Расследаванне: ліст пра бомбу на борце «Ryanair» прыйшоў, калі самалёт ужо набліжаўся да Менску


Лоўкостэры найхутчэй кампенсуюць кліентам страты за адмененыя рэйсы. Ілюстрацыйны здымак: Pixabay

Расейскі цэнтр «Досье» супольна з выданнямі «The Daily Beast» і «Der Spiegel» атрымаў і прааналізаваў копію электроннага ліста, адпраўленага «прадстаўніком «Хамасу» ў менскі аэрапорт. З яго вынікае, што беларускія дыспетчары паведамілі пілотам «Ryanair» пра мініраванні самалёта на 27 хвілін раней, чым самі атрымалі паведамленне пра бомбу.

Паводле расследавання «Досье», 23 траўня ў 12:25 на электронную пошту адміністрацыі «Літоўскіх аэрапортаў» прыйшоў ліст з пагрозаю выбуху бомбы на борце самалёта рэйсу FR4978, адпраўлены з адрасу ahmed_yurlanov1988@protonmail.com. У ім выказваліся пагрозы нібыта ад «Хамасу».

У 12:30 самалёт увайшоў у паветраную прастору Беларусі. Паводле стэнаграмы перамоваў дыспетчараў з пілотамі «Ryanair», у гэты ж момант беларускі бок праінфармаваў экіпаж пра меркаваную пагрозу выбуху. У 12:33 дыспетчар паведаміў пілоту, што ліст з паведамленнем пра бомбу быў адпраўлены адразу ў некалькі аэрапортаў. Аднак, перадае «Досье», на той момант ліст ад «тэрарыстаў» атрымалі толькі «Літоўскія аэрапорты». У Грэцыі заявілі, што ў афінскі аэрапорт ліст з пагрозаю не прыходзіў.

Ліст «тэрарыстаў».
Фота: Досье

У 12:47 самалёт змяніў курс і паляцеў у бок Менску. Улады Беларусі не раскрываюць падрабязнасцяў пра час атрымання электроннага ліста, але «Досье» высветліла, што копія ліста ад карыстальніка Ahmed Yurlanov прыйшла на электронную пошту Нацыянальнага аэрапорту Менску (info@airport.by) у 12:57, або амаль праз паўгадзіны пасля перадачы паведамлення пра магчымае мініраванне борта.

«Якім чынам беларускія спецслужбы даведаліся пра мініраванне самалёта да атрымання ліста пра бомбу? Адкуль ім было вядома, што паведамленне было адпраўлена яшчэ ў некалькі аэрапортаў?» – задаюцца пытаннямі аўтары даследавання.

Аналітыка
Лукашэнка выступіў перад дэпутатамі. Што ён сказаў – і што з гэтага праўда
2021.05.26 16:17

Акрамя таго, падчас свайго выступу Аляксандр Лукашэнка распавёў, што паведамленне даслалі са Швейцарыі. Але ліст быў адпраўлены з абароненага сэрвісу электроннай пошты «Protonmail», зарэгістраванага ў Швейцарыі. І менавіта IP-адрас серверу «Protonmail» паказваецца ў лістах сэрвісу.

«Таму ў выпадку з паведамленнем, адпраўленым з адрасу ahmed_yurlanov1988@protonmail.com, дакладнае месцазнаходжанне карыстальніка вызначыць немагчыма», – гаворыцца ў расследаванні.

Hавiны
У Грэцыі ды Украіне абвінавацілі афіцыйны Менск у хлусні
2021.05.27 10:06

Нагадаем, што авіяцыйныя ўлады Украіны і Грэцыі адпрэчылі заявы дзейных уладаў Беларусі адносна сітуацыі з рэйсам «Ryanair» Афіны – Вільня, які быў прымусова пасаджаны ў Менску.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў