«Не ведаю ніводнага выпадку, каб ён з кімсьці пабіўся». Гісторыя Ціхана Восіпава, якога абвінавацілі ў наўмысным наездзе на сілавікоў


25-гадовы інжынер БНТУ Ціхан Восіпаў у зале суда. 27 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Гісторыю затрымання і суда над інжынерам Ціханам Восіпавым апісалі бадай усе медыі. Па выстаўленых абвінавачаннях хлопцу пагражаў тэрмін зняволення, роўны ягонаму ўзросту – 25 гадоў. У выніку пракурор Антон Цюменцеў запатрабаваў для маладзёна ўдвая меней, 12 гадоў, суддзя Пётр Арлоў падтрымаў абвінавачанне і прызначыў 11 гадоў ва ўмовах узмоцненага рэжыму. «Белсат» сустрэўся з роднымі Ціхана, каб даведацца, чым жыў і захапляўся хлопец да зняволення і як яны спраўляюцца з гэтым выклікам.

З нашымі гераінямі – Вольгай і Святланаю Восіпавымі – мы сустракаемся ў невялікай светлай кухні са свежым рамонтам. Вольга клапатліва выстаўляе на стол цукеркі, круасаны, запарвае гарбату і выбачаецца, што не можа прыняць у пакоі, бо там не скончаны рамонт. У аднапакаёвай кватэры яна жыве разам з мужам Ціханам Восіпавым і рудым катом Леа. Святлана, маці Ціхана, стараецца не ўмешвацца ў працэс і не замінаць гаспадыні, у дзяцей тут усё на сваіх месцах, яны вельмі педантычныя, зазначае жанчына між справаю. Вольга ўсміхаецца і кажа, што Ціхану больш важна, каб усё было ідэальна і ў парадку. Для прыкладу, паказвае на столь, дзе яшчэ віднеюцца драты электраправодкі: спачатку ёй займаўся электрык, але хлопцу не спадабаўся вынік працы, ён усё перарабіў, згадвае дзяўчына. Увесь рамонт маладзёны намагаюцца рабіць сваймі сіламі, каб уладкаваць жытло на свой густ. Ва ўсякім разе так было да пачатку жніўня, а затым вымушана змяніліся прыярытэты, і кватэра замерла ў чаканні гаспадара.

Родныя Ціхана: жонка Вольга, бацька спадар Сяргей і мама спадарыня Святлана. Менск, Беларусь. 14 красавіка 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Сябравалі са школы і ажаніліся ва ўніверсітэце

Вольга і Ціхан родам з Клімавічаў. Разам хадзілі ў адну школу, дзе і пазнаёміліся ў малодшых класах. Вольга прызнаецца, што спачатку ніякай увагі на хлопца не звярнула, а вось ён праяўляў да яе інтарэс. Згадвае, як яго зачапіла, што яна носіць гальштук разам са спадніцай і блузаю:

«Ён мне сам распавядаў, што так быў гэтым зацікаўлены. Усё не мог зразумець, чаму я нашу гальштук. А затым нас пасадзілі за адну парту на ўроку хіміі па выніках адзнак за кантрольную працу: я напісала на 10 і ён на 10, хімія яму падабалася. Тады мы і пачалі камунікаваць, гэта і класы былі старэйшыя. Але хутчэй між намі было сяброўства, з ім заўжды весела, шмат жартаваў».

Вольга Восіпава, жонка 25-гадовага інжынера БНТУ Ціхана Восіпава, з катом на мянушку Леа. Менск, Беларусь. 14 красавіка 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Аднойчы пасля летніх вакацыяў Ціхан вельмі эмацыйна сустрэў сваю сяброўку: падхапіў на рукі, сказаў, што сумаваў. А вось Вольга ўзаемнасцю не адказала. Пакрысе яны пачалі бачыцца ў агульнай кампаніі сяброў, разам гуляць па горадзе. Адным вечарам пасля шпацыру хлопец нагнаў дзяўчыну ля енага дому і прызнаўся ў пачуццях. Але Вольга адхіліла ягоную прапанову сустракацца нават пасля таго, як Ціхан сказаў, што перавядзецца ў іншую школу, каб Вольга не бянтэжылася, што яны аднакласнікі. Гэткае адмовы хлопец не стрываў і на час разарваў усялякія стасункі з ёю.

«Я падумала, да чаго гэта ўсё ўвогуле: я ж такая прыгажуня, чаму на мяне не звяртаюць увагі? І я пачала сама перад ім круціцца, – смяецца Вольга. – Аднаго разу была на вяселлі, мне зрабілі прыгожую фрызуру, я ў сукенцы. І падумала, няхай прыйдзе і паглядзіць, што губляе. Запрапанавала яму сустрэцца. Але ён адказаў, што дапамагае бацьку ў гаражы і не прыйдзе. У той момант я палічыла, што ў нас усё скончана. Але праз час ён мне тэлефануе, кажа: «Выходзь, я тут». Мы прайшліся крыху, на наступны дзень зноў спаткаліся. Супраціўляцца, нешта адмаўляць было бессэнсоўна – так мы пачалі сустракацца ў 11 класе 29 верасня. Доўга да гэтага ішлі».

Маладзёны разам паступілі ва ўніверсітэты ў Менску: Ціхан – у БНТУ, Вольга – у лінгвістычны. Хаця спачатку хлопец збіраўся вучыцца ў Магілёве, аднак, як даведаўся, што каханая паедзе ў сталіцу, змяніў свае планы. Дзеля гэтага яму давялося падцягнуць атэстат, бо ў менскіх навучальных установах прахадныя балы вышэйшыя, чым у абласных ВНУ. Усяго за некалькі месяцаў Ціхан здолеў з сярэдняй адзнакі 7,5 балу выйсці на дзявяткі, чым здзівіў настаўнікаў і парадаваў бацькоў.

«У інтэрнаце яго звалі Ціхнік, бо ён да ўсіх прыходзіў і казаў, напрыклад: «Так, у вас нязручна адкрываецца халадзільнік, давайце мы перавесім дзверцы». У тэхніцы ў яго не было праблемаў, ён заўжды любіў ува ўсім калупацца: разабраць, паглядзець, як працуе, сабраць назад», – распавядае дзяўчына.

Вольга Восіпава, жонка 25-гадовага інжынера БНТУ Ціхана Восіпава. 14 красавіка 2021 года.
Фота: АК / Белсат

На чацвёртым курсе з інтэрнату яны пераехалі ў сваю кватэру, у якой жывуць дасюль. Праз год, у пятую гадавіну стасункаў, Ціхан зрабіў Вользе прапанову ажаніцца. Літаральна за паўтара месяца самі зарганізавалі вяселле, сваймі рукамі рабілі запрашэнні, банбаньеркі.

Пасля сканчэння БНТУ хлопец застаўся адпрацоўваць інжынерам у навучальнай установе, вёў у студэнтаў лабараторныя працы і на няпоўную стаўку ездзіў на будоўлю правяраць шчыльнасць бетону.

«У камп’ютарных праграмах ён займаўся дызайнам інтэр’ераў, гэта было яшчэ адно ягонае захапленнем. Напрыклад, распрацоўваў для нашай кватэры. Увесь свой свабодны час ён прысвячаў рамонту, разлічвалі, што скончым да жніўня, але не выйшла. Мы ўсё намагаемся рабіць сваймі сіламі і сродкамі, таму так зацягнулася», – кажа Вольга.

Не так даўно ў іхнай сям’і з’явіўся руды кот Леа. Ціхан марыў пра мэйн-куна, але, гледзячы на кошты на гэтую пароду, маладзёны разумелі, што наўрад ці могуць дазволіць сабе набыць яго.

«Аднаго разу мы ехалі ў аўтамабілі і я спытала:«Ціхане, а як ты паставішся да таго, калі я аднойчы прыйду дадому не адна, а з кацяняткам?» Ён у адказ: «Галоўнае, каб прыгожы быў… і пажадана мэйн-кунам». А я сабе думаю: выдатна, толькі дзе ж я на вуліцы знайду прыгожага мэйн-куна, – згадвае Вольга. – Праглядала суполкі і пабачыла там шчаня, паспрабавала паказаць Ціхану, але ён адразу сказаў:«Гэта не кот». У выніку мы знайшлі свайго гадаванца, не мэйн-куна, але таксама прыгожага».

Вольга Восіпава праглядае альбом, дзе яна разам з Ціханам. Менск, Беларусь. 14 красавіка 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Хацеў стаць мастаком ці будаўніком

З маленства ў Ціхана засталося захапленне канструктарамі «Lego» і пазламі. Святлана Восіпава прыгадвае, як сын мог забыцца пра ўсё, калі сядаў майстраваць з канструктара. Бацькоў гэта радавала, бо дзіця было пры справе, развівалася. Цяпер жа Ціхан гуляе ў «Lego» з пляменнікамі. А Вольга дадае, што яго літаральна немагчыма выцягнуць з крамы, пакуль ён не пераглядзіць усіх навінак у продажы.

«Ціхан яшчэ не размаўляў добра, да трох гадоў яму было, а я набывала яму пазлы па 80 дэталяў. Ён сядаў і паводле інструкцыі складваў спачатку адну карцінку, пасля другую. Затым я іх разам перамешвала, а ён з памяці складваў кожную асобна. Мой тата быў у захапленні», – распавядае Святлана.

Святлана Восіпава, мама 25-гадовага інжынера БНТУ Ціхана Восіпава. Менск, Беларусь. 14 красавіка 2021 года.
Фота: АК / Белсат

З дзядулем жа ў 5 гадоў Ціхан прайшоў падручнік матэматыкі для першага класу. Падабалася яму маляваць, маці нават завяла ў мастацкую школу, але не скончыў яе. Хоць з садка марыў стаць мастаком ці будаўніком, у выніку сталення ўсё ж апошняму і аддаў перавагу. Былі ў ягоным маленстве і спартовыя гурткі, і секцыі, бадай, як усе дзеці, спрабаваў усё новае, шукаў сябе ў разнастайных занятках.

«Ён быў, як і ўсе дзеці: дзесьці шустры, дзесьці хваравіты. Быў камунікабельны, заўжды ішоў на кампраміс, за ўсё яго жыццё не ведаю ніводнага выпадку, каб ён з кімсьці пабіўся. Ён мне сам казаў, што не ўяўляе, як можна кагосьці ўдарыць: чалавека ці жывёлу – не мае значэння, нікога нельга біць. Характарам Ціхан стрыманы і ўраўнаважаны чалавек, ніколі не было такога, каб ён хоць голас павысіў пры канфлікце, заўжды спакойна і разважліва размаўляў», – зазначае Святлана.

У сям’і Ціхан малодшы, розніца з братам у яго 5,5 года. З дзяцінства хлопцы былі памочнікамі бацькам, таму, як падкрэслівае маці, Ціхан умее рабіць усё ў доме: ад мыцця вокнаў да прыбірання снегу, ніколі не адмаўляўся ад дапамогі бацьку ў гаражы з аўтамабілем, не баіцца ніякай працы.

«Я ганаруся сваім сынам, бо ён вырас сапраўдным мужчынам, мне за яго не сорамна ў любой сітуацыі», – дадае Святлана.

У жніўні жыццё змянілася

Пра тое, што здарылася ў жніўні, Вользе і Святлане згадваць складана, яшчэ цяжэй усвядоміць, што гэта насамрэч адбылося з іхным родным чалавекам.

«Жыццё змянілася, – сумна і сцісла зазначае Вольга Восіпава і стараецца не заглыбляцца ў падрабязнасці падзеяў ночы на 11 жніўня. – Калі не кранаць канкрэтна гісторыі з Ціханам, то першае, што прыходзіць у галаву, як у нас пад вокнамі ездзілі аўтазакі і бусы, а таксама тое, што выходзіла шмат людзей і адчувалася падтрымка».

Што здарылася з Ціханам Восіпавым?

У ноч на 11 жніўня Ціхан у сваім аўтамабілі, белым «BMW», разам з сябрамі апынуўся на скрыжаванні вуліцаў Прытыцкага і Глебкі. Дарожны рух быў практычна паралізаваны, гэта добра відаць на відэа, апублікаваным на Onliner.by. Затым між шэрагаў аўтаў пачынаюць хадзіць людзі ў зялёнай уніформе без апазнавальны знакаў са зброяй і закрытымі тварамі, выцягваць людзей з салонаў машынаў і збіваць дручкамі. Калі невядомыя наблізіліся да аўтамабіля Ціхана, ён рвануў з месца.

На яшчэ адным відэа бачна, як аўтамабіль хлопца на невялікай хуткасці, з аварыйнымі сігналамі набліжаецца да натоўпу людзей ва ўніформе без апазнавальных знакаў са шчытамі і зброяй, якія перакрываюць некалькі палосаў дарогі. Перад аўтамабілем яны разыходзяцца, даючы яму заехаць у цэнтр натоўпу, і затым кола змыкаецца. Што адбывалася ў той момант унутры, можна толькі здагадвацца, але на тым жа відэа выразна чуваць глухія ўдары, відавочна, па кузаве аўтамабіля.

Вольга Восіпава, жонка 25-гадовага інжынера БНТУ Ціхана Восіпава. 14 красавіка 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Ціхану ўдалося з’ехаць. Дадому ён вярнуўся ўжо без аўтамабіля. Хлопец заявіў у міліцыю, што транспартавы сродак у яго скралі. Белы «BMW» са слядамі ад куляў вельмі хутка знайшлі ў невялікай сажалцы ў парку Цівалі, непадалёк ад месца падзеяў. У міліцыі Ціхан прызнаўся ў ілжывым даносе пра крадзеж аўтамабіля. У выніку хлопца затрымалі і завезлі на Акрэсціна, дзе ён прабыў некалькі дзён. Пасля вызвалення пабыў удома некалькі гадзінаў, як за ім прыйшлі са Следчага камітэту і забралі па абвінавачванні ў крымінальнай справе, а менавіта – у замаху на жыццё супрацоўніка ўнутраных справаў. З 14 жніўня дадому хлопец больш не вяртаўся.

А Вольга кінулася шукаць сведкаў, якія б маглі пацвердзіць невінаватасць ейнага мужа:

«Першыя некалькі дзён я практычна не злазіла з тэлефона. Тэлефанавала незлічона людзей, не толькі сведкаў, якія бачылі, як і што адбывалася ў тую ноч, іх, дарэчы не так і шмат знайшлося, больш звярталіся тыя, хто хацеў падтрымаць, сказаць, што мы не адны, яны на нашым баку. Я тады была ў шоку ад тых гісторыяў, якія чула, якімі людзі дзяліліся, ім таксама трэба было выгаварыцца. Але жнівень прайшоў, падаецца, кожны дзень цягнецца, а цяпер глядзіш – і ўжо 9 месяцаў мінула».

Вольга Восіпава малюе на кожным канверце для Ціхана, друкуе малюнкі, якія ўкладвае ў канверты. Ціхан Восіпаў таксама малюе для Вольгі. Менск, Беларусь. 14 красавіка 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Святлана Восіпава кажа, што першыя месяцы была ў трызненні, і адзінае, што разумела, – сын ні ў чым не вінаваты: «Усе засталіся жывыя, пацярпелых фізічна няма. Дакладна ведаю, што Ціхан зрабіў усё магчымае для гэтага. А тое, што ён з’ехаў з таго страшнага месца, значыць, для ягонага жыцця існавала пагроза. Да таго ж у аўтамабілі былі іншыя людзі, за якіх ён таксама адказваў, што было б з імі – невядома».

Каханне праз краты

Да суда Ціхана Восіпава ўтрымлівалі ў СІЗА на Валадарскага. Уся камунікацыя і стасункі маладзёнаў цяпер змяшчаюцца ў скрыню з лістамі ў канвертах 1-га класу. Вольга прызнаецца, што за ўсё жыццё столькі не пісала нікому, як цяпер. Штодня яна дасылае мужу лісты, праз якія яны нават развязваюць побытавыя пытанні. Дасылае Вольга і паштоўкі ўласнага вырабу, а Ціхан у адказ распісвае кожны канверт забаўнымі выявамі жывёлінаў, пяшчотнымі малюнкамі пра каханне ці кветкамі.

«Неяк я даслала Ціхану карцінку паветранага шара, і ён пасля распавядаў, што ягоныя суседзі жартавалі, маўляў, Васілевічу таксама даслалі такі ж паветраны шар, нейкая Ганна. Ну, гэта ж выявы са звычайнага ўроку на YouTube. Але там пачалі жартаваць: «Відаць, твая жонка яму дасылае нейкія паштоўкі, – смяецца Вольга і дадае: – Я яму сказала: «Не, Ціхане, толькі табе». Вядома, дасылаю я і іншым, але ў Жодзіна, думаю, пра гэта ён і не даведаецца».

Праз ліставанне ж Ціхан назірае за тым, як расце ягоны гадаванец. А таксама дапамагае Вользе выбіраць тэхніку.

«Я заўжды яму пішу, калі мне трэба нешта вырашыць. Вядома, што на гэта траціцца шмат часу, у найлепшым выпадку паўмесяца. Вось выбірала я сабе тэлефон, у старым не хапала памяці, запытала ягонага меркавання, бо звычайна ён мне выбіраў. Ціхан папрасіў даслаць яму характарыстыкі тэлефонаў, і яны ўсёй камерай абмяркоўвалі, які ж з іх мне будзе лепей пасаваць. У выніку я атрымала ліст на некалькі старонак, з меркаваннямі ледзьве не кожнага ягонага сукамерніка пра той ці іншы тэлефон і парады, што яшчэ паглядзець. Такім чынам новы я сабе набыла праз месяцы два. Але трэба даваць магчымасць нешта вырашаць, ягонае меркаванне для мяне важнае», – зазначае дзяўчына.

На фота – Вольга і Ціхан Восіпавы на вяселлі сяброў. Менск, Беларусь. 14 красавіка 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Ціхану ж удаецца з-за кратаў рабіць прыемныя нечаканасці сваёй каханай. На 8-мігоддзе іхных стасункаў ён замовіў Вользе букет, які разам з віншаваннем ад яго даставіла кур’ерская служба. Вольга ж стараецца адгукнуцца на кожную ягоную просьбу, задаволіць нават самую, падавалася б, незвычайную і дзіцячую:

«Ён мне неяк напісаў, маўляў, ты там моцна не шукай, але мы тут глядзелі фільм «Жалезны чалавек», і я вось хачу гадзіннік, як у яго ў трэцяй часты. Я загугліла, а там гадзіннік з выяваю Дашы-падарожніцы. Пачала шукаць яму такі, бо няшмат у яго цяпер радасцяў у жыцці: раблю што магу. Знайшла дзіцячы гадзіннік з Дашаю-падарожніцай, але механічны. Ціхан жа прасіў, каб быў электронны і з будзільнікам. Нічога і блізка такога не атрымоўвалася адшукаць. Але ў наступным лісце ён задачу значна палегчыў, сказаў, што можна таксама яркага жоўтага колеру ці з леапардам. У выніку набыла жоўтыя, як ён хацеў, і ў дадатак такія ж яркія шкарпэткі».

Падчас кароткіх спатканняў у СІЗА Ціхан і Вольга намагаліся паспець абмеркаваць як мага болей актуальных справаў. Дзяўчына жартуе, што праз 8 гадоў спатканні ўжо не тыя: у пакоі з кабінкамі праз падвойныя шыбы і краты пад наглядам ды абмежаваным спісам тэмаў для размоваў: «У такіх умовах хочацца хоць неяк праявіць свае пачуцці, падтрымаць, паказаць, што ты не адзін, я побач. Таму я раблю яму кексы, на якіх малюю сэрцайкі, з шакаладам. Добра, што іх прымаюць. Бадай, гэта адзіны спосаб падтрымліваць стасункі».

Двойчы праводзілі суд

19 траўня ў Менскім гарадскім судзе Ціхана Восіпава прыгаварылі да 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, прызнаўшы яго вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 14 і 362 «Замах на жыццё супрацоўніка органу ўнутраных справаў», ч. 2 арт. 293 «Удзел у масавых закалотах», ч. 1 арт. 400 «Заведама ілжывы данос». Сваёй віны хлопец не адмаўляў толькі ў адным артыкуле, датычным ілжывага даносу, з іншымі быў катэгарычна не згодны.

25-гадовы інжынер БНТУ Ціхан Восіпаў у зале суда. 27 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Першае судовае паседжанне пачалося яшчэ 12 красавіка. Па чарзе заслухалі пацярпелых, а гэта пяцёра вайскоўцаў-кантрактнікаў часткі 5524, затым сведкаў з боку абароны, азнаёміліся з доказамі абодвух бакоў справы. Экспертызы наўпрост даказвалі, што аўтамабіль, які за лічаныя секунды можа разганяцца да 100 кіламетраў за гадзіну, у момант здарэння рухаўся на хуткасці 17 кіламетраў за гадзіну. Не было выяўлена сур’ёзных цялесных пашкоджанняў ці траўмаў у пацярпелых, яны ж адмаўлялі, што 25-гадовы хлопец меў намер замаху на іхныя жыцці. Засталося невядомым, адкуль на кузаве аўтамабіля з’явіліся сляды ад куляў і хто разбіў люстэрка ды шыбу, бо, паводле вайскоўцаў, зброю яны не ўжывалі. У выніку пракурор запатрабаваў для Ціхана Восіпава 12 гадоў калоніі.

Чакалі, што 27 красавіка агучаць вырак, але замест гэтага суддзя Дзмітрый Цыкала адправіў справу на паўторны разгляд: на дадатковае апытанне пацярпелых і сведкаў. Блізкія Ціхана не разумелі прычыны. 28 красавіка паседжанне не аднавілася, афіцына – праз хваробу суддзі. Разгляд крымінальнай справы пачаўся толькі 5 траўня з новым суддзёю Пятром Арловым. Нанова былі апытаныя пацярпелыя і сведкі абвінавачванага, разгледжаныя пісьмовыя матэрыялы справы. У цэлым ніякіх кардынальна новых паказанняў ці доказаў віны хлопца ў справе не з’явілася. Пракурор папрасіў тыя ж 12 гадоў зняволення.

Сям’я збіраецца абскарджваць прысуд.

Артыкулы
«У думках яна цалуе мяне перад сном». Як мама дырэктаркі «Прэс-клубу» Юліі Слуцкай чакае дачку на волі
2021.05.27 08:25

МД Belsat.eu

Стужка навінаў