Літва забараніла беларускім авіякампаніям уваход у сваю паветраную прастору

Чалавек са сцягам Літвы. Фота: ГР / Белсат

Забарона на права ўваходу ў паветраную прастору краіны для беларускіх авіякампаніяў, а таксама для ўсіх авіяперавознікаў, ліцэнзія якім выдадзена Менскам, уступіла 27 траўня ў моц у Літве. Рашэнне пра гэта напярэдадні прыняў урад, піша ТАСС.

Як адзначыў міністр камунікацыяў і транспарту Літвы Марус Скуодзіс, на саміце Еўразвязу ў Бруселі кіраўнікі краін – чальцоў супольнасці і кіраўніцтва ЕЗ вырашылі, што еўрапейскую паветраную прастору неабходна закрыць для беларускіх авіякампаніяў. Вільня, паводле кіраўніка ведамства, без адкладаў рэалізавала гэта на справе. Рашэнне ўступіла ў моц 27 траўня а 03:00.

Літва таксама звярнулася да Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі з просьбай абвясціць паветраную прастору Беларусі небяспечнай. А сама Вільня забараніла прыём у літоўскіх аэрапортах і вылет з іх самалётаў, якія па маршруце руху перасякаюць паветраную прастору Беларусі.

Польшча закрыла паветраную прастору для беларускіх перавознікаў

Нагадаем, што Рада міністраў Польшчы вечарам 26 траўня прыняла забарону на выкарыстанне паветранай прасторы для авіяперавознікаў з Беларусі.

Рашэнне Саміту Еўразвязу аб забароне беларускім авіякампаніям палётаў у Еўразвяз не ўхваленае канчаткова – яго яшчэ маюць зацвердзіць міністры краінаў альянсу. Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі склікае 27 траўня тэрміновае паседжанне праз сітуацыю ў Беларусі.

МГ belsat.eu

Hавiны