзілі на 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму
2021.05.25 12:13

Пакуль у гульнях Лукашэнкі была адна мэта: паказваць, што ён можа, а яму мала што можна зрабіць. Гэта ён вызначаў межы дапушчальнага. Картаю Пратасевіча ён выклікаў рэакцыю. Захад пачаў класці свае карты на стол.

Гэта будзе балюча

Узмацненне санкцыяў ударыць па беларусах, падтрымліваюць яны Лукашэнку ці не. Пацярпяць і тыя, хто з ім змагаецца. Кампаніі Еўразвязу, для пачатку, скажам, авіякампаніі, таксама зазнаюць нейкія страты.

У гэтым сутнасць санкцыяў. Калі яны становяцца сур’ёзнымі, а не сімвалічнымі, яны перастаюць быць аргументам у дыялогу з бандыцкім рэжымам. Яны робяцца элементам канфрантацыі. Яе стаўка – прымусіць рэжым пачаць паважаць закон, спыніць рэпрэсіі ды выкарыстанне тэрарыстычных метадаў і пачаць дыялог.

Аднак на вайне як на вайне – ёсць ахвяры. З усіх бакоў нявызначанага фронту. Таксама нявінныя.

Hавiны
Кіраўнік Рады Еўропы: Рэалізацыя санкцыйнай палітыкі адносна Беларусі ўжо пачалася
2021.05.27 14:09

Відавочным вынікам будзе зніжэнне ВУП Беларусі і яго ўсё мацнейшая запазычанасць. Відавочна, што нават у час сур’ёзнага крызісу ўрад знойдзе грошы для сябе і для ўтрымання сілавога сектару, якім кіруе. Аднак ён страціць інструмент, дзякуючы якому Лукашэнка доўгі час карыстаўся падтрыманнем з правінцыі: папулісцкая сацыяльная палітыка. Ужо даволі працяглы час ён не можа сабе гэтага дазволіць. Санкцыі павялічаць імавернасць таго, што раздаваць падарункі і падтрымліваць сацыяльнае забеспячэнне ён не зможа сабе дазволіць ужо ніколі.

Сур’ёзныя санкцыі азначаюць выключэнне з цывілізацыі. Адна толькі блакада палётаў прымусіць бізнесоўцаў і адмыслоўцаў (і не толькі з Захаду) адмяніць камандзіроўкі ў Беларусь на бліжэйшыя тыдні.

Так, паездкі былі ўсё адно абмежаваныя пандэміяй. Самыя адчайныя паляцяць праз Маскву, хоць гэта будзе каштаваць часу і грошай. Аднак пра кірмашы і дзелавыя сустрэчы можна забыць, як і пра такую важную справу, як абслугоўванне абсталявання, прамысловых машынаў, інфраструктуры, пра сертыфікацыю прыладаў і гэтак далей.

Затрыманні і адсутнасць эластычнасці ў бізнесе смяротна небяспечныя. Калі да гэтага дадаць сектарныя санкцыі, што блакуюць удзел беларускіх кампаніяў у сусветнай эканоміцы, ніхто сур’ёзны не пачне рэалізацыю праектаў у краіне, дабрацца да якой гэтак жа складана, як, напрыклад, да Паўночнай Карэі.

Hавiны
Франак Вячорка: «Упершыню ў гісторыі Еўропа адкрыта называе рэжым у Беларусі тэрарыстычным»
2021.05.27 02:49

Санкцыі Еўразвязу і беларускія захады ў адказ, магчыма, закрануць суднаходныя кампаніі (у асноўным польскія, літоўскія і латышскія), а таксама шмат якія малыя і сярэднія гандлёвыя кампаніі.

Калі спіраль санкцыяў будзе раскручвацца, то ў будучыні можна будзе думаць, напрыклад, пра блакаванне імпарту тавараў, стратэгічна важных для беларускай эканомікі. Напрыклад, калійныя ўгнаенні. Такія спробы рабіліся і раней, але безвынікова. Эмбарга таксама азначае выдаткі: напрыклад, для польскай сельскай гаспадаркі, найбуйнейшага спажыўца беларускіх угнаенняў у ЕЗ. Наступствы могуць таксама закрануць энергетычны сектар, у тым ліку энергасеткі, якія ідуць ад Беларусі, што асабліва важна для Літвы.

Прыпыненне палётаў – гэта ўжо вымяральны кошт для беларусаў. Праз абмежаваныя (на практыцы забароненыя пад прэтэкстам пандэмічных правілаў) магчымасці выезду праз наземныя межы «паветраныя» санкцыі фактычна адразаюць Беларусь ад Еўропы. Гэта пацягне за сабою сямейныя і побытавыя драмы. Колькі беларусаў не сустрэнецца з роднымі за мяжою? Колькі страцяць магчымасць паехаць на працу і ўратаваць хатні бюджэт? Колькі не паедуць у адпачынак? Вельмі многія.

Hавiны
Еўрапейская народная партыя назвала захоп самалёта «Ryanair» тэрактам, а смерць Ашурка – «ненатуральнай»
2021.05.27 00:27

У лік коштаў трэба таксама запісаць контрсанкцыі Лукашэнкі. Улады ўжо далі сігнал пра гатовасць да іх, увёўшы эмбарга на аўтамабілі «Škoda» альбо крэмы «Nivea». Вялікім канцэрнам гэта не пашкодзіць, бо беларускі рынак замалы, каб пра яго турбавацца. Акрамя таго, частка вытворчасці ідзе з расейскіх фабрык. Напрыклад, гэта датычыць большасці мадэляў «Škoda», што прадаюцца ў Беларусі. Наагул большасць прадуктаў заходніх брэндаў у асноўным падпарадкоўваецца расейскім філіялам заходніх карпарацыяў. Такім чынам, аўтасалоны, гандлёвыя прадстаўнікі, менеджары ды прадаўцы страцяць працу ў Беларусі і ў пэўнай ступені ў Расеі.

Аб’ектыў
Захоп самалёта «Ryanair» – што на гэта апазіцыя і Захад?
2021.05.26 22:49

Блакаванне дапамогі ЕЗ таксама станецца сур’ёзным ударам для беларусаў. Тры мільярды еўраў павінны былі пайсці на малы бізнес і развіццё грамадзянскай супольнасці. Гэтая морква знікла з далягляду, а зʼявілася пуга. І цяпер будзе вызначальным, як еўрапейскі адказ зразумеюць беларусы.

Урадавая прапаганда ўжо пачала шумець, што Захад прыгнятае Беларусь, што трэба абараняць незалежнасць. Гэтага можна было чакаць. Аднак беларусы павінны зразумець іншы сігнал. Той, які трапляў у абкладзеную санкцыямі Польшчу ў 1980-х гадах, у тым ліку дзякуючы радыё «Свабодная Еўропа». Што Роналд Рэйган пакараў не палякаў, а камуністычную ўладу – за тое, што яна вывела танкі на вуліцы супраць уласнага народу.

Сёння таксама ніхто не хоча караць беларусаў, не зважаючы на тое, што іх чакаюць нязручнасці і нават асабістыя драмы. Пакаранні накіраваныя на тых, хто вінаваты ў іхных няшчасцях: на Лукашэнку і ягоных паплечнікаў.Кожны наступны тыдзень ягонага кіравання будзе прыносіць яшчэ больш няшчасцяў. Асабліва калі ён пастановіць і далей правяраць намеры Захаду, робячы выгляд, што мае моцныя карты ў сваёй калодзе.

Hавiны
«Атрымаў цялесныя пашкоджанні ў вобласці твару». СК апублікаваў шакавальнае відэа гібелі Вітольда Ашурка
2021.05.25 18:34

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў