«Раман хацеў быць ваенным журналістам. Ён не мог застацца ўбаку». Дзмітрый Пратасевіч пра ўдзел сына ў канфлікце на Данбасе


Сцяпан Пуціла і Раман Пратасевіч. Скрыншот з відэа: вДудь / Youtube

Дзмітрый Пратасевіч, бацька затрыманага ў нядзелю экс-рэдактара тэлеграм-каналу «Nexta» Рамана Пратасевіча, пракаментаваў паведамленні, што ягоны сын нібыта ваяваў на Данбасе, паведамляе карэспандэнт «Вот Так».

«Я не ведаю, пра якія фотаздымкі гаворка, і не магу казаць, ці ёсць там наш сын. На жаль, апошнім часам з’явілася вельмі шмат спекуляцыяў з мэтай ачарніць нашага сына і выкарыстаць у сваіх інтарэсах, таму давяраць фатаграфіям, выкладзеным у інтэрнэце, [якія] лёгка зрабіць з дапамогаю фоташопу, я б не стаў, – сказаў Дзмітрый Пратасевіч. – Што датычыць словаў пра тое, што мой сын ваяваў на Данбасе, я хачу сказаць: а вы не ваюеце ў гарачых кропках? Бо вашая зброя – слова. Мой сын з 15 гадоў хацеў быць ваенным журналістам, каб быць у цэнтры гарачых кропак. Калі адбыўся канфлікт на Данбасе, ён не змог застацца ўбаку і паехаў, астатнія факты мне не вядомыя».

Hавiны
Адвакатка Пратасевіча падала скаргу ў Генпракуратуру: патрабуе медычнага агляду
2021.05.27 13:40

Напярэдадні заснавальнік палка «Азоў» і былы народны дэпутат Украіны Андрэй Білецкі паведаміў, што затрыманы ў Менску Раман Пратасевіч працаваў на Данбасе журналістам. Ён зняпраўдзіў інфармацыю пракрамлёўскіх СМІ і блогераў, што Пратасевіч ваяваў на Данбасе на баку ўкраінскага войска.

Ваенны карэспандэнт «Комсомольской правды» Аляксандр Коц 25 траўня згадаў пра архіўным інтэрв’ю бацькі Пратасевіча выданню «Настоящее время». У ім Дзмітрый Пратасевіч сказаў, што «справы заводзілі на сына яшчэ ў 2014 годзе, калі ён быў на тэрыторыі Данбасу і ваяваў на баку ўкраінскай арміі». Пасля затрымання Рамана бацька зняпраўдзіў гэтыя словы, заявіўшы, што сын быў на Данбасе ў якасці фотакарэспандэнта.

Акрамя таго, Коц прывёў у прыклад заяву прарасейскага блогера Анатоля Шарыя, якога ва Украіне падазраюць у дзяржаўнай здрадзе. У якасці доказу нібыта ваеннага мінулага журналіста Шарый апублікаваў фота вокладкі часопісу «Азоў». На здымку падобны да Рамана Пратасевіча ўзброены чалавек ва ўніформе падраздзялення.

ПЕРАХОП РЭЙСУ І АРЫШТ АПАЗІЦЫЯНЕРА

Самалёт авіякампаніі «Ryanair» 23 траўня 2021 года выконваў пералёт маршрутам Афіны — Вільня. Пакуль самалёт ляцеў над Беларуссю, аэрапорт Менску, як сцвярджаюць прадстаўнікі Аляксандра Лукашэнкі, атрымаў праз электронную пошту паведамленне пра бомбу на борце.

Дыспетчары запатрабавалі перанакіраваць борт у аэрапорт Менску. Як пісаў тэлеграм-канал «Пул первого», Лукашэнка асабіста «даў безумоўную каманду: самалёт разварочваць і прымаць». Ён таксама загадаў падняць у неба знішчальнік. Як паведамлялі спотэры (назіральнікі за самалётамі), у яго былі ракеты класу «паветра – паветра».

Hавiны
Блогер Максім Кац перадаў у МЗС Расеі звароты ў падтрымку зняволенай у Беларусі Сафіі Сапегі
2021.05.26 23:14

26 траўня Лукашэнка ўдакладніў, што паведамленне пра мініраванне паступіла са Швейцарыі. Праз некалькі гадзінаў у МЗС Швейцарыі заявілі, што ўлады краіны не перадавалі Беларусі ніякіх звестак пра бомбу ў пасажырскім лайнеры «Ryanair».

Адным з пасажыраў «Boeing 737-8AS» апынуўся журналіст, экс-рэдактар телеграм-каналу «Nexta» Раман Пратасевіч. Перад вылетам ён паведамляў, што ў афінскім аэрапорце за ім мог сачыць супрацоўнік КДБ. У Беларусі на Пратасевіча заведзеныя некалькі крымінальных справаў. Пасля экстранай пасадкі рэйсу ў Менску Пратасевіча затрымалі.

Пратасевіч — былы рэдактар тэлеграм-каналаў «Nexta Live» і «Nexta». Яны падрабязна асвятлялі пратэсты ў Беларусі, распачатыя пасля выбараў прэзідэнта. Цэнтральны раённы суд Менску 20 кастрычніка 2020 года прызнаў тэлеграм-канал «Nexta Live» і лагатып «Nexta» экстрэмісцкімі матэрыяламі. Улады Беларусі вінавацяць рэдактараў канала ў «злачыннай дзейнасці праз створаныя імі экстрэмісцкія тэлеграм-каналы».

Hавiны
Што вядома пра дзяўчыну Рамана Пратасевіча, якую затрымалі разам з ім у менскім аэрапорце
2021.05.24 18:31

Вот так

Стужка навінаў