Кіраўнікі МЗС G7 будуць дамагацца прыцягнення ўладаў Беларусі да адказнасці за захоп самалёта


G7.
Фота: BTC-Echo

У супольнай заяве міністраў замежных справаў Канады, Францыі, Нямеччыны, Італіі, Японіі, Вялікай Брытаніі, ЗША і вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ пра сітуацыю ў Беларусі дыпламаты сцвярджаюць, што дзеянні ўладаў Беларусі мусяць быць пакараныя.

«Мы, міністры замежных справаў «Вялікай сямёркі», Канады, Францыі, Нямеччыны, Італіі, Японіі, Злучанага Каралеўства і Злучаных Штатаў Амерыкі, а таксама вярхоўны прадстаўнік Еўрапейскага Звязу, рашуча асуджаем беспрэцэдэнтныя дзеянні ўладаў Беларусі: арышт незалежнага журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай спадарожніцы Сафіі Сапегі пасля вымушанага спынення палёту FR4978, які прызямліўся ў Менску 23 траўня.

Гэтае дзеянне паставіла пад пагрозу бяспеку пасажыраў і экіпаж рэйсу. Гэта таксама быў сур’ёзны замах на правілы, якія рэгулююць грамадзянскую авіяцыю. Усе нашыя краіны і нашыя грамадзяне залежаць ад таго, каб кожная дзяржава адказна дзеяла пры выкананні сваіх абавязкаў паводле Чыкагскай канвенцыі, каб грамадзянскія самалёты маглі бяспечна перамяшчацца.

Мы заклікаем Міжнародную арганізацыю грамадзянскай авіяцыі тэрмінова развязаць гэтую праблему паводле сваіх правілаў і стандартаў.

Гэтая акцыя таксама ўяўляе сабою сурʼёзную атаку на свабоду медыяў. Мы патрабуем неадкладнага і безумоўнага вызвалення Рамана Пратасевіча, а таксама ўсіх іншых журналістаў і палітычных вязняў, якія ўтрымліваюцца ў Беларусі.Мы будзем узмацняць нашыя намаганні, у тым ліку шляхам прыняцця дадатковых санкцыяў, дзеля павышэння адказнасці за дзеянні ўладаў Беларусі».

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў