«Роля ягоная была аграмаднаю». Год таму затрымалі Сяргея Ціханоўскага

Сяргей Ціханоўскі. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

29 траўня спаўняецца год з моманту, як за кратамі апынуўся Сяргей Ціханоўскі, блогер, палітык і муж верагоднай пераможцы прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Згадваем, як абуджалася беларускае грамадства.

З блогера ў палітыка

Сяргей Ціханоўскі займеў вядомасць, дзякуючы YouTube-каналу «Страна для жизни», які ён стварыў у 2019 годзе. Блогер ездзіў па Беларусі і паказваў рэальнае жыццё, даваў слова звычайным грамадзянам. Усё гэта прыцягвала да яго гледачоў і прыхільнікаў.

Год ад пачатку прэзідэнцкай кампаніі – 2020. Якія галоўныя памылкі зрабіў Лукашэнка

27 снежня 2019 года Сяргея Ціханоўскага ўпершыню затрымалі – за стрым з менскай акцыі пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй. Наступны раз блогера арыштавалі 6 траўня 2020 года ў Магілёве, дзе ён сустракаўся з падпісантамі каналу, і затрымалі на чарговыя 15 содняў. Тады ж на знак пратэсту супраць ягонага затрымання ўпершыню летась адбыліся масавыя пратэсты ў розных гарадах.

7 траўня на канале блогера выйшла відэа пра тое, што ён збіраецца браць удзел у прэзідэнцкіх выбарах, а на заўтра, 8 траўня, парламент зацвердзіў іх дату – 9 жніўня. ЦВК рэгістраваць Сяргея Ціханоўскага прэтэндэнтам адмовілася, спаслаўшыся на тое, што ён не падаваў дакументаў сам. У выніку дакументы замест мужа падала тады яшчэ нікому не вядомая Святлана Ціханоўская. А Сяргей стаў кіраўніком ейнага штабу.

Машына каманды «Страна для жизни». Фота: Белсат

Сяргей ладзіў вельмі напорыстую кампанію. Называў дзейнага кіраўніка краіны тараканам і зрабіў сімвалам сваёй кампаніі тапак. Ля пікетаў Ціханоўскага выстройваліся велічэзныя чэргі грамадзянаў, каб паставіць подпіс.

29 траўня на такі пікет у Горадню прыехаў сам Сяргей Ціханоўскі. Там да яго пачала чапляцца і перашкаджаць збору подпісаў невядомая жанчына. У выніку прыйшлі міліцыянты, якія, замест таго каб затрымаць яе, скіравалі сваю ўвагу менавіта на блогера. Усё гэта адбывалася пад аб’ектывамі камераў. У выніку адзін з міліцыянтаў дзіўным чынам апынуўся на зямлі, а палітыка з чальцамі ягонай каманды затрымалі. У жанчыне пасля апазналі прастытутку.

Прызнанні Лукашэнкі

Цікава, што само здарэнне за некалькі гадзінаў да таго прадказаў Аляксандр Лукашэнка. А праз месяц ён жа прызнаўся, што сам «даў сігнал з Ціханоўскім». У кастрычніку ў СІЗА КДБ прайшла сустрэча палітычных вязняў з удзелам Лукашэнкі. На ёй Сяргей Ціханоўскі паводзіў з сябе цвёрда, а пасля нават заклікаў жонку, якая пасля стала лідаркай пратэсту, «паднаціснуць».

Сяргей Ціханоўскі ў Горадні. 30 траўня 2020 г. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Пасля затрымання Ціханоўскага міліцыя і следчыя характарызавалі перадвыбарчы пікет у Горадні як грубае парушэнне грамадскага парадку. А старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына звінаваціла блогера ў спробе пад выглядам выбараў змяніць уладу ў Беларусі, хоць менавіта гэта і прадугледжваюць выбары.

«Няма на яго артыкулу – трэба прыдумаць і пасадзіць яго надоўга. Хай там сядзіць!» – казаў пра Сяргея Ціханоўскага на аўдыязапісе, які быў апублікаваны ў снежні 2020 года, цяпер ужо былы кіраўнік МУС Юрый Караеў.

By_Pol апублікаваў размову Караева, дзе той патрабуе злачынна захапіць Ціханоўскага

І такія артыкулы знайшліся. Абвінавачанне сцвярджае, што Ціханоўскі яшчэ з лета 2019 года рыхтаваў у Беларусі масавыя беспарадкі, «заклікаў да гвалту супраць прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, сваймі выказваннямі распальваў сацыяльную варожасць у грамадстве паводле прыкметаў сацыяльнай прыналежнасці». Вінавацяць яго і ў перашкодзе працы ЦВК ды пагрозах самой Лідзіі Ярмошынай. Агулам абвінавачанне яму выставілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

З моманту затрымання Сяргея Ціханоўскага прызналі ў Беларусі палітычным вязнем, а міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» прызнала яго вязнем сумлення. У СІЗА ён неаднаразовы быў у карцары, ягоныя размовы з адвакатам праслухоўваліся і запісваліся.

5 траўня Генеральная пракуратура паведаміла пра перадачу яго крымінальнай справы ў суд. 12 траўня стала вядома, што крымінальную справу Сяргея Ціханоўскага разгледзіць Гомельскі абласны суд.

Справу супраць Ціханоўскага, Статкевіча ды іншых абвінавачваных разгледзяць у Гомельскім абласным судзе

«Неардынарная падзея адбылася ў Беларусі»

Чарга, каб падпісацца за Святлану Ціханоўскую. Фота: ВМ /«Белсат»

У каментары belsat.eu палітолаг і сацыёлаг Сяргей Нікалюк адзначыў, што ў Беларусі ўлетку мінулага года адбылася вельмі важная падзея: «грамадства са стану палітычнай апатыі перайшло ў стан узбуджэння».

«Гэта вельмі рэдкі стан. У мінулым стагоддзі такое назіралі толькі двойчы: у 1917 годзе і ў наступных падзеях ды ў гады перабудовы. І вось такая неардынарная падзея адбылася ў Беларусі», – адзначыў эксперт.

Прычыны гэтага ён бачыць у тым, што за гады незалежнасці ў Беларусі вырасла новае пакаленне, дзе крытычная маса людзей не прымае савецкіх каштоўнасцяў і збудаванай на іх палітыкі. Нагодаю ж сталася тое, што «ў момант прэзідэнцкай кампаніі, якая мусіла прайсці як звычайна, раптам з’явіліся тры неардынарныя і нечаканыя кандыдаты, з якімі шмат якія беларусы звязваюць сваю надзею на магчымасць перамагчы ў выбарах».

Сяргей Ціханоўскі. Фота: ВМ / «Белсат»

«Адзін з гэтых кандыдатаў – Сяргей Ціханоўскі. І вось на гэтай стадыі пераходу грамадства ва ўзбуджаны стан роля ягоная была аграмаднай. Упершыню падчас прэзідэнцкай кампаніі кандыдатам не трэба было збіраць подпісаў метадам ад дзвярэй да дзвярэй: людзі самыя станавіліся ў чэргі, каб паставіць свой подпіс. Пасля ўлады, якія не чакалі нічога падобнага, апрытомнелі. І, у адрозненне ад мінулых выбараў, дзе кандыдатаў арыштоўвалі пасля выбараў, тут арышты пачаліся да выбараў», – адзначыў палітолаг.

Генпракуратура заявіла, што Ціханоўскі запланаваў масавыя пратэсты яшчэ два гады таму

Эксперт дадаў, што ўзбуджэнню грамадства спрыяла тое, што Сяргей Ціханоўскі быў не адзін, а «кандыдатаў, з якімі людзі звязалі свае надзеі, было трое».

На думку адмыслоўца, пасля арышту «непасрэдны ўплыў Сяргея Ціханоўскага на падзеі быў блізкі да нуля».

«Але самае галоўнае ўжо адбылося, грамадства ўжо ўзбудзілася. І таму, калі ўлады зрабілі наступную памылку і дапусцілі да выбараў у якасці кандыдата на прэзідэнта ягоную [Сяргея Ціханоўскага. – Заўвага Belsat.eu] жонку, хатнюю гаспадыню, якая б да таго мела нулявы поспех, на фоне ўзбуджанага грамадства яна аб’яднала ўсе пратэставыя галасы», – адзначыў Сяргей Нікалюк.

Эксперт адзначыў: мяркуючы па выніках апытанняў, прынамсі мусіў бы быць другі тур, чаго ніколі раней незалежныя сацыёлагі ў Беларусі не фіксавалі. А другі тур азначаў бы адназначную паразу Лукашэнкі, «бо ў людзей ёсць простае чалавечае жаданне пнуць дохлага льва».

  • Крымінальную справу супраць Сяргея Ціханоўскага, а таксама Ігара Лосіка, Мікалая Статкевіча, Арцёма Сакава, Дзмітрыя Папова, Ігара Лосіка і Уладзіміра Цыгановіча будуць разглядаць у Гомельскім абласным судзе.
  • Дату першага пасяджэння мае прызначыць Гомельскі абласны суд.
  • Усе фігуранты справы прызнаныя палітычнымі вязнямі.

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны