Вынікі пошуку для:

Маці Пратасевіча: «Я малю, я заклікаю: выратуйце майго сына!»

Стваральнік забароненага ў Беларусі тэлеграм-каналу Сцяпан Пуціла і бацькі затрыманага журналіста Рамана Пратасевіча далі 27 траўня прэс-канферэнцыю ў Варшаве.

Частку прэс-канферэнцыі транслявалі ў жывым эфіры.

Наталля Пратасевіч, маці Рамана Пратасевіча, звярнулася да міжнароднай супольнасці з просьбаю дапамагчы: «Я малю, я заклікаю: выратуйце майго сына!»

Яна падкрэсліла, што Рамана пераследуюць за праўду, якую ён распавядаў як журналіст і блогер:

«Ён не заклікаў да масавых беспарадкаў, ён не заклікаў да гвалту, да ваенных дзеянняў. Ён проста распавядаў пра тое, што адбывалася і адбываецца ў Беларусі», – казала Наталля Пратасевіч.

Раманава маці ўпэўненая, што ў турме супраць ейнага сына ўжываюць гвалт, пра што сведчыць відэа, апублікаванае сілавікамі.

Маці Рамана Пратасевіча: Выглядае, што яму паламалі нос і выбілі зубы

Сцяпан Пуціла, заснавальнік забароненага ў Беларусі тэлеграм-каналу, рэдактара якога раней затрымалі, на прэс-канферэнцыі назваў захоп самалёта «Ryanair» актам міжнароднага тэрарызму.

Ён падкрэсліў, што гэта была спланаваная аперацыя спецслужбаў Беларусі дзеля арышт Пратасевіча, «аднаго з галоўных асабістых ворагаў Лукашэнкі».

«Вельмі імаверна, што цяпер супраць Рамана выкарыстоўваюць катаванні», – кажа Сцяпан Пуціла.

Пуціла дадаў, што беларускі КДБ «выкарыстоўвае самыя забароненыя метады для ўплыву на затрыманых, нават хімічныя сродкі». Ён лічыць арышт Рамана помстаю за ягоную працу ў тэлеграм-канале «Nexta», які адыграў важную ролю ў пратэстах у Беларусі ў 2020 годзе.

«Мы – адныя з галоўных ворагаў Лукашэнкі», – заявіў Пуціла.

Да таго ж журналіст адзначыў, што ён і ягоная каманда рэгулярна атрымліваюць шмат пагрозаў. Ён просіць дапамогі і аховы. Блогер таксама заклікае да эканамічнага ціску на рэжым Лукашэнкі, бо адно гэта можа таго спыніць. Пуціла заявіў, што рэжым Лукашэнкі «разумее толькі мову моцы».

Адвакатка Пратасевіча падала скаргу ў Генпракуратуру: патрабуе медычнага агляду

23 траўня самалёт «Ryanair», які ляцеў з Афінаў у Вільню, зрабіў вымушаную пасадку ў Менску праз інфармацыю пра мініраванне, якую экіпаж атрымаў ад беларускіх дыспетчараў. У Менску затрымалі прынамсі дваіх пасажыраў: блогера Рамана Пратасевіча і ягоную сяброўку Сафію Сапегу. Астатніх пасажыраў адпусцілі пад вечар. Генеральны дырэктар «Ryanair» назваў перанакіраванне самалёта ў Менск дзяржаўным пірацтвам, прэм’ер-міністр Польшчы – дзяржаўным тэрарызмам. Нямеччына асудзіла ў тым ліку відэа з прызнаннем палоннага Пратасевіча.

ІІ belsat.eu

Hавiны